Пётр Краўчанка

Узначальваў ведамства з 1990 па 1994.

У часы савецкай перабудовы Краўчанка быў сакратаром Мінскага гаркама па ідэалогіі і ўспрымаўся як камуніст з нацыянальнай пазіцыяй.

Па прыняцці Вярхоўным Саветам Дэкларацыі аб незалежнасці (27 ліпеня 1990 года) яго зацвердзілі міністрам замежных спраў БССР. У 1991-м Краўчанка стаў кіраўніком міністэрства незалежнай Беларусі.

Ён заяўляў, што быў сааўтарам Белавежскага пагаднення аб спыненні існавання Савецкага Саюза (напісаў прэамбулу) і ганарыцца гэтым.

Краўчанка займаўся пошукам крыжа святой Ефрасінні Полацкай, спрабаваў правесці Беларусь у Раду Бяспекі ААН. Наладжваў сувязі з беларускай дыяспарай.

Пётр Краўчанка

Пётр Краўчанка

Кар’ера міністра замежных спраў скончылася з перамогай Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года. Урад Вячаслава Кебіча, які быў канкурэнтам Лукашэнкі, пайшоў у адстаўку.

У 1995 годзе Краўчанка стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета 13 склікання, у якім узначальваў камісію па міжнародных справах.

Выступаў супраць рэферэндуму 1996-га, падтрымаў спробу імпічменту супраць Лукашэнкі.

Але ў 1998-м паехаў паслом у Японію. Паводле слоў Краўчанкі, яго 10 месяцаў угаворвалі пагадзіцца на гэту пасаду.

19 лістапада 2002-га Лукашэнка звольніў Краўчанку, але на радзіму той вярнуўся толькі ў сярэдзіне снежня. У выніку дыпламата абвінавачвалі ў тым, што ён знёс грошы, афіцыйныя дакументы і пячатку дыпламатычнай місіі.

У далейшым Краўчанка пазбягаў дзяржаўных пасадаў. У 2000-х заяўляў аб намерах удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах.

У абсалютную апалу Лукашэнкі ён не трапіў. Бываў у яго на прыёмах.

Краўчанка стаў ці не першым з набліжаных да Лукашэнкі чыноўнікаў, які на ўрачыстасці прыходзіў у вышыванцы.

Да 2010 года працаваў у Расіі і адначасова выкладаў у Беларускім інстытуце правазнаўства. Быў прафесарам міжнароднага публічнага права. У 2014 годзе Краўчанка ўзначальваў аргкамітэт па кананізацыі Францыска Скарыны.

На пахаванні міністра замежных спраў Уладзіміра Макея яго не было відаць. Пра Макея Краўчанка казаў, што менавіта дзякуючы яму той прыйшоў на дыпламатычную службу з контрразведкі. Называў Макея сваім вучнем.

Краўчанка вядомы не толькі як дыпламат, але і як збіральнік гістарычных рэліквій.

Час ад часу ён паказваў іх публіцы. Летась з'явілася інфармацыя, што Краўчанка распрадае экспанаты сваёй калекцыі.

Цяпер яму 73 гады. 

Уладзімір Сянько

Міністрам замежных спраў быў з 1994 па 1997.

Выпускнік Маскоўскага інстытута міжнародных адносінаў і дыпламатычнай акадэміі Міністэрства замежных спраў СССР. Працаваў у апараце савецкага МЗС.

У незалежнай Беларусі быў намеснікам у Пятра Краўчанкі, затым паслом у шэрагу еўрапейскіх краін. У сістэме МЗС адпрацаваў больш за 20 гадоў.

Уладзімір Сянько. Фота: hvali.by

Уладзімір Сянько. Фота: hvali.by

Як сведчыць былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык, да 1994 года Сянько камунікаваў з апазіцыяй у тагачасным парламенце. Улічваў яе меркаванні.

«У пачатку 1995-га ён ужо працаваў на ідэю інтэграцыі Беларусі і Расеі — магчыма, і без асаблівай ахвоты», — згадваў Навумчык у кнізе «Дзевяноста пяты».

Лукашэнка прызначыў Сянько кіраўніком МЗС неўзабаве пасля сваёй перамогі на прэзідэнцкіх выбарах (24 ліпеня 1994 года). Найбольш заўважным поспехам знешнепалітычнага ведамства таго часу быў візіт Лукашэнкі ў Францыю.

Пасля рэферэндуму 1996 года еўрапейскі напрамак адышоў на другі план. Лукашэнка таго часу аддаваў перавагу Расіі, бо разлічваў там стаць прэзідэнтам.

Па адстаўцы ўраду Міхаіла Чыгіра (лістапад, 1996) Сянько яшчэ два месяцы, да студзені 1997 года, заставаўся міністрам.

