Знайсці
17.03.2024 / 07:006РусŁacБел

Беларусь забараніла ўвозіць шэраг тавараў з Літвы. Хто пацерпіць ад гэтага больш? Тлумачыць эканаміст

У адказ на закрыццё Літвой двух пунктаў пропуску беларускі бок увёў забарону на ўвоз шэрагу тавараў з Літвы. Наколькі сур'ёзныя гэтыя абмежаванні і каго яны закрануць у першую чаргу?

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Белта»

Што забараняюць беларускія контрсанкцыі?

Пасля закрыцця Літвой яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю беларускі бок заявіў, што рыхтуе адказ. Пра ўвядзенне контрмер стала вядома 14 сакавіка.

Дзейнічаць яны пачнуць з 1 красавіка.

Беларусь забараніла імпарт праз мяжу з Літвой пэўных тавараў для продажу ў нашай краіне, незалежна ад краіны іх паходжання. Сярод іх — адзенне, воды, піва, віны, сусла вінаграднае, вермуты, напоі іншыя зброджаныя, спірт этылавы, воцат, шыны і пакрышкі, а таксама ўжываныя раней часткі і прылады транспартных сродкаў.

Забаронены таксама імпарт з Літвы іншых асобных тавараў, якія паходзяць з Літвы. У пераліку, напрыклад, малако і вяршкі згушчаныя, садавіна і арэхі, кава, сокі фруктовыя, воды, воцат, калготкі, панчохі, гольфы, шкарпэткі і іншыя панчошна-шкарпэткавыя вырабы, асобныя будаўнічыя вырабы, халадзільнікі і маразільнікі

Гэтыя забароны не закранаюць тавары, якія ўвозяцца ў Беларусь для асабістага карыстання.

Дапамога «Атланту»

Эксперт BEROC Зміцер Крук звяртае ўвагу, што ўрад унёс змены ва ўжо існуючую з 2021 года пастанову №700.

«Асноўны пасыл такі, што да абмежаванняў, якія тычыліся Латвіі, дадалі Літву. Пастанова тычыцца забароны паставак пэўных груп тавараў літоўскага паходжання ў Беларусь. З новага сюды дадалі лядоўні і халадзільнікі», — кажа Крук.

З'яўленне новай таварнай групы эканаміст тлумачыць жаданнем заадно падтрымаць «Атлант», паколькі ў Літве вырабляюць халадзільнікі Snaigė, якія пастаўляліся ў Беларусь.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка агучыў, што летась імпарт тавараў з груп, які трапілі пад санкцыі, быў на ўзроўні 5-6 мільёнаў даляраў. Крук мяркуе, што ў гэтыя лічбы можна верыць, бо такія паказчыкі суадносяцца з папярэднімі гадамі, калі Беларусь яшчэ публікавала поўную статыстыку.

«Гэта сапраўды невялікія аб'ёмы», — адзначае эканаміст.

Эканоміка гэтага не адчуе, а вось спажывец заплаціць болей

Што да забароны імпарту праз мяжу з Літвой пэўных тавараў для продажу, то яна не азначае, што гэтыя тавары стануць недасяжныя для беларускіх спажыўцоў.

«Іх як і раней можна будзе імпартаваць. Толькі ўвозіць іх у нашу краіну давядзецца праз Латвію або Польшчу», — тлумачыць эканаміст.

Таму, на думку эксперта, калі прадаўцы ў Літве і пакупнікі ў Беларусі будуць зацікаўленыя ў далейшай супрацы, то адзінае, што адбудзецца — гэта ўскладненне лагістыкі. Гэта ў сваю чаргу адаб'ецца на кошце тавараў.

У выніку пацерпіць беларускі спажывец, якому давядзецца плаціць больш высокую цану праз узрослыя выдаткі на транспарціроўку. Напрыклад, праз Літву да нас ішла істотная доля пакрышак і аўтазапчастак. Таксама падобныя забароны могуць прывесці да перабояў у пастаўках, а за гэтым — да змяншэння асартыменту.

«Але тут не выпадае казаць, што ўсе гэтыя тавары знікнуць з продажу. Мяркую, што такіх будзе не больш за 20-30%, калі нашы прадаўцы палічаць немэтазгодным імпарт з Літвы».

Зміцер Крук адзначае, што ў глабальным сэнсе ніякіх адчувальных наступстваў для беларускай эканомікі гэтыя санкцыі не прынясуць: не тыя аб'ёмы.

Наколькі контрсанкцыі адчуюць у Літве?

Па звестках Літоўскага дзяржаўнага агенцтва даных, экспарт Літвы ў Беларусь у 2023 годзе склаў 1,7 мільярда еўра. Гэта больш, чым у 2022 годзе (тады было 1,45 млрд еўра).

Па выніках 2022 года наша краіна займала 10 месца ў структуры літоўскага экспарту, а ў 2023-м паднялася на 8 месца. У працэнтным вымярэнне доля нашай краіны за мінулы год вырасла з 3,3% у 2022 годзе да 4,3% у 2023-м. Дзесяць гадоў таму, у 2013-м, доля Беларусі складала 5,1%.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Сярод літоўскіх вытворцаў з высокай працэнтнай доляй экспарту ў Беларусь можна назваць Švyturys-Utenos alus і Carlsberg. Прынамсі так было тры гады таму, калі па стане на жнівень 2021 года, доля Беларусі складала каля 20% усяго экспарту прадпрыемства.

На думку эксперта, з літоўскага боку ад беларускіх санкцый пацярпець могуць толькі тыя прадстаўнікі бізнэсу, у якіх экспарт у Беларусь займаў істотную долю. Такіх будзе няшмат, бо пад поўную забарону трапілі не ўсе тавары літоўскага паходжання, а толькі іх невялікая частка. 

Эканоміка Літвы асабліва не адчуе на сабе гэтых змен. У тым ліку праз тое, што доля экспарту менавіта тавараў літоўскага паходжання складала ўсяго некалькі працэнтаў ад агульнага экспарту.

Асноўныя краіны-экспарцёры Літвы ў 2023 годзе. Фота: скрыншот з сайта vz.lt.

Эканаміст адзначае, што Літве ў адрозненне ад Беларусі ўдалося дыверсіфікаваць эканоміку.

Беларусь з яе 4,8% уваходзіць у спіс асноўных эканамічных партнёраў Літвы, але ў іх ёсць шэраг іншых краін, на якіх таксама прыпадае каля 3-5% ад агульнага экспарту.

У Беларусі больш за палову экспарту ідзе ў адну краіну — Расію, і залежнасць ад РФ толькі расце. Літва наадварот пазбавілася гэтай залежнасці. Калі у 2013 годзе 19,8% літоўскага экспарту прыходзілася на РФ (1-е месца), то цяпер — толькі 5,4%.

Асноўнымі кірункамі экспарту гэтай балтыйскай краіны з'яўляюцца Латвія (10,8%), Польшча (9,3%) і Германія (7,8%).

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Даніла Луцкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
17
Панылы сорам
9
Ха-ха
9
Ого
7
Сумна
10
Абуральна
11
0
Антоха/адказаць/
17.03.2024
[Рэд. выдалена]
0
Антоха/адказаць/
17.03.2024
[Рэд. выдалена]
0
Антоха/адказаць/
17.03.2024
[Рэд. выдалена]
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930