Рызыка заражэння адпачывальнікаў цэркарыёзам на возеры Нарач сёлета захоўваецца, паведаміла на прэс-канферэнцыі 10 ліпеня ў Мінску загадчыца аддзялення камунальнай гігіены Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Жаўняк. 

«Цэркарыі з Нарачы не зніклі. Гэта прыродная з'ява, абумоўленая самім возерам, — у яго пакатае дно, і гэта садзейнічае размнажэнню двухстворкавых малюскаў. Яны з'яўляюцца прамежкавым гаспадаром цэркарый — лічынак гельмінтаў вадаплаўных птушак», — адзначыла спецыяліст. 

Паводле яе слоў, развіццё цэркарый у Нарачы правакуюць самі людзі, падкормліваючы каля берага гусей і качак. «Яйкі гельмінтаў трапляюць у ваду, потым у двухстворкавы малюск, ператвараюцца ў лічынку, ну а потым лічынкі праходзяць пэўны цыкл, выходзяць з малюска і рухаюцца на цяпло. Іх канчатковыя гаспадары — тыя ж вадаплаўныя птушкі. Яны ўкараняюцца да іх пад скуру, адтуль у кроў, кішэчнік, і цыкл замкнуўся — яны ператвараюцца там у асобіну, якая дасягнула палавой спеласці», — сказала спецыяліст. 

Яна падкрэсліла, што ў арганізме чалавека лічынкі не могуць ператварыцца ў асобіну, якая дасягнула палавой спеласці, і гінуць пры укараненні пад скуру. «А гэта чужародны бялок, які ў многіх выклікае алергічную рэакцыю, што праяўляецца ў пачырваненні, свербе», — сказала Жаўняк. 

Паводле слоў спецыяліста, на ўсіх пляжах Нарачы «ўжо даўно стаяць плакаты» з пералікам мер прафілактыкі цэркарыёзу і абсталяваныя душавыя кабінкі. «Галоўная рэкамендацыя — адразу ўсе змыць. Калі з'явіліся клінічныя праяўленні, то я раю звярнуцца да ўрача, асабліва дзецям, бо ў іх алергічная рэакцыя можа выклікаць павышэнне тэмпературы», — падкрэсліла Жаўняк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?