Брытанскі культавы рок-гурт «Бітлз», 1964 год. Фота: United Archives / Contributor Getty Images

Брытанскі культавы рок-гурт «Бітлз», 1964 год. Фота: United Archives / Contributor Getty Images

«Now And Then — гэта апошняя песня «Бітлз», якую напісаў Джон Ленан у суаўтарстве з Полам Мак-Картні, Джорджам Харысанам і Рынга Старам. Дзякуючы Полу і Рынга, гэтая песня нарэшце ўбачыць свет пасля больш за чатыры дзесяцігоддзі.

Дата выхаду новага трэка — 2 лістапада ў 14:00 па Грынвічу (17:00 па Мінску. — НН). Відэакліп да песні выйдзе на наступны дзень. А дакументальны фільм аб працэсе стварэння Now And Then будзе апублікаваны 1 лістапада», — паведаміў у сваім анонсе гурт «Бітлз».

Дэмаверсія трэка Now And Then была запісаная яшчэ ў канцы 1970-ых гадоў вакалістам Джонам Ленанам незадоўга да яго гібелі ў 1980 годзе (спявак быў застрэлены). Але голас Ленана на запісе дрэнна чуваць з-за старонніх шумаў у доме спевака.

Паводле ўспамінаў музыкі «Бітлз» Пола Мак-Картні, якімі той падзяліўся са СМІ яшчэ гэтым летам, дэмазапіс Now And Then быў атрыманы ім у 1990-ыя ад удавы Ленана Ёка Она за год да таго, як ён, Харысан і Рынга Стар пачалі працаваць над зборнікам «Анталогія». Тады гурт упершыню паспрабаваў скончыць песню Ленана.

«У песні была не вельмі ўдалая назва, яе трэба было трохі перапрацаваць, але ў яе быў прыгожы куплет, і яго спяваў Джон. Але Харысан тады назваў якасць запісу вакалу Ленана паршывай і адмовіўся працаваць над песняй. У нашай камандзе была дэмакратыя, і мы кінулі працу на трэкам», — заяўляў гэтым летам музыка Пол Мак-Картні.

Вакаліст «Бітлз» Джон Ленан са сваёй жонкай Ёка Она. Здымак зроблены ў 1980 годзе незадоўга да забойства спевака. Фота: Jack Mitchell / Contributor Getty Images

Вакаліст «Бітлз» Джон Ленан са сваёй жонкай Ёка Она. Здымак зроблены ў 1980 годзе незадоўга да забойства спевака. Фота: Jack Mitchell / Contributor Getty Images

Па словах Мак-Картні, у тыя часы яшчэ было тэхнічна немагчыма аддзяліць чысты голас Ленана ад шумаў, але Мак-Картні не траціў надзеі скончыць Now And Then.

І ў выніку гэта атрымалася зрабіць дзякуючы штучнаму інтэлекту.

Пол Мак-Картні. Фота: Scott Garfitt / Invision / AP

Пол Мак-Картні. Фота: Scott Garfitt / Invision / AP

Песня Now And Then разам з відэакліпам і дакументальным фільмам будзе не адзіным падарункам «Бітлз» сваім слухачам і фанатам.

Гурт таксама анансаваў выхад новага перавыдання сваіх «Чырвонага» і «Сіняга» альбомаў.

«Чырвоны альбом» «Бітлз» (The Red Album, 1962—1966) складаецца з 26 песень агульнай працягласцю музыкі больш за 62 хвіліны. А «Сіні альбом» (The Blue Album, 1967—1970) складаецца з 28 трэкаў працягласцю амаль 100 хвілін.

Абноўленыя версіі гэтых альбомаў выйдуць 10 лістапада.

Брытанскі гурт «Бітлз» — гэта адзін з самых культавых і ўплывовых рок-гуртоў у гісторыі. Ён быў заснаваны ў 1960 годзе, мае 13 афіцыйных альбомаў, якія складаюцца з 211 песень. Агульная колькасць прададзеных дыскаў і касет у «Бітлз» перавышае адзін мільярд копій.

Чытайце таксама:

Адгадаеце, пра што спяваецца ў гэтых мегапапулярных песнях? ТЭСТ

«Смяюся, а ў горле ком». NaviBand выпусціў новы сінгл для тых, хто сумуе па доме

Культавы хіт гурта Queen «Багемская рапсодыя» першапачаткова называўся інакш. Пра гэта сведчаць чарнавікі Фрэдзі Мэрк'юры

Клас
10
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0