Святлана Ціханоўская застаецца сусветна прызнаным лідарам руху за вызваленне Беларусі. А яе муж, Сяргей Ціханоўскі, асуджаны на 18 гадоў турэмнага зняволення

У пачатку гэтага тыдня ў Берліне прайшоў т. зв. «форум дэмакратычных сілаў Беларусі». Гэта ўжо другое мерапрыемства пад такой амбіцыйнай назвай, першае прайшло ў маі ў Варшаве. Але калі тады яно не выклікала асаблівага рэзанансу ў беларускіх медыя, то цяпер цікавасць з боку СМІ, палітызаваных тэлеграм-каналаў і карыстальнікаў сацыяльных сетак была куды большая. Бо гэтым разам куды больш артыкулявана, чым мінулы раз, прагучала стратэгічная мэта склікання гэтых мерапрыемстваў — скіданне з п’едэстала ці прынамсі адсоўванне на другасныя ролі з кіраўніцтва беларускага дэмакратычнага руху «неадпаведнай бягучаму моманту» Святланы Ціханоўскай і замена яе на «больш рашучых» лідараў.

Найбольшы рэзананс выклікалі два рэзка крытычныя ў дачыненні да Ціханоўскай і яе каманды выступы — былога старшыні Вярхоўнага Савета 13-га склікання Сямёна Шарэцкага і былога паспяховага рэстаратара, а цяпер аднаго са стваральнікаў беларускага палка «Пагоня» ў складзе ўкраінскага войска Вадзіма Пракоп’ева. І калі 85-гадовы Шарэцкі — адмыслова пад патрэбы форуму выцягнутая з забыцця палітычная фігура з зусім іншай эпохі, выступленне якой у 2022 годзе ўспрымаецца хутчэй як кур’ёз, то Пракоп’еў — справа іншая. Ён чалавек у поўным росквіце сілаў, з відавочнымі палітычнымі амбіцыямі, някепскі аратар. Не дзіўна таму, што ягонае выступленне на ў цэлым бляклым форуме актыўна цытавалася і набыло шырокі рэзананс. Тым больш што сам выступоўца, трэба думаць, цалкам свядома зрабіў яго вельмі правакацыйным. 

Пракоп’еў, як і многія іншыя спікеры не толькі на гэтым мерапрыемстве, бачыць крыніцу нашых цяперашніх праблем у «адсутнасці палітычнага лідарства». Святлана Ціханоўская, на ягоную думку, яўна не мае якасцяў, каб быць лідарам у сучасных абставінах, хоць Пракоп’еў і прызнае, што так проста яе з карабля гісторыі не скінеш, бо ніхто іншы не мае мандата ад беларускага народа і, адпаведна, легітымнасці ў вачах сусветнай супольнасці. 

Таму былы рэстаратар выказвае арыгінальную ідэю, што найбольш аптымальным варыянтам было б не пазбаўляцца Святланы Георгіеўны цалкам, а адсунуць яе ўбок: калі ўжо міжнародная супольнасць так яе любіць, то хай сабе Ціханоўская выконвае чыста прадстаўнічыя функцыі, сустракаецца з лідарамі заходняга свету і гаворыць з імі ні пра што. Але побач з ёй мусіць быць рашучы прэм’ер-супермен, «беларускі Чэрчыль», які б займаўся рэальнымі справамі. Як выказаўся Пракоп’еў: «Ціханоўская п'е гарбату з Джо Байдэнам, пакуль у суседнім пакоі прэм'ер-міністр размаўляе з міністрам абароны Осцінам». А пасля «прэм'ер-міністр раз у чацвер асабіста дакладвае каралеве Лізавеце пра наша прасоўванне на франтах, пазбягаючы падрабязнасцяў».

