Адміністрацыі прэзідэнта Расіі рэкамендавалі пазбавіцца ад айфонаў
Супрацоўнікам унутрыпалітычнага блока Адміністрацыі прэзідэнта Расіі рэкамендавалі да пачатку красавіка пазбавіцца ад iPhone, замяніўшы іх на смартфоны іншых вытворцаў.
Беларуская топ-чыноўніца Наталля Качанава «засвяцілася» са сваім айфонам
Такое ўказанне чыноўнікі атрымалі на семінары, які прайшоў у пачатку сакавіка ў Падмаскоўі. Пра гэта газеце «Камерсант» расказалі некалькі крыніц, якія прысутнічалі на мерапрыемстве.
Па словах суразмоўцаў газеты, патрабаванне звязана з меркаваннямі бяспекі. У адміністрацыі Пуціна лічаць, што смартфоны ад Apple ў большай ступені схільныя да ўзлому і шпіянажу з боку заходніх спецыялістаў.
Адна з крыніц заявіла, што чыноўнікам параілі памяняць iPhone на мадэлі з аперацыйнымі сістэмамі Android, яе кітайскімі аналагамі або расійскай «Аўрорай».
У Беларусі такіх рэкамендацый пакуль, відаць, няма. Беларускіх чыноўнікаў і дэпутатаў можна пабачыць і з айфонамі, і з эксклюзіўнымі Apple Watch.





