На пытанні адказвае медык-інфекцыяніст (ён пажадаў застацца ананімным).
«Парацэтамол у высокіх дозах вельмі небяспечны для печані»
Умоўна лічыцца, што неабходна збіваць тэмпературу (вымераную ў падпахавай западзіне) вышэйшую за 38,5C як у дарослых, так і ў дзяцей.
«Ліхаманка вышэйшая за такое значэнне ўжо дрэнна пераносіцца арганізмам, павялічвае энергетычныя выдаткі і можа спрыяць пагаршэнню хранічных захворванняў пры іх наяўнасці.
Паніжэнне тэмпературы ніжэй за 38,5С не прывядзе да якіх-небудзь негатыўных наступстваў. Проста ў большасці выпадкаў яна добра пераносіцца дарослымі і дзецьмі і з'яўляецца праявай натуральнага імуннага адказу, спрыяючы барацьбе супраць узбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў.
Няма даследаванняў, якія б паказалі негатыўны ўплыў зніжэння невысокай тэмпературы на арганізм чалавека», — кажа доктар-інфекцыяніст.
Для зніжэння тэмпературы звычайна можна выкарыстоўваць парацэтамол і нестэроідныя супрацьзапаленчыя лекавыя сродкі, найбольш вядомы з якіх — ібупрафен.
«Дарэчы, і парацэтамол, і ібупрафен існуюць у зручных формах дазавання для дзяцей — у выглядзе суспензіі або рэктальных свечак, — кажа ён. — Таксама ў продажы маюцца камбінаваныя лекавыя сродкі ў выглядзе разнастайных парашкоў, якія змяшчаюць, як правіла, парацэтамол, з супрацьгістаміннымі сродкамі, вітамінамі. Дадатковыя да парацэтамолу кампаненты дазваляюць палепшыць пераноснасць сімптомаў прастуды, аказваюць лёгкае абязбольвальнае і седатыўнае дзеянне.
Вельмі важна ўважліва чытаць інструкцыю да прэпарата, як правільна яго ўжываць самастойна, бо парацэтамол у высокіх дозах вельмі небяспечны для печані.
На практыцы часам сустракаецца выпадковая перадазіроўка парацэтамолам у дзяцей, што заўсёды мае жыццепагражальны стан. Таму ў дзяцей большасць дактароў выкарыстоўвае для зніжэння ліхаманкі ібупрафен».
Ці можна збіваць тэмпературу аспірынам?
«Ён можа выкарыстоўвацца з гарачкапаніжальнай мэтай, аднак не ў дзяцей да 18 гадоў. У дзіцячай папуляцыі апісаны выпадкі вострага развіцця некрозу печані на фоне прымянення аспірыну пры грыпе і некаторых іншых рэспіраторных вірусных інфекцыях. Таксама аспірын мае больш непажаданых эфектаў, чым бяспечныя ібупрафен і парацэтамол. Менавіта таму апошнім сёння аддаецца перавага», — тлумачыць інфекцыяніст.
«Парада накрыцца коўдрамі і пацець — шкодная»
Такая рэкамендацыя можа прывесці да абцяжаранай цеплааддачы пры ліхаманцы і спрыяць пагаршэнню стану арганізма.
Калі чалавек дрэнна пераносіць нават невысокую тэмпературу, яе трэба змяншаць.
«Такое характэрна для асоб пажылога ўзросту, з хранічнай сардэчна-сасудзістай паталогіяй, бронхалёгачнымі захворваннямі, цукровым дыябетам», — кажа ён.
Доктар-інфекцыяніст расказвае, што ў сярэднім пры працяглай ліхаманцы чалавек можа губляць да 10 мл/кг вадкасці на кожны градус падвышэння тэмпературы.
«Вельмі важна выконваць правільны пітны рэжым, павялічыць спажыванне вадкасці — часам нават у 1,5-2 разы — у параўнанні са штодзённай нормай, якая складае 20-30 мл/кг, на ўвесь час ліхаманкі», — раіць ён.
«Часам тэмпература, якая не зніжаецца гарачкапаніжальнымі, можа быць прыкметай цяжкай інфекцыі»
Звяртацца да доктара варта ў выпадку, калі самаадчуванне не палепшылася на працягу 3 дзён і больш ад першых прыкмет хваробы (большасць рэспіраторных вірусных інфекцый да гэтага часу пачынаюць праходзіць нават без лячэння).
«Таксама калі з'явіліся відавочныя прыкметы пагаршэння самаадчування: захоўваецца высокая тэмпература, якая дрэнна адказвае на гарачкапаніжальныя, з'яўляецца парушэнне свядомасці, дыхання, нізкі артэрыяльны ціск, выяўленая тахікардыя, зніжэнне аб'ёму мачы і іншыя прыкметы паразы ўнутраных органаў», — тлумачыць медык.
Што рабіць, калі тэмпература не збілася пасля адной таблеткі гарачкапаніжальнага?
«Можна праз некалькі гадзін прыняць яшчэ адну, — кажа доктар-інфекцыяніст. — Важна не перавышаць максімальна рэкамендаваныя інструкцыяй па прымяненні дазіроўкі (асабліва для парацэтамолу, пажадана для дарослых не больш за 2,0 грама ў суткі).
Калі тэмпература не знізілася і пасля гэтага, лепш звярнуцца па дапамогу да доктара або выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу. Часам тэмпература, якая не зніжаецца гарачкапаніжальнымі, можа быць прыкметай цяжкай інфекцыі.
Часам у дадатак да лекаў выкарыстоўваюць фізічныя метады астуджэння: распрануць чалавека, абціраць скуру вадой пакаёвай тэмпературы, больш паіць хворага, выкарыстоўваць мокрую вільготную павязку на лоб».
Чытайце таксама:
У беларускіх аптэках з'явіліся лекі для пацыентаў з каранавірусам
Новы падыход да выяўлення пухлін: навукоўцы шукаюць мікробы і грыбкі
Ці карысна спаць у шкарпэтках? Доктар не сумняецца