Пад «беларускім Чэрчылем», запэўніў Пракоп’еў, ён мае на ўвазе не сябе самога, але ў яго ёсць на прыкмеце адна кандыдатура: «ведаючы чалавека асабіста, больш за тое, я з ім пажыў і папрацаваў, які мог бы, на мой погляд, быць адным з кандыдатаў для нашага беларускага Чэрчыля, для нашага прэм'ер-міністра, і, што вельмі важна ў бягучых абставінах, гэтага чалавека ведае ўся Украіна. Мы праехалі з ім паўкраіны, ад Чарнігава да Львова, і на кожным блокпасту яго пазнаюць, яго паважаюць». Прозвішча ні тады, ні ў наступныя дні пакуль што так і не прагучала, што дае падставы для самых розных здагадак, хо б гэта мог быць — называюцца, напрыклад, імёны былога стваральніка «Белага легіёна» Сяргея Чыслава (Бульбы), спевака Сяргея Міхалка ці былога камандзіра брэсцкага дэсанту Валерыя Сахашчыка

На ўсё гэта можна было б і не звяртаць асаблівай увагі, паколькі прамова Пракоп’ева на форуме мае ўсе прыкметы звычайнага папулізму. Адна інтрыга з неназываннем імя «сапраўднага лідара» чаго вартая — відавочна гэта зроблена толькі з мэтай стварэння штучнага ажыятажу. Чалавек асабіста піярыцца, і робіць гэта дастаткова ўмела. 

Але ў той жа час нельга не прызнаць, што спіч Пракоп’ева — не толькі ягоныя асабістыя фантазіі, ён у большай ці меншай ступені адлюстроўвае сучасныя настроі часткі беларусаў. Якія ў тым, што дабіцца сваіх мэтаў мы можам толькі ўзброеным шляхам і для гэтага мусім замяніць ранейшых палітычных лідараў, якія за мірную барацьбу, на больш рашучых людзей. Дакладней, больш рашучага чалавека: «супермен» павінен быць на самым версе і з’яўляцца тварам нашага руху. 

Такія погляды — адбітак жывучых стэрэатыпаў пра вертыкаль улады як ледзь не найбольш эфектыўны спосаб кіравання працэсамі. Што вось трэба адзіны лідар, які будзе раздаваць зверху загады, а пад ім піраміда выканаўцаў, якія будуць гэтыя загады дакладна выконваць. І тады ўсё будзе ісці як найлепей. Калі ж Ціханоўская лідар не такога кшталту, то яе трэба замяніць на кагосьці больш адпаведнага, і тады ўжо ўсё пойдзе хутчэй ды жвавей. 

Але на самай справе тое, што менавіта згуртаванасць вакол аднаго чалавека і адпаведна поўная завязанасць на яго асобу даюць найлепшыя вынікі — можна паспрачацца. Хоць бы ў кантэксце расійска-ўкраінскай вайны відаць, напрыклад, што ўкраінская дэцэнтралізаваная сістэма па выніку працуе прынамсі не менш спраўна, чым фактычна вертыкальная расійская. Уладзімір Зяленскі нават падчас вайны там не навісае над усімі іншымі, там няма таго, што ёсць адзін лідар, які аднаасобна прымае ўсе важныя рашэнні, а астатнія — толькі пешкі ў ягоных руках, пазбаўленыя ўласнай суб’ектнасці. Нават пасады міністра абароны Украіны і галоўнакамандуючага УСУ разведзеныя. У той жа час сфера прэзентацыі ўсёй барацьбы ўкраінскага народа, выкананне функцыі ягонага галоўнага твару як унутры краіны, так і навонкі — тут роля Зяленскага безумоўна пераважная, і ён з ёй спраўляецца проста бліскуча, чаму сярод іншага спрыяе і артыстычнае мінулае. 

Вядома, наяўнасць яркага, амбіцыйнага і вельмі рашучага ды харызматычнага лідара можа адыграць нават вырашальную ролю ў пэўны пікавы момант, калі сыходзяцца розныя зоркі і аўтарытарны рэжым у краіне пачынае хістацца. Цалкам верагодна, што якраз гэтага і не хапіла беларускім пратэстам летам-восенню 2020-га. Не выключана, што можа гэта мець значэнне і ў нейкай далёкай ці недалёкай будучыні, калі для нас адкрыецца новае акно магчымасцяў.

Вадзім Пракоп'еў стаў адным з арганізатараў беларускага добраахвотніцкага палка «Пагоня»

Але ў сітуацыі такога міжчасся, якое мы маем цяпер і якое невядома на колькі зацягнецца, якраз памяркоўная і неканфліктная фігура Ціханоўскай, якая не цягне коўдру на сябе і не спрабуе ўсіх падпарадкаваць сваёй жорсткай волі — ці не ідэальная для таго, каб захоўваць у беларускіх асяродках на эміграцыі хаця б адноснае адзінства.

