Знайсці
08.11.2022 / 00:3313РусŁacБел

Хлусіць — нядобра, а дзяржава — не стартап: чатыры ўрокі з кейса Зарэцкай

Юрыстка-міжнародніца Кацярына Дэйкала напісала гэты тэкст у фэйсбуку, бо для яе, як сама прызнаецца, у рэакцыях грамадства на кейс Таццяны Зарэцкай некаторыя рэчы аказаліся вельмі дзіўнымі. На самай справе гэты кейс, на яе думку — далёка не «жаўтуха» і не дробязь, калі людзі самі не ператвараюць яго ў «жаўтуху» ў абмеркаваннях.

Таццяна Зарэцкая. Фота: DR

Чаму ў прынцыпе важна гэта абмяркоўваць

Ёсць вялікая розніца паміж тым, на якім «агульным» змяняецца ўлада і зносіцца рэжым, і на якім «агульным» пасля гэтага будуецца новае. Для таго, каб знесці ўладу, дастаткова аднаго «агульнага» — непрыняцця рэжыму і разумення, што так — не. Для таго, каб будаваць новае, гэтага ўжо зусім не дастаткова, важна разумець, а як — так. І для таго, каб пабудаваць нешта якасна новае і, самае галоўнае, жыццяздольнае, надзвычай важна, каб у розных груп грамадства, як можна большай колькасці людзей, была згода па ключавых каштоўнасцях і канцэптах.

Вялікай памылкай, на мой погляд, з'яўляецца меркаванне аб тым, што мы ўсё гэта вырашым «потым», а цяпер галоўнае знесці рэжым. Не, усё гэта — фарміраванне таго, што называюць «новай Беларуссю». І яно адбываецца цяпер. У кожнай нашай рэакцыі і кожным нашым асэнсаванні.

Таму я буду казаць пра ўрокі для грамадства (не здымаючы першаснай адказнасці з Кабінета).

Кацярына Дэйкала. Фота Аляксандра Ружачкі

1. Хлусня і маніпуляцыі фактамі як самадастаткова і безумоўна недапушчальная рэч. Адсутнасць хлусні і маніпуляцый як самакаштоўнасць

Адбылася відавочная і адназначная рэч: хлусня і маніпуляцыя фактамі пра сябе і свой бізнэс. Хлусня і маніпуляцыі ад публічнага, дарослага чалавека, якая добраахвотна, у цвярозым розуме ўзяла на сябе адказнасць у адной з палітычных сфер, прыйшоўшы ў палітычную структуру на пэўную пасаду.

Нават калі апусціць інфармацыю з ананімнага незразумелага сайта, пра які піша «Наша Ніва», астатніх фактаў, прадстаўленых у абодвух матэрыялах («Нашай Нівы» і «Зеркала») і іх супастаўлення — цалкам дастаткова, каб убачыць маніпуляцыі. Пагадзіцца займаць пэўную пасаду, не маючы для яе прафесійнай кампетэнцыі — таксама частка маніпуляцый.

І да пытання пра цвярозае ўсведамленне сябе. Людзі, якія хлусяць, маніпулююць, выдаюць сябе за таго, кім не з'яўляюцца і гатовыя браць на сябе задачы, не маючы праф кампетэнцыі для іх вырашэння — будуць заўсёды. Гэта не сюрпрыз.

Пытанне ў тым, што рэакцыя грамадства на гэта павінна быць адпаведнай і не двухзначнай. Сам гэты факт падлягае асуджэнню. Безумоўна, пры гэтым трэба і важна абмяркоўваць дэталі, але сам гэты факт падлягае асуджэнню.

