Перагледжаныя некаторыя паказчыкі стану здароўя да вайсковай службы
Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя сумеснай пастановай №1/10 ад 18 студзеня абнавілі інструкцыю аб вызначэнні патрабаванняў да стану здароўя грамадзян, звязаных з вайсковым абавязкам. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу пасля апублікавання, звярнуў увагу Reform.by.
Цяпер непрыдатнымі да ваеннай службы ў сілах спецыяльных аперацый прызнаюцца грамадзяне з масай цела больш за 100 кг. Раней непрыдатнымі прызнаваліся грамадзяне з масай цела больш за 90 кг.
Прыдатнымі да вайсковай службы з нязначнымі абмежаваннямі цяпер таксама будуць прызнавацца людзі з атлусценнем II ступені з індэксам масы цела больш 37 кг/м2.
Такая ж катэгорыя прыдатнасці будзе прысвойвацца тым, у каго дыягнаставаныя:
— блізарукасць любога вока ў адным з мерыдыянаў больш за 6,0 дптр і да 8,0 дптр,
— артэрыяльная гіпертэнзія I або II ступені без паражэння органаў-мішэняў або АКС,
— гемарой без выпадзення вузлоў,
— бранхіяльная астма пры адсутнасці прыступаў больш за 5 гадоў,
— некаторыя ступені плоскаступнёвасці.
Раней такія грамадзяне прызнаваліся непрыдатнымі да ваеннай службы ў мірны час, абмежавана прыдатнымі да ваеннай службы ў ваенны час. Акрамя таго, удакладненыя паказчыкі прыдатнасці для іншых захворванняў.
У новай рэдакцыі зацверджаныя паказчыкі прызначэння пры праходжанні ваеннай службы, у тым ліку па кантракце і пры паступленні ў ваенныя навучальныя ўстановы.