Бо поўнае, як вядома, можа быць толькі на могілках. У кожным разе наша сіла, пры аб'ектыўным недахопе самых розных рэсурсаў, можа быць толькі ў адзінстве. 

Характэрная асаблівасць цяперашняй структуры беларускага руху на эміграцыі — што яна ўсё ж яўна не вертыкальная, а гарызантальная. Ёсць Ціханоўская са сваім Офісам, якая з’яўляецца сімвалічнай фігурай і голасам Беларусі на міжнароднай арэне, ёсць Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленне Паўла Латушкі, якое дзейнічае паралельна з Офісам Ціханоўскай, не ў непасрэдным яму падпарадкаванні, але пакуль і не ў варожасці. Ёсць шэраг буйных ініцыятыў, скіраваных на працу з адпаведнай аўдыторыяй і ў адпаведных сферах — BYSOL, BYPOL, Беларуская Рада культуры, Фонд спартыўнай салідарнасці, Рабочы рух і да т. п. І яшчэ ёсць нямала ініцыятыў больш дробных, якія гуртуюць дыяспару на лакальных узроўнях. 

Эфектыўнасць і спраўнасць кожнай ініцыятывы залежыць ад арганізацыі працы непасрэдна ў ёй, і многае, вядома, залежыць ад асабістых якасцяў лідараў. У рамках гэтага артыкула не месца разбіраць дасягненні і няўдачы кожнай. Але пазітыўным, аднак, з’яўляецца тое, што буйныя і эфектыўныя ініцыятывы пакуль што, здаецца, не канцэнтруюцца на высвятленні адносін паміж сабой і на змаганні з Ціханоўскай, не аспрэчваюць яе права на агульную рэпрэзентацыю руху — ім хапае пакуль для самарэалізацыі ўласнай дзялянкі. Прэтэнзіі ж на перафарматаванне ўсёй цяперашняй структуры выказваюць перадусім людзі, якім зусім не знайшлося ў цяперашняй раскладцы месца, адпаведнага іхным амбіцыям, накшталт Валерыя Цапкалы ці Вольгі Карач — галоўных арганізатараў таго самага берлінскага форуму. А не знайшлося таму, што іхнія амбіцыі — не ў кіраванні нейкай асобнай сферай, не ў стваральнай працы хоць на важным, але ўсё ж абмежаваным участку. Яны прэтэндуюць на кіраванне рухам увогуле. То-бок гэта прэтэнзіі на ролю Ціханоўскай. 

А Ціханоўская сёння ў гэтай сістэме — не нейкі вярхоўны правадыр, які кантралюе ўсё і ўсіх, дае загады, сочыць за іх выкананнем і «раз у чацвер» чакае ўсіх адказных за асобныя ўчасткі з дакладамі. Не падначаленыя ёй умоўныя Стрыжак, Азараў ці Будкін, не справаздачацца яны перад ёю. Роля Ціханоўскай і яе Офіса — хутчэй каардынацыйная, заснаваная не на фармальным падпарадкаванні ўсіх яе ўладзе, а на прызнанні і не аспрэчванні — прынамсі публічным — іншымі суб’ектамі яе ролі як адзінага легітымнага прадстаўніка і калектыўнага голасу беларускага народа. Ціханоўская звычайна сама не ініцыюе і не арганізуе нейкіх актыўнасцей — але яна іх публічна падтрымлівае. І гэта больш-менш усіх ключавых гульцоў задавальняе, што мае пазітыўную ролю. Думаю, што калі б Ціханоўская стала праяўляць аўтарытарныя тэндэнцыі і спрабавала ўсіх падмяць пад сябе, то мы б мелі сёння сітуацыю куды большага расколу і ўзаемнай варожасці. 

У той жа час у Офіса Ціханоўскай ёсць і свой самастойны ўчастак працы — міжнароднае прадстаўніцтва супольнасці і рэпрэзентацыя ды абарона яе інтарэсаў перад замежнымі ўрадамі і міжнароднымі арганізацыямі. 