Зыходзячы з выказванняў некаторых вядомых прадстаўнікоў бізнэсу, якія з'яўляюцца і лідарамі меркаванняў, і не толькі бізнэсу (выказванняў як публічных, так і кулуарных), а таксама з каментароў, якія падтрымліваюць такія пазіцыі, калі ўсё рэзюмаваць, нам прапануецца такая канструкцыя: так, яна зрабіла шэраг недапушчальных рэчаў для палітыка, неразборлівая, так, яна не разбіраецца ў беларускай эканоміцы, але доказаў махлярства няма, гэта нармальна. «Калі апусціць мішуру», яна была ўзятая для прыцягнення грошай, гэта таксама свайго роду стартап, у сферы стартапаў, «пытанне крэдытаў і інвестыцый — гэта пытанне даверу, таму важна ўмець пускаць пыл у вочы», і наогул «яна адцяняла класічную беларускую апазіцыю маладосцю і яркасцю».

Ну, па-першае, дзіўна бачыць словы «давер» і «пускаць пыл у вочы» ў адной лагічнай звязцы.

Па-другое, нам прапануецца лічыць нармальным браць відавочна некваліфікаванага чалавека, да якога «ёсць пытанні», для прыцягнення грошай, таму што «яна стварыла стартап і ўмее прыцягваць фінансаванне». У той жа час у гэтага стартапа, па сцвярджэнні самога ж гэтага бізнэсмэна, «няма акупнасці і выніку для інвестараў». Дык што яна ўмее прыцягваць?

Па-трэцяе, не вельмі зразумела, навошта ў прынцыпе кідаць цень на ўсю сферу стартапаў, і людзей, з ёй звязаных, тэзісам «у гэтай сферы ўсе так робяць». Я разумею, што стартапы — гэта сфера рызык, і разумею чаму. Я не разбіраюся ў стартапах, але нешта з глыбіні маёй свядомасці падказвае, тым не менш, што сфера бізнэс-рызык і адкрытае наеб@лава — крыху розныя рэчы. Калі гэта не так — скажыце мне.

Па-чацвёртае, ёсць усё ж некаторая розніца паміж «усе так робяць» і «гэта лічыцца стандартам чаканых паводзін у прыстойнай супольнасці».

І, па-пятае, пра махлярства. Ну вядома тут няма махлярства як крымінальнага злачынства. У кожным разе, наяўнасць яго можа вызначыць толькі суд, а да гэтага дзейнічае прэзумпцыя невінаватасці.

Але гаворка не пра злачынства, а пра інстытут рэпутацыі. І для яго фарміравання ў грамадстве жыццёва неабходна публічна і недвухзначна асуджаць хлусню і маніпуляцыі з боку публічных людзей без залежнасці ад таго, ці здзейснілі яны пры гэтым крымінальнае злачынства.

2. Чаму дзяржава — не стартап

У дзяржавы і стартапа — розныя мэты і розная адказнасць перад грамадствам. Пры ўсім тым, што ў палітычным плане цяпер ідуць протапрацэсы, і ўсе структуры — гэта протаструктуры, тым не менш — гэта тое, што ёсць сёння, гэта тое, што сёння частка палітычнага працэсу, гэта тое, што функцыянуе, гэта тое, з чым сёння трэба працаваць. Гэта тое, што сёння складае свайго роду «палітычны трэнажор» для грамадства і для саміх палітыкаў, для нашага палітычнага сталення і фарміравання палітычных элітаў. Гэта ўсё да таго ж пытанні рацыянальнага vs. ірацыянальнага ўспрымання дзяржавы і палітыкаў.

Усе гэтыя аргументы пра маладую, амбіцыйную і г.д. — гэта таксама прыклад ірацыянальнага ўспрымання чалавека, які ўзяў на сябе палітычную адказнасць. Калі змешваецца сам чалавек і яго ўчынкі і роля.

Калі чалавек прыходзіць у палітычны працэс — ён бярэ на сябе зусім пэўную ролю. У грамадзянскай супольнасці — адна роля, у СМІ — свая, у бізнэсу — іншая, у палітыкаў — свая. Рацыянальнае ўспрыманне дзяржавы, калі ты выразна разумееш, хто ў якой ролі што павінен рабіць безадносна саміх персаналій.

Прыходзячы ў палітычны працэс, чалавек уступае ў грамадскую дамову з намі, і быць з намі сумленным (як мінімум выдаваць сябе за таго, кім ты ёсць на самай справе, а не вось гэта вось усё) — частка гэтай дамовы. І таму ніякіх аргументаў «яна вам нічога не павінна» быць не можа. Павінна, і нашмат больш, чым ёй.

Не хацелася б, каб у працэсе руху да новай Беларусі мы забыліся пра такі прынцып, як good governance (частка якога — падсправаздачнасць палітыкаў грамадству) толькі таму, што нехта малады, амбіцыйны і гэтак далей. Не задавальняе такі расклад — пераходзь у іншую ролю.

У 2020-м на маршах адным з папулярных лозунгаў быў «мы тут улада». Дык вось пажадана, каб мы не пакінулі гэта на вуліцах Мінска-2020 і выкарыстоўвалі гэта не толькі ў дачыненні да лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, але і ў дачыненні да любога, хто хоча ўступіць у палітычны працэс.

3. Рэакцыя як элемент культуры

Працуючы з тэмай бізнэсу і правоў чалавека, вельмі цікава назіраць, якая розніца ў рэакцыях на абвінавачванні ў парушэннях правоў чалавека (той жа дыскрымінацыйны маркетынг) у некаторых нашых бізнэсаў і буйных міжнародных карпарацый. І гэта таксама пра інстытут рэпутацыі. Там, дзе ён працуе, паміж рэакцыяй «сам дурань» і/або «не ваша справа, ідзіце ў дупу» і «прабачце, наш касяк, мы не хацелі нікога закрануць», часцей за ўсё выбіраюць апошнюю. З людзьмі дакладна гэтак жа сама.

Вядома, як уласніца бізнэсу яна мае юрыдычнае права не паказваць ніякія дакументы і забараніць публікаваць тое, што яна нагаварыла.

Але ёсць розніца паміж тым, калі ў цябе патрабуюць, як Панікоўскі ў Карэйкі «пакажы свой мільён», і калі да цябе як да чалавека з палітычнага поля паўсталі пытанні і важна абараніць сваё сумленнае імя. Ну і, зноў такі, не забываемся пра падсправаздачнасць грамадству.

І нават калі нейкія журналісты ў пагоні за гучнымі загалоўкамі назвалі цябе «мільянеркай», а ты ёю не з'яўляешся, адэкватная рэакцыя — звярнуцца да іх і сказаць: не трэба мяне так называць, таму што я — не мільянерка. Ну а калі гэта адбываецца з тваёй падачы — гэта не што іншае, як хлусня і ўвядзенне ў зман тых жа журналістаў.

4. Крытэрый гендарнай роўнасці не можа пераважаць над крытэрыем прафесійных кампетэнцый і сумленнасці

Балючая і важная тэма. Пры рэальна глыбокай праблеме гендарных стэрэатыпаў у нашым грамадстве важна больш выразна разумець стандарт дыскрымінацыі. Ніводнае палажэнне стандарту не кажа нам пра тое, што меркаванні гендарнай роўнасці могуць і павінны пераважаць над меркаваннямі прафесіяналізму і кампетэнтнасці або, тым больш, празрыстасці і добрасумленнасці.

Гендарная дыскрымінацыя — гэта не любое няроўнае абыходжанне па прыкмеце полу, а заснаванае на неразумных падставах (асабістых перавагах, напрыклад), г.зн. неабгрунтаваная няроўнасць.

Таму, перш чым уключаць аргумент гендарнай дыскрымінацыі або гендарнага балансу, важна пашукаць, а ці ёсць разумная падстава для прыёму/звальнення, у тым ліку звязаная з прафесійнай кампетэнцыяй і іншымі характарыстыкамі, якім павінен адпавядаць чалавек на гэтай пасадзе. А Кабінету гэта ўрок у тым, што важны разумны баланс паміж адказам на запыт грамадства і меркаваннямі прафесіяналізму.

