У Гродне п'янага кіроўцу затрымлівалі са стралянінай ВІДЭА
У нядзелю ў 8 гадзін раніцы на вуліцы Горкага ў Гродне супрацоўнікі ДАІ заўважылі, як ад забаўляльнай установы ад'язджае аўтамабіль Аudi А6, і вырашылі праверыць фізічны стан яго кіроўцы. Скончылася ўсё галівудскай пагоняй, бо кіроўца не спыніўся.
Да затрымання далучылася яшчэ два экіпажы ДАІ. Паводле інспекцыі, кіроўца «выязджаў на паласу сустрэчнага руху, праязджаў на чырвоны сігнал святлафора і перасякаў падвойную лінію разметкі». Супрацоўнікі ДАІ вырашылі страляць па колах. У выніку інспектары ДАІ заблакавалі службовымі аўтамабілямі машыну парушальніка.
Затрыманы — 32-гадовы гродзенец. Медыцынскі агляд паказаў 1,48 праміле алкаголю ў яго арганізме. Мужчына, выявілася, з 2010 года двойчы затрымліваўся за нецвярозую язду і 5 разоў за «бяспраўную».
Аўтамабіль дастаўлены на штрафстаянку, а кіроўца — у ізалятар часовага ўтрымання да рашэння суда.