Наколькі эфектыўна Ціханоўская на дадзены момант з гэтым спраўляецца? Тут могуць быць розныя думкі ў залежнасці ад выстаўленых крытэрыяў, але ў кожным разе пры любых спробах даваць ацэнкі галоўнае — суадносіць пажаданае з рэальнымі магчымасцямі. Абавязкова трэба прымаць як дадзенасць тое, што чароўных палачак, пры дапамозе якіх можна рабіць адным узмахам цуды, у прыродзе няма.

Але ўжо адно тое, што нават праз амаль два гады пасля беларускага жніўня 2020 года інтэнсіўнасць працоўнага графіка Ціханоўскай і ўзровень яе сустрэч прынцыпова не мяняецца, сведчыць пра тое, што яе асноўная місія прынамсі не праваленая. 

Увогуле забывацца пра беларускае пытанне на Захадзе не дае, вядома, і сам Лукашэнка, рэгулярна падкідаючы дроваў у, бывала, добра ўжо прыгаслае вогнішча. Але тое, што апазіцыя Лукашэнку і яе прадстаўніцтва ў эміграцыі дагэтуль успрымаецца заходнімі лідарамі як партнёр, з якім варта мець зносіны на самым высокім узроўні — тут ёсць, несумненна, і непасрэдная заслуга лідараў руху, якія адэкватна разумеюць бягучую сітуацыю, гнутка прыстасоўваюцца пад яе змену і прымяняюць правільныя падыходы ў працы з заходнім палітыкумам. 

Ціханоўская, можа, таму і прымаецца так доўга ў заходніх сталіцах, што ў яе асобе і ў яе атачэнні заходнія лідары бачаць адэкватных палітыкаў, з якімі могуць гаварыць на зразумелай ім мове. Што гэта людзі, якія не лётаюць у аблоках і рэалістычна глядзяць на свет ды сваё месца ў ім. Не скочваючыся да эпатажнага папулізму ні ў дзеяннях, ні ў рыторыцы. Бо беларуская ж супольнасць не ў такім стане, каб ставіць камусьці ультыматумы і дэманстраваць «рашучасць» з мэтай піяру, не маючы для гэтага ніякага зямнога грунту. 

Кіраўнікі рэальных дзяржаў ды рэальных урадаў — занадта занятыя людзі, каб сустракацца з палітыкамі ў выгнанні без рэальнай улады ў руках, калі яны, як катэгарычна сцвярджае Пракоп’еў, «адсталі ад парадку дня». І тым больш рабіць гэта рэгулярна, ледзь не на планавай аснове. Калі сустракаюцца з Ціханоўскай, значыць, не лічаць, што адстала.

І думка акурат гэтых людзей вартая ўвагі, бо яны, у адрозненне ад былога бізнэсоўца, штодзённа ў фармаванні гэтага парадку дня непасрэдна ўдзельнічаюць, і зусім не на нізавым узроўні.

Ну і не варта лічыць заходнікаў нейкімі дурнямі, якім можна падсунуць, каб папіць гарбаты, пешку, у той час як за яе спінай усім будзе запраўляць ферзь-супермен. Такая пыха да дабра не даводзіць, тым больш калі ў людзей, якія строяць такія планы, уласных палітычных дасягненняў пакуль няшмат. Насамрэч Ціханоўскую ў свеце ў самых высокіх кабінетах сёння прымаюць менавіта таму, што бачаць у ёй самастойную палітычную фігуру з уплывам на значную частку беларускага грамадства, а не бязвольную марыянетку, якую нехта торгае за нітачкі, нават гэтага не хаваючы. Ціханоўская як «англійская каралева» не будзе цікавая Байдэну і ён проста не будзе траціць свой каштоўны час, каб з ёй сустрэцца. Адпаведна і Осцін не будзе сустракацца ў суседнім кабінеце з «суперменам». 

Таму скінуць з п’едэстала Ціханоўскую, вядома, можна. Але толькі разам з яе статусам і завязанымі на яго міжнароднымі сувязямі. Свае сувязі трэба будзе здабываць самастойна, і ўменне рашуча адчыняць нагой дзверы можа тут не даць чаканага эфекту.

