Кадр з фільма «Чалавек-павук: Павуцінне сусветаў». Фота: Sony

Кадр з фільма «Чалавек-павук: Павуцінне сусветаў». Фота: Sony

Фільм «Чалавек-павук: Праз сусветы» выйшаў на экраны ў 2018 годзе і заваяваў усіх сваёй ашаламляльнай анімацыяй і вялікай колькасцю якаснага гумару. «Чалавек-павук: Павуцінне сусветаў», які выйшаў цяпер, таксама прэтэндуе на званне шэдэўра анімацыі, хоць і сплёў значна больш шчыльную павуціну, чым яго папярэднік, і атрымаўся значна больш грувасткім.

Сабранае трыма рэжысёрамі і трыма сцэнарыстамі, «Павуцінне сусветаў» запрашае гледачоў на захапляльны атракцыён, падчас якога бамбуе галавакружным наборам розных візуальных прыёмаў. У яго багатай, калейдаскапічна дэталізаванай анімацыі няма ніводнага кадра, які не асляпляў бы.

«Фільм прымушае вас адчуваць, што вы падаеце па паверхах музея сучаснага мастацтва пад кіслатой, але ў кожным моманце таго, што адбываецца, ёсць захапляльная логіка», — піша Оўэн Глейберман для Variety.

Сапраўды, слушнай перавагай ёсць тое, што ўсе прыёмы — не проста для эфекту, яны лагічна звязаныя і працуюць на прасоўванне гісторыі: так, напрыклад, у адной са сцэн Гвен эмацыйна размаўляе са сваім бацькам Джорджам Стэйсі, і пакуль яны размаўляюць, свет вакол іх мяняецца — у адпаведнасці з тонамі іх галасоў і эмоцыямі. Колеры знікаюць і вяртаюцца па меры таго, як размова згасае і ажывае. Такі падыход не адцягвае ўвагі і дае больш глыбокае разуменне таго, што адчуваюць героі.

Аднак «візуальны атракцыён» ніколі не спыняецца, з-за чаго фільм губляе пачуццё лёгкасці. Больш за тое, сам аповед пачынае здавацца штучна «згенераваным» і сабраным з розных тэхнічных прыёмаў, тады як жывы імпульс гісторыі — страчаны.

Spider-Man: Across the Spider-Verse

Чалавек-павук змагаецца са злодзеем Плямам у фільме «Чалавек-павук: Павуцінне сусветаў». Фота: Sony

Дзеянне фільма адбываецца праз год пасля таго, як бруклінскі падлетак і наваспечаны чалавек-павук Майлз Маралес быў укушаны радыеактыўным павуком. Цяпер Майлзу 15 гадоў, і ён з усяе моцы спрабуе збалансаваць навуку са сваёй пазакласнай гераічнай працай.

Па меры таго, як бацькі Майлза ўсё больш падазраюць падвойнае жыццё свайго сына, яму даводзіцца адбівацца ад надакучлівага злыдня Плямы, які пачынае ўяўляць рэальную пагрозу мультысусвету.

Таксама ў цэнтр апавядання выходзіць яго сяброўка Гвен, якая таксама далучаецца да каманды людзей-павукоў.

Spider-Man: Across the Spider-Verse

Майлз Маралес і Гвен Стэйсі ў фільме «Чалавек-павук: Павуцінне сусветаў». Фота: Sony

Лінія адносінаў у фільме (бацькоў і дзяцей, Гвен і Майлза) — часта занадта драматычная: дыялогі герояў сталі менш смешныя і больш сентыментальныя. Адносіны Майлза з сям'ёй сталі больш складаныя, акрамя таго, цяпер, калі ён узяў на сябе абавязкі чалавека-павука, ён спрабуе зразумець, як наблізіцца да гэтай ролі, якую яму далі. Вялікая сіла патрабуе не толькі адказнасці, але і цягне за сабой страты.

«Быць Чалавекам-павуком — гэта ахвяра», — кажа Майлз, і гэта становіцца эмацыйнай асновай фільма.

Фільм выкарыстоўвае ідэю мультысусвету, каб паказаць канцэпцыю патэнцыялу: наш свет можа быць усяго толькі адным з мноства магчымых варыянтаў нашага жыцця. Аднак, як і «Усё ўсюды і адразу», ён таксама акцэнтуе ўвагу на тым, што самае важнае — трымацца за тую рэальнасць, якая ў тваіх руках, чым уяўляць усе астатнія.

Гісторыя, расказаная ў фільме, не завершаная, яна абрываецца на самым цікавым месцы. Працяг пад назвай Beyond The Spider-Verse выйдзе ў сакавіку наступнага года.

Больш пра кіно:

Стваральнік «Чорнага люстэрка» кажа, што выкарыстаў ChatGPT, каб паспрабаваць напісаць адзін з эпізодаў серыяла

Дзевяць галоўных кінастужак гэтага лета

«Перапоўнены пакой» — серыял, натхнёны гісторыяй чалавека, у галаве якога жывуць 24 асобы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0