Сяргей Алейнік. Фота: МЗС Беларусі

Сяргей Алейнік. Фота: МЗС Беларусі

На тэлекамеру Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што напярэдадні абмеркаваў з міністрам усе нюансы ягонай будучай дзейнасці на новай пасадзе. У прысутнасці цяпер ужо новага міністра ён падпісаў указ аб ягоным прызначэнні.

Сяргей Алейнік падзякаваў за высокі давер.

«Нялёгка будзе», — заўважыў Лукашэнка. 

«Кар'ерны, дасведчаны дыпламат, які не наробіць памылак, які фармальна адпавядае ўсяму, што магло б чакацца ад міністра, і зможа працягваць работу так, як яна вялася, — Лукашэнка ў свае гады і ў сваёй сітуацыі цэніць кансерватыўнасць», — так характарызаваў «Нашай Ніве» кандыдатуру Алейніка дасведчаны суразмоўца. 

«Алейнік цудоўна гаворыць з замежнікамі. Прафесіянал у дыпламатыі, з вынікамі работы па сваіх кірунках. І павінен быць давер, Лукашэнка павінен ведаць чалавека асабіста і добра, каб прызначыць у МЗС. У Алейніка гэта ўсё ёсць», — дадаў іншы суразмоўца, прагназуючы прызначэнне. 

57-гадовы Сяргей Алейнік быў першым намеснікам міністра замежных спраў і правай рукой Уладзіміра Макея, які раптоўна памёр у лістападзе.

Ён нарадзіўся ў 1965 годзе ў Мінску. Скончыў у 1986 годзе Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў па спецыяльнасці «нямецкая і англійская мовы», у 1993 годзе — Дыпламатычную акадэмію ў Вене па спецыяльнасці «міжнародныя адносіны». У тым жа годзе яе скончыў і Уладзімір Макей.

Вядома, што Макей і Алейнік сябравалі. Алейнік быў сведкам на вяселлі Уладзіміра Макея і Веры Паляковай.

У 1995—1996 гадах Алейнік працаваў консулам Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Гаазе. З лістапада 2002 года па студзень 2009 года — пастаянны прадстаўнік Беларусі пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, надзвычайны і паўнамоцны пасол пры Святым Пасадзе і пры Суверэнным Мальтыйскім Ордэне.

У студзені 2009 года быў прызначаны намеснікам міністра замежных спраў з захаваннем функцый надзвычайнага і паўнамоцнага пасла пры Святым Пасадзе.

Менавіта Алейнік арганізоўваў візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан.

У 2013-м Алейнік стаў паслом у Вялікабрытаніі і Ірландыі па сумяшчальніцтве.

З ліпеня 2020 года намеснік міністра замежных спраў з захаваннем функцый пры Святым Пасадзе і пры Суверэнным Мальтыйскім Ордэне.

Выхадцы з Міністэрства замежных спраў называюць Сяргея Алейніка «кампраміснай, рэспектабельнай, не адыёзнай, дыпламатычнай ва ўсіх сэнсах гэтага слова фігурай, якая не мае негатыўнага шлейфа».

Трэба памятаць, што ў краіне замежнапалітычны курс вызначае не міністэрства, а Аляксандр Лукашэнка, а міністэрства толькі рэалізуе яго. На чале ўсіх сілавых ведамстваў стаяць руска-савецкія людзі, Алейнік будзе адным з нешматлікіх членаў Рады бяспекі без сілавых каранёў.

Чытайце таксама: Сталі вядомыя кандыдатуры на замену незаменнага міністра

Клас
20
Панылы сорам
1
Ха-ха
21
Ого
4
Сумна
3
Абуральна
6