Увогуле з «рашучасці», калі ідзе гаворка пра вялікую палітыку, а не бойку ў двары, не трэба рабіць культу. Такая якасць, вядома, у палітыцы важная, але гэта не нейкі ўніверсальны чыннік, што працуе незалежна ад канкрэтных абставін і аб’ектыўных умоў. Так, у пэўнай сітуацыі яна сапраўды моцна патрэбная і лёсавызначальная, але ў іншых можа ствараць проста камічны (або трагікамічны) эфект.

Просты прыклад. Усе мы памятаем сітуацыю з сумнавядомым страйкам, абвешчаным на 1 лістапада мінулага года Беларускім аб’яднаннем рабочых на чале з Сяргеем Дылеўскім, які за мяжой зблізіўся з колам «Хартыі-97», што з’яўляюцца прыхільнікамі «рашучых дзеянняў». Гэтыя рашучыя людзі разважалі так: навошта «жаваць соплі», чакаючы для страйку спрыяльнага моманту, а да таго па меры магчымасці праводзіць патаемную падрыхтоўчую працу? Даеш забастоўку тут і цяпер! Ну і праявілі рашучасць, аб’явілі страйк з-за мяжы. Пасля ён некалькі тыдняў ці мо і месяцаў ішоў віртуальна ў сацсетках і СМІ «радыкалаў», а на рэальных прадпрыемствах у Беларусі яго ніхто не заўважыў. 

Дык чаго вартая такая пустая «рашучасць», абапертая толькі на словы, але не на хоць бы якія дзейныя структуры, ды праяўленая ў абсалютна не спрыяльнай для гэтага знешняй і ўнутранай сітуацыі? Ніякай карысці для справы яна не дае, а вось дыскрэдытацыі ў прынцыпе правільных задумак яўна спрыяе. 

Тое ж самае распаўсюджваецца і на іншыя сферы, у тым ліку і на фарміраванне вайсковай сілы. Ну вось уявім, што ў нас з’явіўся рашучы лідар, які публічна заявіў, што ні пра які мірны супраціў гаворкі больш няма, стаўка толькі на ўзброенае змаганне. І што гэта мяняе? Зразу пад сцягі гэтага лідара становяцца тысячы беларусаў і арганізуецца беларускае войска, якое ідзе браць штурмам Мінск? Але адкуль яны возьмуць зброю, дзе будуць фарміравацца, хто іх будзе навучаць, хто будзе фінансаваць гэтую ой якую нятанную справу? 

Саюзнікі, паводле Пракоп’ева, Польшча і Брытанія, але ці будуць яны аказваць беларускай справе менавіта вайсковую падтрымку? На чым грунтуецца такая ўпэўненасць? Хіба мы не бачым, наколькі цяжка нешта сур’ёзнае выбіваць з краін Захаду ўкраінцам, наколькі неахвотна ідзе тое ж НАТА на нейкія крокі, якія могуць патэнцыйна расцвяліць Пуціна і паспрыяць непасрэднаму ўключэнню Альянса ў канфлікт як аднаго з ваюючых бакоў? А Брытанія і Польшча — члены НАТА, і яны не змогуць такія рэчы, як стварэнне і ўзбраенне вайсковых фарміраванняў, адкрыта заточаных на змаганне з беларускім і расійскім рэжымамі, рабіць без узгаднення з партнёрамі. Нават калі б самі і хацелі.

Зрэшты, зыходзячы са згадкі Пракоп’ева, што прапанаванага ім «прэм’ера» пры Ціханоўскай «ведае ўся Украіна», можна меркаваць, што разлік робіцца на стварэнне беларускага войска пры ўкраінскай арміі і пры падтрымцы ўкраінскага ўрада. І гэта, вядома, больш рэалістычна. Але не зусім зразумела, чым такая ўжо кепская форма цяпер наяўных нацыянальных добраахвотніцкіх батальёнаў ды палкоў. Ужо некалькі месяцаў існуе полк Каліноўскага, цяпер Пракоп’еў з аднадумцамі нібыта дафарміравалі полк «Пагоня», які неўзабаве мае пайсці ў бой. Беларускія хлопцы і нават дзяўчаты, якія лічаць патрэбным цяпер набірацца рэальна баявога вопыту з прыцэлам выкарыстаць гэта ў будучыні, здаецца, маюць магчымасць гэта рабіць.