Затым узначальваў дыпламатычную місію ў Францыі. Быў пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Еўрасаюзе і НАТА.

У 2010 годзе Сянько абвінавачваў Еўрасаюз у экстрэмізме, а таксама ў невыкананні абавязальніцтваў і палітыцы падвоеных стандартаў. Праблемы з правамі чалавека ў Беларусі ён апраўдваў «нацыянальнымі рысамі і асаблівасцямі краіны», якія не замінаюць патрабаваць «роўнага дыялогу».

З дыпламатычнай службы Сянько адправілі ў Савет Рэспублікі, дзе ён узначальваў камісію па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы.

У 2019 годзе Сянько назвалі суаўтарам інтэграцыйных праектаў у беларуска-расійскіх адносінах.

Сам ён заяўляў пасля адной з нарадаў у Лукашэнкі, што «альтэрнатывы глыбокай інтэграцыі з Расіяй як у палітычнай, так і эканамічнай сферы не існуе».

Цяпер Уладзіміру Сянько 77 гадоў. Апошнія гады пра яго не чуваць.

Іван Антановіч

Кіраваў міністэрствам з 1997 па 1998. Быў грамадзянінам Расіі.

Іван Антановіч

Іван Антановіч

Нядоўгае знаходжанне на міністэрскай пасадзе Антановіча было адметнае дыпламатычным скандалам.

Лукашэнка загадаў замежным паслам вызваліць рэзідэнцыі ў Драздах (цяпер гэта элітны катэджны пасёлак для набліжаных да Лукашэнкі чыноўнікаў).

У адказ ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Германія, Грэцыя, Італія, Польшча і Японія адклікалі сваіх паслоў з Мінска ў знак пратэсту супраць парушэння Венскай канвенцыі. 

Ахвярным казлом быў выстаўлены Антановіч, якога Лукашэнка выправадзіў у адстаўку.

Далейшы лёс былога міністра быў звязаны з Расіяй, дзе ён займаўся навуковай і педагагічнай працай.

У 2016 годзе Антановіч стаў заслужаным дзеячам навукі Расіі.

Ён заяўляў тое, што пазней падхапіла лукашэнкаўская прапаганда: «беларуская дзяржаўнасць — савецкі праект», асновы якога былі закладзеныя ў СССР.

Час ад часу Антоновіч прыязджае ў Беларусь прэзентаваць свае кнігі, прысвечаныя беларускай тэматыцы.

На адной з апошніх прэзентацый прызнаўся, што ў свой час зарабляў грошы, ачарняючы ЗША.

Івану Антановічу цяпер 86 гадоў.

Урал Латыпаў

Міністрам замежных спраў быў з 1998 па 2000.

Латыпаў — выхадзец з КДБ. Мае званне палкоўніка ў запасе. Да прызначэння кіраўніком знешнепалітычнага ведамства быў памочнікам у Лукашэнкі.

Урал Латыпаў. Фота: udf.name

Урал Латыпаў. Фота: udf.name

Латыпаў меўся разгрэбці наробленае яго папярэднікам Антановічам. Задача выглядала проста: улагодзіць канфлікт з краінамі, паслы якіх пакінулі Беларусь, і спыніць тым самым ізаляцыю.

Былы чэкіст у 1999 годзе па даручэнні Лукашэнкі распрацаваў спецыяльную праграму па нармалізацыі адносінаў з Захадам.

Ён гаварыў, што праблемы будуць вырашацца не чыёйсьці перамогаю, а ўзаемавыгаднымі дамоўленасцямі.

Пры ім на міністэрства замежных спраў усклалі абавязак прасоўваць за мяжой беларускую прадукцыю.

Паводле слоў самога Латыпава, ведамства стала знешнеэканамічным штабам краіны. У далейшым да крытэраў эфектыўнасці міністэрства дадалася здольнасць дыпламатаў прадаць «трактары».

Па адстаўцы Латыпава Лукашэнка прызначыў яго кіраўніком сваёй адміністрацыі.

На новай пасадзе ён меўся палепшыць імідж рэжыму, на якім ляжала кляймо выкрадання апанентаў.

У 2004 годзе Латыпаў пайшоў з дзяржаўнай службы. Працаваў у беларускай даччынай кампаніі «Лукойла», узначальваў назіральную раду «ЛЛК-Нафтан». Затым у Расіі стаў кіраўніком кампаніі «Дырэкт Менеджмент». Пазней увайшоў у назіральную раду беларускага «Альфа-Банка».

Цяпер Латыпаву 72 гады.

Міхаіл Хвастоў

Міністэрствам кіраваў з 2000 па 2003.

