Зоркі Балівуда Прабхас (злева) і Крыці Санон у «Адыпурушы» (постар фільма)

Зоркі Балівуда Прабхас (злева) і Крыці Санон у «Адыпурушы» (постар фільма)

Улады двух гарадоў у Непале заявілі, што не дазволяць паказу фільмаў Балівуда датуль, пакуль з новага індыйскага фільма «Адыпуруш» не будзе выдалена «непрымальная» фраза.

Стваральнікі «Адыпуруша» кажуць, што фільм натхнёны індуісцкім эпасам «Рамаяна».

«Рамаяна» распавядае пра перамогу індуісцкага бога Рамы над уладаром дэманаў Раванам пасля таго, як той выкраў яго жонку Сіту, распавядае Бі-бі-сі.

У фільме галоўных герояў клічуць Рагхаў, Ланкеш і Джанакі.

Мэраў Катманду і Пакхары абурыў радок, у якім Джанакі называюць «дачкой Індыі».

Індуісты ў Непале — каля 80% насельніцтва краіны — лічаць, што Сіта нарадзілася ў Джанакпуры, горадзе прыкладна за 220 км ад сталіцы Катманду.

Мэр Катманду Балендра Шах заявіў у фэйсбуку, што папрасіў кіраўнікоў усіх кінатэатраў у горадзе спыніць паказ усіх фільмаў з Балівуда. Ён дадаў, што папрасіў стваральнікаў «Адыпуруша» выдаліць дыялог.

«Ніводны індыйскі фільм не будзе дапушчаны да паказу на тэрыторыі муніцыпалітэта Катманду, пакуль з фільма не будзе выдалена гэта непажаданая фраза», — напісаў Шах.

Індыйскае інфармацыйнае агенцтва ANI паведаміла, што Дханрадж Ачар'я, мэр горада Пакхара, таксама папрасіў кінатэатры спыніць паказ фільма.

Суаўтар сцэнарыя фільма Манодж Шукла Мунташыр абвясціў у нядзелю, што некаторыя дыялогі будуць перапісаныя і зноў устаўленыя ў фільм, бо яны закранулі гледачоў, але незразумела, ці меў ён на ўвазе гледачоў з Непала.

«Я напісаў больш за чатыры тысячы радкоў дыялогу для «Адыпуруша», але пачуцці некаторых былі закранутыя пяццю радкамі», — сказаў сцэнарыст.

ANI таксама паведаміла, што прадзюсар фільма T-Series напісаў мэру Катманду, што ў яго не было намераў «выклікаць якую-небудзь дысгармонію».

Фільм «Адыпуруш» крытыкуюць не толькі ў Непале, але і ў Індыі. Некалькі індыйскіх гледачоў раскрытыкавалі яго візуальныя эфекты, а таксама некаторыя дыялогі, якія, па іх словах, моцна спрашчаюць персанажаў так шанаванага індыйцамі эпасу.

Заклікі забараніць фільм гучаць у сацыяльных сетках з пятніцы. Многія лідары індыйскай апазіцыі таксама раскрытыкавалі фільм, некаторыя заклікалі да яго забароны.

Бхупеш Багхел, галоўны міністр штата Чхатысгарх, які прадстаўляе апазіцыйную партыю «Індыйскі нацыянальны кангрэс», заявіў, што героі фільма паказаныя непрыстойна, і паабяцаў, што штат разгледзіць пытанне аб яго забароне.

Дэпутат ад нацыяналістычнай партыі Шыў Сена Прыянка Чатурведзі сказала, што ў гэтым фільме пра Раму, якога вернікі называюць «мар'яда-пурушатама», або ідэальны мужчына, кінематаграфісты перайшлі ўсе межы дазволенага.

Стваральнікі фільма ў цітрах падзякавалі за дапамогу некалькім лідарам кіроўнай індуісцкай нацыяналістычнай партыі «Бхаратыя Джаната».

Гэты фільм стаў адным з самых дарагіх у гісторыі індыйскага кінематографа. Ён выйшаў у пракат адразу больш чым у шасці тысячах кінатэатраў. Ён быў адначасова зняты на хіндзі і тэлугу і дубляваны на іншыя індыйскія мовы.

Фільм пачалі актыўна абмяркоўваць у медыя яшчэ некалькі месяцаў таму, у кастрычніку, калі быў выпушчаны яго трэйлер. Гледачы высмейвалі яго «мульцяшную» камп'ютарную графіку і візуальнае падабенства з такім вядомым серыялам, як «Гульня тронаў».

Як тлумачаць эксперты, у Індыі і па ўсёй Паўднёва-Усходняй Азіі ёсць некалькі інтэрпрэтацый «Рамаяны», у тым ліку адна, якая ўсхваляе ўладара дэманаў Равану, і адна, у якой гаворыцца, што Равану забіў не Рама, а яго брат Лакшман.

Эпас «Рамаяна» — гэта адзін з самых папулярных тэкстаў у індыйскай культуры. Версія з коміксаў і тэлевізійная адаптацыя эпасу 1980-х гадоў таксама карысталіся вялікай папулярнасцю ў краіне.

Чытайце таксама:

Дзевяць галоўных кінастужак гэтага лета

Стваральнік «Чорнага люстэрка» кажа, што выкарыстаў ChatGPT, каб паспрабаваць напісаць адзін з эпізодаў серыяла

«Чалавек-павук: Павуцінне сусветаў»: працяг паспяховага мультфільма яшчэ больш віртуозны, але без лёгкасці

Клас
4
Панылы сорам
7
Ха-ха
7
Ого
5
Сумна
3
Абуральна
4