І хіба Ціханоўская з усёй яе «нерашучасцю» чыніць гэтаму перашкоды, хіба яна выступае супраць удзелу беларусаў у гэтых фарміраваннях? Здаецца, яна ў сваіх публічных выступах заўсёды каліноўцаў падтрымлівала і ніводнага кепскага слова пра іх не казала.

То навошта для таго, каб займацца фарміраваннем беларускіх вайсковых падраздзяленняў ва Украіне, спецыялістам у гэтай галіне трэба абавязкова браць пад кантроль беларускае палітычнае прадстаўніцтва на Захадзе? Што гэта можа практычна даць не для асабістых амбіцый асобных людзей, а для канкрэтнай справы? Што, іншы лідар зможа аб’явіць усеагульную мабілізацыю беларусаў, каб павялічыць колькасць ваяроў? Ну, аб’явіць то ён можа, але ж рэалізаваць гэта ніякіх рэальных механізмаў няма.

Так ці інакш, але апора мусіць быць і надалей толькі на добраахвотнікаў, а іх колькасць можа павялічвацца толькі ў выпадку сапраўды добрай пастаноўкі справы, высокага прэстыжу і бездакорнай рэпутацыі саміх фарміраванняў ды іх камандавання. На жаль, раз за разам назіраныя апошнім часам публічныя высвятленні адносін то паміж рознымі палкамі ды батальёнамі, то паміж вайсковымі фарміраваннямі ды іншымі структурамі сведчаць хутчэй пра адваротнае. І баюся, што найбольшая праблема акурат у гэтым, а не ў «нерашучасці» Ціханоўскай. 

Зрэшты, я не выключаю, што з часам такая патрэба сапраўды можа з’явіцца, і ў пэўны, нават ужо і недалёкі гістарычны момант рубам стане пытанне, каб на чале беларускага руху на самым высокім узроўні з’явіўся нават не «беларускі Чэрчыль», а «беларускі дэ Голь», то-бок лідар-вайсковец. Усё можа быць.

Але прапанова, агучаная Пракоп’евым цяпер — гэта размяшчэнне воза паперадзе каня. Адна справа, калі б сапраўды ў наяўнасці быў нейкі надзвычай аўтарытэтны чалавек, якому відавочна ўдалося зрабіць нейкую вельмі патрэбную для супольнасці справу, і каб яе працягнуць ці пашырыць, патрэбныя дадатковыя паўнамоцтвы. Але пакуль нічога не сведчыць, што гэта так.

Паўнамоцтвы прапануецца даць нейкаму пакуль нават не названаму чалавеку фактычна авансам, пад адно толькі чэснае слова, што ён не падвядзе. Але мы гэта ўжо праходзілі, на жаль. І нічога ў гэтым добрага няма. 

Чытайце таксама:

Навошта беларусам Ціханоўская?

«Realpolitik — яна такая». Падаляк, Ціханоўская ды натуральныя і сітуатыўныя саюзнікі Украіны

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

6
настаўніца-прастытутка жэстачайшэ 1-ага класу для тых, каму прыблізна па 38 / Адказаць
17.07.2022
"прайшоў т. зв."
что за пробел?
т.зв. - зараз пішацца толькі так.


https://d367rzjs5oyeba.cloudfront.net/295569

7
ром / Адказаць
17.07.2022
вот когда говорят про парламентскую республику в РБ у меня всегда в голове эти срачи в бел оппозиции))... и вопросы- что они смогут решить

не понимают главного- не лидер нужен сейчас! а народ! народ запуган и загнан в кусты, никто не пойдет жертвовать своей жизнью ради неких иллюзий для других, и чтобы что? чтобы те понтовщики уехавшие,,, спокойно вернулись на подосланную соломку?

а лидеры сидят!
на этом все! лет через 10 можно вопросы пробовать поднимать
2
King Size / Адказаць
17.07.2022
А почему бы заиметь не Черчиля, а Тэтчер? Она тож на Фолклендах давала отпор да еще и какой. Согласно этой истории там диктатура тоже получила не по-детски. 
Поменяйте пластинку наконец.
Паказаць усе каментары/ 61 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру