Знайсці
22.11.2023 / 14:09РусŁacБел

Траўмы на віражах. Бі-бі-сі спыняе вытворчасць Top Gear з-за аварыі на здымках

«Мы ведаем, што спыненне выпуску перадачы стане сумнай навіной для яе прыхільнікаў, але лічым, што паступілі правільна», гаворыцца ў заяве карпарацыі.

Вядоўцы Top Gear сталі сапраўднымі зоркамі. Фота з сайта Бі-бі-сі

Бі-бі-сі прыняла рашэнне на нявызначаны тэрмін спыніць вытворчасць свайго знакамітага аўтамабільнага шоу Top Gear. Прычынай такога рашэння стала сур'ёзная траўма, якую атрымаў на здымках у снежні мінулага года адзін з яе вядучых Фрэдзі Флінтоф, піша Бі-бі-сі.

«Мы ведаем, што спыненне выпуску перадачы стане сумнай навіной для яе прыхільнікаў, але лічым, што паступілі правільна, — гаворыцца ў заяве карпарацыі. — Пры гэтым уся астатняя дзейнасць Top Gear, уключаючы міжнародныя і лічбавыя фарматы, часопісы і ліцэнзаванне, закранутая не будзе».

Былы капітан зборнай Англіі па крыкеце, Эндру Флінтаф, больш вядомы ў Вялікабрытаніі як «Фрэдзі», далучыўся да каманды Top Gear у 2019 годзе разам з Падзі Мак-Гінесам і Крысам Харысам. Шоу з іх удзелам было вельмі папулярным, і апошнія серыі глядзела каля 4,5 млн гледачоў.

Аднак здымкі былі пастаўлены на паўзу пасля снежаньскай аварыі, якая адбылася падчас здымак аднаго з трукаў.

Яе падрабязнасці не выдаваліся, але ў прэсу прасачылася інфармацыя пра тое, што Флінтаф атрымаў сур'ёзныя траўмы твару і сківіцы. Газета Sun нават пісала, што яго машына перакулілася, хоць хуткасць у той момант не перавышала 30 км/г

Першыя фатаграфіі Фрэдзі пасля аварыі з'явіліся толькі ў верасні, і нават праз 9 месяцаў па шнарах на твары можна было меркаваць аб цяжкасці атрыманых ім траўмаў.

У кастрычніку ягоныя адвакаты распавялі Газеце Sun, што ён усё яшчэ не апамятаўся, а нядаўна вядоўца дамовіўся з Бі-бі-сі аб выплаце яму кампенсацыі ў 9 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў (каля 12 мільёнаў даляраў).

Зорная перадача

Апошнія два дзесяцігоддзі перадача Top Gear была адной з самых папулярных на Бі-бі-сі — у першую чаргу дзякуючы зорным вядучым.

Але поспеху спадарожнічалі і пастаянныя скандалы, часам вельмі гучныя. А таксама аварыі, без якіх цяжка ўявіць сабе праграму, звязаную з вялікай колькасцю аўтамабільных трукаў і яздой на высокіх хуткасцях.

У цяперашнім выглядзе шоу пачало сваё існаванне ў 2002 годзе, хоць гэтая тэлепраграма выходзіла з 1977 года (да гэтага, у 1960-х — 1970-х, на радыё Бі-бі-сі існавала шоу з такой жа назвай, але яно было прысвечана не аўтамабілям, а музыцы).

Аўтарамі новага фармату па праву лічацца прадзюсар Эндзі Уільямс і вядучы Джэрэмі Кларксан.

Менавіта пры Кларксане, на думку многіх, у праграмы быў «залаты век» і «залаты склад»: Рычард Хэманд і Джэймс Мэй выдатна дапаўнялі Джэрэмі, якога нават крытыкі прызнаюць за аднаго з самых харызматычных тэлевядучых.

Рэйтынг праграмы пастаянна ішоў уверх, але, каб адпавядаць чаканням, даводзілася рызыкаваць.

І хоць пры здымках выконваліся разнастайныя меры бяспекі, гэта не зберагло Рычарда Хэманда ад сур'ёзнай аварыі, калі ў 2007 годзе ў Амерыцы ён разагнаў свой балід з рэактыўным рухавіком да 500 км/г ў спробе паставіць наземны рэкорд хуткасці.

Рычард застаўся жывы, але ў пачатку 2023 года ён прызнаўся, што пачаў пакутаваць ад страты памяці і звязвае гэта з той аварыяй.

Акрамя мільёнаў прыхільнікаў, у Кларксана, Хэманда і Харыса было і мноства крытыкаў, якія вінавацілі іх у грубасці, ганарыстасці, грэблівым стаўленні да чужых культур (трыа шмат раз'язджала па свеце, здымаючы свае серыі ў розных краінах і часам жорстка пацяшаючыся з мясцовых парадкаў і звычаяў), а часам іх нават папракалі ў гамафобіі і расізме.

У нейкі момант Бі-бі-сі нават зрабіла Кларксану «апошняе папярэджанне», паабяцаўшы звольніць яго, калі ён яшчэ «дзесьці і калі зробіць хоць адну абразлівую заўвагу».

На наступны год вядучы і на самай справе пакінуў шоу пасля рукапрыкладства: ён пасварыўся з прадзюсарам з-за таго, што на здымачнай пляцоўцы не аказалася гарачай ежы.

Без працы Кларксан не застаўся, стварыўшы з Хэмандам і Мэем новае шоу Grand Tour, але ўжо на платформе Amazon, хоць многія лічаць, што поспех Top Gear ім перасягнуць так і не ўдалося.

Што ж тычыцца шоў Бі-бі-сі, то яго з пераменным поспехам узначальвалі многія зоркі, уключаючы Мэта Леблана з «Сяброў» і папулярнага брытанскага тэлевядучага Крыса Эванса.

Апошні склад праграмы падабраўся ў 2018 годзе, таксама аказаўся вельмі ўдалым.

Пэдді Мак-Гінес, майстар забаўляльных шоу, прыўнёс у праграму элемент даступнасці, Крыс Харыс, спецыяліст па аўтамабілях, дапамагаў падтрымліваць прафесійны настрой праграмы, ну, а Флінтофу была адведзена роля сарвігалавы. Ён адказваў за галаваломныя трукі і ў першым эпізодзе 2020 года нават здзейсніў банджы-джампінг проста ў машыне з высокай плаціны.

Але нават самыя паспяховыя і відовішчныя праграмы рана ці позна завяршаюцца. І хоць пакуль незразумела, як доўга можа працягнуцца перапынак у здымках, абвешчаны Бі-бі-сі, не выключана, што і гэтае шоу ў канчатковым выніку могуць закрыць.

Чытайце таксама:

Мастак Бэнксі пацвердзіў сваё сапраўднае імя — Бі-бі-сі

Прыхільнікі Кларксана прыехалі да Бі-бі-сі на танку

Джэрэмі Кларксан звольнены з Бі-бі-сі

Вядучыя Top Gear запускаюць новую праграму на Amazon Prime

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
4
Сумна
5
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031