Здымак ілюстрацыйны. Фота: Nath Bunyapisitsopar / vecteezy.com

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Nath Bunyapisitsopar / vecteezy.com

Па інфармацыі партала Space.com, незвычайны выгляд натуральны спадарожнік Зямлі набудзе ў ноч на сераду, 30 жніўня. Як растлумачылі спецыялісты, гэтая поўня акажацца адметнай адразу з некалькіх прычын.

Па-першае, 30 жніўня будзе не проста поўня, а так званы Блакітны Месяц. Але, нягледзячы на такую назву, спадарожнік Зямлі не будзе афарбаваны ў сіні або блакітны колер. Такая назва абумоўленая не зменай колеру Месяца, а рэдкасцю самой астранамічнай з'явы.

Астраномы называюць блакітнай кожную трэцюю поўню з чатырох у адным астранамічным сезоне альбо другую поўню ў каляндарным месяцы. Такім чынам, гэта не нейкая асаблівая астранамічная з'ява, а ў большай ступені вынік неадпаведнасці каляндарнага года месяцоваму.

Статыстычна Блакітны Месяц — не такая ўжо і рэдкая астранамічная з'ява. Яна здараецца кожныя два-тры гады. Мінулы Блакітны Месяц можна было назіраць у жніўні 2021 года, а наступнага прыйдзецца чакаць да жніўня 2024-га.

Другой характэрнай асаблівасцю такой поўні будзе тое, што яна супадзе з перыгеем — пунктам арбіты, калі спадарожнік набліжаецца да Зямлі на максімальна блізкую адлегласць.

Такім чынам, Блакітны Месяц будзе яшчэ і суперпоўняй, і для назіральнікаў з Зямлі ён будзе здавацца прыкладна на 7% большым і ярчэйшым за звычайны.

Па-трэцяе, астраномы папярэдзілі, што да будучага Блакітнага Месяца таксама далучыцца яркі кальцавы газавы гігант Сатурн. У краінах Паўночнага паўшар'я, да якіх адносіцца і Беларусь, убачыць гэтую планету можна будзе, арыентуючыся на зорным небе на сузор'е Вадалея — крыху вышэй і правей Месяца.

Незвычайную яркасць Сатурну на зорным небе нададуць адбітыя сонечныя прамяні — 30 жніўня планета будзе размяшчацца проста насупраць Сонца.

Такім чынам, калі ўмовы надвор'я будуць спрыяльнымі, у беларусаў з'явіцца выдатная магчымасць не толькі паназіраць за незвычайна яркімі касмічнымі аб'ектамі, але і зрабіць прыгожыя фота.

Чытайце таксама:

У жніўні жыхары Зямлі пабачаць дзве суперпоўні. Першая — ужо заўтра

«Калі гэта не самая прыгожая з'ява на свеце, то што тады яшчэ прыгажэй?» ФОТЫ паўночнага ззяння апублікаваў і сапраўдны майстар фотаў зорнага неба 

Збіты NASA з арбіты астэроід пачаў крышыцца на часткі. Але гэта было вельмі дарагое задавальненне

Клас
20
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
0