Адзін з нямногіх дзяржаўных службоўцаў ранняга лукашызму, які атрымаў адукацыю ў Беларусі і чыя карʼера звязаная толькі з ёй.

Дыпламатычную службу пачаў у 1982 годзе ў міністэрстве замежных спраў БССР. У незалежнай Беларусі быў першым сакратаром пастаяннага прадстаўніка пры ААН. Ён, як і Макей, быў вучнем Пятра Краўчанкі. Міністэрскую пасаду атрымаў пасля чатырох месяцаў працы памочнікам у Лукашэнкі.

Міхаіл Хвастоў. Фота: news.un.org

Міхаіл Хвастоў. Фота: news.un.org

Знешнепалітычнае ведамства пад кіраўніцтвам Хвастова нічым адметным не адзначылася.

Пасля адстаўкі Хвастоў заставаўся на дыпламатычнай службе. Ён быў паслом у ЗША.

Адтуль яго адклікалі для кансультацыяў, калі былі накладзеныя санкцыі на канцэрн «Белнафтахім». Тады афіцыйны Мінск запатрабаваў пакінуць краіну пасла ЗША Карэн Сцюарт.

Затым Хвастоў быў пастаянным прадстаўніком пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях.

У 2013 годзе ад імя афіцыйнага Мінска ён выказаўся супраць прызначэння для Беларусі спецдакладчыка Рады ААН па правах чалавека і абурыўся яго дакладам.

«Мы адхіляем усе абвінавачанні, якія ўтрымліваюцца ў дакладзе, і заяўляем, што высновы даклада для нас непрымальныя», — заяўляў ён і дадаваў, што «Беларусь — дэмакратычная краіна. Мы не павінны здаваць нікому экзамен на дэмакратычнасць».

У 2015 годзе Хвастоў быў адпраўлены ў адстаўку.

Апошні раз Хвастоў зʼяўляўся на публіцы ў 2018 годзе на ўрачыстасці ўзняцця сцяга Міністэрства замежных спраў.

Цяпер Хвастову 74 гады.

Сяргей Мартынаў

Міністрам замежных спраў быў з 2003 па 2012.

Мартынаў — выпускнік Маскоўскага інстытута міжнародных адносін. Карʼеру дыпламата пачаў у савецкай Беларусі ў 1975 годзе. У незалежнай Беларусі быў паслом у ЗША.

Першыя гады суверэнітэту былі росквітам беларуска-амерыканскіх адносін. У 1994 годзе Беларусь наведаў прэзідэнт ЗША Біл Клінтан.

Сяргей Мартынаў. Фота: скрын відэа тэлеканала «Беларусь 1»

Сяргей Мартынаў. Фота: скрын відэа тэлеканала «Беларусь 1»

Пры Лукашэнку Мартынаў чатыры гады займаў пасаду першага намесніка міністра замежных спраў.

Калі стаў міністрам, быў абвешчаны курс на шматвектарнасць.

У той час адносіны з Расіяй пагоршыліся. Лукашэнка зразумеў, што ў Расіі прэзідэнцтва яму не свеціць.

Пасля працяглага перапынку МЗС арганізавала для Лукашэнкі замежны візіт за акіян — у Венесуэлу.

Пачалося сяброўства з Уга Чавесам. Тады ж намагаліся наладзіць адносіны з краінамі Захаду. Заяўлялася пра «лібералізацыю».

Дасягненні Мартынава абрынуў гвалт на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 года.

Міністр прасіў Лукашэнку даць яму адстаўку, але той марудзіў і пагадзіўся толькі праз два гады. Фармальна яго звольнілі ў сувязі з пераходам на іншую працу. Мартынаў настойвае, што быў звольнены па сваёй ініцыятыве.

Па адстаўцы Мартынаў стаў кіраўніком прадстаўніцтва «Руснафты» ў Беларусі. У 2020 годзе ён быў спецпрадстаўніком гэтай жа кампаніі.

Цяпер Сяргею Мартынаву 70 гадоў.

Уладзімір Макей

Узначальваў знешнепалітычнае ведамства найдаўжэй за іншых калег: з 2012 па 2022.

Макей належаў да ліберальнага крыла лукашэнкаўцаў і быў ці не адзіным у цяперашняй яе вярхушцы, хто час ад часу гаварыў па-беларуску.

Лукашэнка прызначыў Макея міністрам са спадзевам, што той нармалізуе адносіны з Захадам. Ён восем гадоў быў у яго памочнікам і чатыры гады ўзначальваў Адміністрацыю.

«Па маім даручэнні ён сустракаўся з многімі кіраўнікамі як на Усходзе, так і Захадзе, спрабуючы нармалізаваць у асабліва цяжкія перыяды нашы адносіны, асабліва на Захадзе. Гэта яму ўдавалася», — казаў Лукашэнка.

