Знайсці
05.03.2024 / 10:121РусŁacБел

Якія аўдыякнігі слухаюць беларусы? Найпапулярнае з Audiobooks.by

Стваральнікі навігатара па беларускіх аўдыякнігах Audiobooks.by расказалі «Нашай Ніве», якія творы, запісаныя іхняй камандай, карыстаюцца сёння найбольшай папулярнасцю сярод слухачоў.

На гэты момант на сайце сабраныя спасылкі на 585 кніг з сайтаў «Кніжны Воз», «Беларуская палічка», «Камунікат», «Радыё Свабода», «Беларускі ПЭН-цэнтр», «Мінінфарм Рэспублікі Беларусь», а таксама ва ўласным агучванні. На сайце ёсць аўдыякнігі па творах класікаў, сучасных аўтараў, а таксама аўдыякнігі для дзяцей, таму кожны зможа знайсці нешта на свой густ.

Вокладкі аўдыякніг «Кароткая гісторыя Беларусі» і «Дзікае паляванне караля Стаха». Фота: Audiobooks.by

Сярод кніг, агучаных самім праектам па-беларуску і выкладзеных бясплатна, нечакана па праслухоўваннях лідзіруе кніга «Кароткая гісторыя Беларусі» Алеся Краўцэвіча. У ёй на працягу 2 гадзін голасам Уладзіміра Лісоўскага распавядаецца гісторыя беларускай зямлі ад з’яўлення славян у V-VI стст. да абвяшчэння незалежнасці ў 1991 г. Найважнейшыя з’явы і падзеі беларускай гісторыі пераказаныя літаратурнай мовай у лагічнай сістэмнай і храналагічнай паслядоўнасці.

А вось на другім месцы чакана аказалася вечная класіка — прыгодніцкая аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча, агучаная купалаўцам Алегам Гарбузам. Галоўны герой выпадкова становіцца сведкам злавеснага прывіду дзікага палявання з далёкага мінулага, які трымае ў страху людзей.

Вокладкі аўдыёкніг «Бліндаж» і «Мая школа». Фота: Audiobooks.by

Замыкае тройку бясплатных кніг няскончаная аповесць Васіля Быкава «Бліндаж», напісаная ў 1987 годзе. Упершыню яна была апублікаваная ў 2006 годзе на старонках часопіса «Дзеяслоў», а выдадзеная ў 2007-м у Бібліятэчцы таго ж часопіса. Кніга агучаная Ігарам Дзянісавым і выдадзена Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў.

Сярод платных беларускіх кніг першае месца па праслухоўваннях займае кніга «Мая школа» Ганны Севярынец, у якой аповед вядзецца ад імя «русіцы» з сярэдняй школы ў выдуманым горадзе. 

Вокладкі аўдыёкніг «Апошняя кніга пана А.» і «Дзень Святога Патрыка». Фота: Audiobooks.by

Трымаецца ў лідарах і «Апошняя кніга пана А.» Альгерда Бахарэвіча. Яна складаецца з 30 казак, якія распавядае купцу-выдаўцу пісьменнік, што трапіў у доўг. Кніга была выдадзена ў рэвалюцыйным 2020 годзе і ўжо летась унесена рэжымам Лукашэнкі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Трэцяе месца сярод платных аўдыякніг здабыў яшчэ адзін твор Севярынец — раман «Дзень Святога Патрыка», выдадзены ў 2018 годзе ў выдавецтве «Янушкевіч». Кніга распавядае пра Марыну Дамейку, экспертку міжнароднай моўнай камісіі, якая прымае рашэнне прызнаць беларускую мову мёртвай. Яна сутыкаецца з праблемай, што захаваць з беларускага мастацтва ў спецыяльным архіве, а што назаўжды выкінуць.

Як прызнаюцца самі стваральнікі сайта, беларусы вельмі мала купляюць кніг. Найбольш іх набываюць беларусы замежжа — з ЗША, Польшчы і Канады, толькі пасля ідуць беларусы ў Беларусі. 

Гэта тлумачыцца ў першую чаргу недаступнасцю ў краіне такіх шырокавядомых платных сэрвісаў, як Google Play Books, Spotify, Apple. Да таго ж у пачатку гэтага года Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да сайта з Беларусі, а плаціць за некаторыя творы, прызнаныя экстрэмісцкімі, папросту небяспечна. 

Стваральнікі сайта адзначаюць, што гэтую сітуацыю трэба неяк выпраўляць, бо ўсё ж большасць беларусаў застаецца на Радзіме.

Вокладкі аўдыякніг Лятучага ўніверсітэта. Фота: Audiobooks.by

Што цікава, найбольш папулярнымі аўдыякнігамі на сайце аказаліся зусім не беларускамоўныя творы, а рускамоўныя. Гэта два курсы Лятучага ўніверсітэта «PR: як будаваць камунікацыю ў публічнай прасторы» Ірыны Сідорскай і «Сучасная медыя-прастора. Як трапіць у сваю аўдыторыю» Галіны Малішэўскай. Гэтыя кнігі ніяк адмыслова не рэкламавалі па-за беларускімі каналамі, але колькасць іх спамповак у 2-3 разы большая за беларускамоўныя кнігі. Большасць спамповак прыпадае на Расію.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Стваральнік бібліятэкі «Камунікат»: Вялікай папулярнасцю карыстаюцца кнігі з успамінамі, біяграфічныя кнігі

Згубіліся ў беларускім ютубе? Вось ажно 17 каналаў — знойдзеце свой

«Будуй сваё». Як можна матэрыяльна падтрымаць беларускія ініцыятывы

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
10
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
1
1
Беларус Літвы/адказаць/
05.03.2024
Калі казаць пра ўзгаданыя Google Play Books, Spotify & Apple, то кнігі на гэтых пляцоўках недаступны з Літвы таксама
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930