Фота: 32gkp.by
Халадовая алергія — гэта што?
«У разуменні алерголагаў, адзінае захворванне, якое можна ўмоўна назваць халадовай алергіяй — гэта халадовая крапіўніца, — кажа доктар. — Пры сапраўднай алергіі супраць алергену імуннай сістэмай утвараюцца спецыялізаваныя антыцелы ці клеткі, якія можна выявіць. Але пры халадовай крапіўніцы такіх няма.
У даследаваннях у невялікай часткі пацыентаў быў паказаны ўскосны ўдзел іншых імунных, але неалергічных механізмаў. Таму паўнавартасна назваць халадовую крапіўніцу алергіяй немагчыма. Але алерголагі традыцыйна займаюцца крапіўніцамі, таму з гэтай праблемай звяртаюцца да іх».
Крапіўніца праяўляецца пухірамі, якія выглядаюць, як апёкі ад крапівы — таму захворванне так і называецца. Крапіўніца можа таксама праяўляцца ангіяацёкамі ці спалучэннем ангіяацёкаў з пухірамі.
Вострай лічыцца крапіўніца, якая непакоіць да шасці тыдняў, хранічнай — 6 тыдняў і больш (часцей пацыенты менавіта з хранічнай формай звяртаюцца да лекараў).
«Яшчэ зімой часта шукаюць дапамогі людзі з сухой, шурпатай скурай рук. Яны скардзяцца на тое, што гэта «алергія». Але ў такім выпадку патрэбна дыферэнцаваць абвастрэнне атапічнага дэрматыту і абмаражэнне скуры.
Часта бывае, што пальчаткі чалавек забываецца апранаць, — скура абмарожваецца і трэскаецца, як шкляная бутэлька з вадой у халадзільніку. Прынцып той жа, улічваючы колькасць вады ў клетках нашага цела», — расказвае алерголаг.
Якія ёсць прычыны з’яўлення халадовай алергіі?
Як і пры іншых хранічных крапіўніцах, у халадовай крапіўніцы пэўнай прычыны можа не быць.
«Халадовая крапіўніца ў некаторых выпадках можа быць звязаная з інфекцыйнымі захворваннямі (бактэрыяльнымі, віруснымі інфекцыямі), укусамі перапончатакрылых, ужываннем некаторых лекаў ці ежы. Таксама яна можа быць «фонавым» захворваннем пры некаторых аўтаімунных хваробах — ваўчанцы, рэўматоідным артрыце і іншых; таксама пры лімфапраліфератыўных хваробах, напрыклад, міеломе», — тлумачыць Ганна.
Фота: tea.ru
Як зразумець, што ў цябе ёсць халадовая алергія? Чым яна адрозніваецца ад іншай?
Чалавек з халадовай крапіўніцай будзе рэагаваць на кантакт з якім-небудзь халодным прадметам, напрыклад, халоднай вадой, напоямі, змёрзлымі поручнямі.
Ад кантакту з чымсьці халодным праз хвіліну (у некаторых выпадках — праз 20 хвілін і болей) пачне з’яўляцца пачырваненне і сверб скуры ў месцы кантакту, потым пухіры ці ангіяацёкі.
«Ёсць атыповая халадовая крапіўніца, якая праяўляецца проста ад пераахалоджвання цела ў халодным (каля 4°C) памяшканні, без непасрэднага кантакту з халодным прадметам.
Пры вялікім па плошчы ўздзеянні холаду (напрыклад, акунанні ў халодны вадаём) у хворага на халадовую крапіўніцу можа ўзнікнуць анафілаксія — вострая небяспечная для жыцця рэакцыя. Яе сімптомы з’яўляюцца вельмі хутка і могуць прывесці да смерці», — кажа доктар.
Раней да анафілаксіі адносілі толькі шокавы стан — гэта калі ў чалавека крытычна зніжаецца ціск.
Цяпер анафілаксію дыягнастуюць, калі ў чалавека раптоўна (праз хвіліны ці праз некалькі гадзін) з’яўляецца генералізаваная крапіўніца або сверб, пачырваненне, ацёк вуснаў ці языка з якімі-небудзь сімптомамі з боку іншых органаў:
— дыхальных шляхоў: задышка або свісцячае дыханне, асіпласць голасу;
— кровазвароту: зніжэнне ціску або страта прытомнасці;
— іншыя сімптомы: схваткападобны боль у страўніку, паўторныя ваніты, нетрыманне мачы ці калу.
«У такім выпадку патрэбна неадкладна паклікаць на дапамогу і выклікаць хуткую», — кажа Ганна.
Ад іншых захворванняў халадовая крапіўніца адрозніваецца тым, што яе можна пацвердзіць пробай з лёдам. Звычайна такая проба праводзіцца ў алерголага, калі лёд фіксуецца на перадплеччы на працягу пяці хвілін. Існуе таксама спецыялізаваны прыбор для выяўлення парога халадовай рэакцыі: на якую тэмпературу з’яўляюцца пухіры (у дыяпазоне ад 4°C да 44 °C), але такі прыбор не вельмі шырока распаўсюджаны.
Халадовая алергія чым-небудзь небяспечная?
«Так. Халадовая крапіўніца — адзіны від хранічнай крапіўніцы, які можа скончыцца смерцю, калі чалавек будзе акунацца ў халодную ваду», — кажа алерголаг.
Што рабіць, калі халадовая алергія моцна праяўляецца? Напрыклад, моцным свербам
Лёгкія сімптомы тыповай халадовай крапіўніцы могуць прайсці самастойна — дзесьці праз гадзіну. Але важна адсочваць, каб не было сімптомаў анафілаксіі.
«Сверб і пухіры ці ангіяацёк можна зняць антыгістаміннымі таблеткамі 2-га пакалення (эфекту патрэбна чакаць да паўгадзіны). Пажадана, каб чалавек з крапіўніцай меў з сабой такія лекі, асабліва ў падарожжы.
Пры сімптомах анафілаксіі неадкладна патрэбны ўнутрымышачна адрэналін. Прасцей за ўсё для лячэння анафілаксіі мець з сабой ратавальную шпрыц-ручку з адрэналінам, але, на жаль, такія прылады недаступныя ў Беларусі, у адрозненне ад шматлікіх суседніх краінаў», — тлумачыць доктар.
Якія парады можна даць па лячэнні і дыягностыцы халадовай алергіі?
«Звярнуцца да алерголага, — раіць Ганна. — Калі выявілі ў сябе падазрэнні на халадовую крапіўніцу і не можаце завітаць да лекара — пазбягайце кантакту з халоднымі рэчамі, напоямі, не размарожвайце самастойна халадзільнік, варта пазбягаць халоднага душу, не акунацца ў халодныя вадаёмы. Халадовая крапіўніца можа быць тыповай і нетыповай, таму лепей звярнуцца да алерголага для дакладнай дыягностыкі», — падсумоўвае яна.
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»Чытайце таксама:
Як наблізіць традыцыйныя святочныя стравы да правіл здаровага харчавання. Тлумачыць дыетолаг
Ці абароняць вакцыны ад свінога грыпу. Адказаў спецыяліст
Кардыёлаг расказаў, якія сімптомы перадынфарктнага стану і як дзейнічаць пры інфаркце