Уладзімір Макей

Уладзімір Макей

На той момант Макей знаходзіўся ў чорным спісе Еўрасаюза за рэпрэсіі ў Беларусі.

Эксперты сумняваліся, што новаму міністру ўдасца вывесці Беларусь з ізаляцыі, але ў 2014 годзе выбухнула вайна ва Украіне.

Расія акупавала Крым і развязала ўзброены канфлікт на Данбасе. Афіцыйны Мінск прапанаваў пасярэдніцтва ва ўрэгуляванні сітуацыі. У сталіцу Беларусі на перамовы сабраліся кіраўнікі Францыі, Германіі, Украіны і Расіі.

Макей у 2016 годзе заявіў, што Беларусь і ЗША гатовы да поўнай нармалізацыі адносінаў, а на пачатку 2020-га Беларусь рыхтавалася прызначыць пасла ў ЗША.

Да палітычнага крызісу 2020 года Макей запэўніваў, што Беларусь настроена на шматвектарнасць знешняй палітыкі.

У 2014 годзе, гаворачы пра расійскую інтэрвенцыю ва Украіну, заклікаў дамаўляцца. На імпрэзах зʼяўляўся ў вышыванцы.

Рыторыка і паводзіны Макея мяняліся разам з генеральнай лініяй Лукашэнкі.

У 2021-м заявіў, што імкненне Беларусі да нейтралітэту не адпавядае бягучай сітуацыі. Прапанаваў сканцэнтраваць на расійскім напрамку палову знешняга гандлю, а астатняе падзяліць паміж Еўрасаюзам і краінамі трэцяга свету.

16 лютага 2022 года, падчас сумесных расійска-беларускіх вучэнняў «Саюзная рашучасць — 2022», Макей абяцаў, што расійскія вайскоўцы зʼедуць. Праз 8 дзён адбылося поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну.

26 лістапада 2022 года Макей раптоўна памёр.

Сяргей Алейнік

Міністрам замежных спраў быў прызначаны 13 снежня 2022 года.

Ён быў першым намеснікам у Макея. Калегі характарызавалі Алейніка рэспектабельным, не адыёзным службоўцам без негатыўнага шлейфу.

Сяргей Алейнік. Фота: belta.by

Сяргей Алейнік. Фота: belta.by

Алейнік вымушаны абяляць рэжым Лукашэнкі.

Ён называе поўным абсурдам абвінавачанні Беларусі ў дапамозе расійскай агрэсіі супраць Украіны. Падтаквае Расіі, што нібы супраць Беларусі вядзецца гібрыдная вайна.

МЗС пры кіраўніцтве Алейніка арганізуе візіты Лукашэнкі ў экзатычныя краіны Афрыкі, кіраўніцтва якіх афіцыйны Мінск запэўнівае, што гатовы забяспечыць усім неабходным. Там адкрываюцца беларускія пасольствы. Пры гэтым у краінах Захаду ў пасольствах скарачаецца штат.

Паспяховымі для працы знешнепалітычнага ведамства можна назваць візіты Лукашэнкі ў Кітай.

Лукашэнка спрабуе хоць неяк палепшыць адносіны з Захадам. Міністру замежных спраў Венгрыі Петэру Сіярта ў прысутнасці Алейніка кажа, што ён прыхільнік Еўрасаюза. На справе ж відаць адваротнае.

«Умовы, у якіх працуюць беларускія дыпламаты, не залежаць ад пасады кіраўніка Міністэрства замежных спраў, — даводзіць былы супрацоўнік беларускага МЗС Павел Слюнькін. — Яны вымушаны падтрымліваць градус негатыўных адносін з заходнімі краінамі, жыць ва ўмовах санкцый».

Паводле яго слоў, дыпламаты вымушаны ізаляваць Беларусь, прадаючы суверэнітэт Беларусі ў Маскву. Такія ўмовы задаюцца Лукашэнкам.

Глядзіце таксама:

Усе міністры замежных спраў незалежнай Беларусі сабраліся разам ФОТА

Як складаліся лёсы былых кіраўнікоў Адміністрацыі Лукашэнкі

Большасць беларускіх топ-чыноўнікаў пасля адстаўкі працуюць у Расіі або на расійскія кампаніі

Тут вучыліся Патрушаў і Тозік. Што за напаўсакрэтная ўстанова, якая рыхтуе кадры для КДБ

Ад Дапкюнаса да Латушкі — усе беларускія амбасадары: хто яны?

Пасол Ігар Ляшчэня, які перайшоў на бок народа, шчыра пра ўладу і апазіцыю — вялікае інтэрв’ю 

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?