Вынік

Калі спытаць у каго заўгодна — ці добра падманваць, пераважная большасць скажа — вядома, не. Ці павінен палітык быць падсправаздачным грамадству, пераважная большасць скажа — вядома, так. Але як толькі з'яўляюцца нюансы — з'яўляецца «ўсё не так адназначна». Гэта значыць, дзеля канкрэтнай мэты можна праглынуць і некаторую неахайнасць, неразборлівасць і непрафесійнасць чалавека, бо ён можа быць карысны.

Можна не асудзіць падман і маніпуляцыі, таму што «ўсе так робяць», ці таму што чалавек — стартапер, ці таму, што ён ахвяра пагроз, ці таму, што «ну і што, бо не здзейснена ніякага злачынства», ці таму, што імпануе сам чалавек: яркі, прывабны, малады, амбіцыйны і наогул жанчына, бо гендарная роўнасць такая важная, і г.д., і гэта можа аднолькава тычыцца як жанчын, так і мужчын.

Таму што гэта не пра Зарэцкую, гэта пытанні падыходу.

Чытайце таксама:

Паспяховая стартаперка ці баранэса Мюнхгаўзен? Як Таццяна Зарэцкая трапіла ў Аб'яднаны кабінет і чаму яна яго пакінула

«Чырвоных сцяжкоў больш, чым на камуністычным мітынгу». Фінансавы аналітык Адаскевіч пра стартап Зарэцкай

Зарэцкая: Хацелася б нагадаць прадстаўнікам медыя, што ў Беларусі ўсё яшчэ сядзяць палітычныя зняволеныя

Ціханоўская: Нашай памылкай было тое, як мы рэагавалі і камунікавалі падчас сітуацыі з Зарэцкай

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
83
Панылы сорам
8
Ха-ха
4
Ого
6
Сумна
4
Абуральна
7
2
Валошка/адказаць/
08.11.2022
Пытанне не да Зарэцкай, а да Офіса, некаторыя з супрацоўнікаў якога лічаць нармальным увозіць грамадскасць у зман. Вось ад гэтага погляду на піар як на мастацтва прыдумваць хлусьню, у якую людзі павераць, і трэба пазбаўляцца.
09.11.2022
Это великое мастерство - четко "развести рамсы" в любом блудняке.
4
Аліна У/адказаць/
09.11.2022
Вельмі дзіўна чытаць такое ад чалавека с навуковай ступенню у юрыспрудэнцыі, яшчэ і праваабаронцы. Аніводзін факт "вінаватасці" З. не быў пакуль даказаны. Мы прызвычайваемся да такога кшталту "расследванняў", калі журналіст не абцяжарвае сябе доказамі, калі хайпа хапае, каб "завесці" народ. Ці Зарэцкая хлусіць ці не пра свой стартап, дакладных дадзеных пакуль няма. "Еўрарадыё" атрымала ад яе падцверджанні, што з яе бізнесам усё добра. Яна сама (пакуль) больш не дае каментароў. А калі дасць, і ўсё гэта апынецца хлуснёй? Вельмі добра бачная (відавочная) пакуль толькі асабістая антыпатыя да З. і няздольнасць стрымацца нават ў адукаваных і дасведчаных асоб. І словы падабраны цікава - "на@балава", "ідзіце ў дупу" - такі вось досыць акадэмічны гласарый, канешне. Разважанне аб фемінізме ў гэтым допісе - гэта ўвогуле класіка схаванай мізагініі. Палітычная інфантыльнасць грамадства у спалучэнні са стэрэатыпным светапоглядам ("куды ж яна лезе у палітыку?") перамагаюць, на жаль, і логіку, і этыку. Вельмі агідна назіраць усё гэта агульнае захапленне тым, чаго па сутнасці не было. Яшчэ і гэты павучальны тон, які выглядае цалкам катастрафічна. Карацей, that's disgusting, ladies and gentlemen. 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера