У раздзеле «Жывёльны свет» на сайце райвыканкама падрабязна распісана, якія жывёлы і ў якой колькасці пражываюць на тэрыторыі раёна.
Жывёльны свет раёна прадстаўлены:
- Лось — 32
- Кабан — 134
- Казуля — 143
- Заяц — 389
- Бабёр — 104
- Выдра — 27
- Воўк — 6
- Цецярук — 270
Карыстальнік фэйсбука Павел Горбач зацікавіўся, якім чынам так дакладна падлічваюць зайцаў ды іншых жывёл і даслаў запыт у Дрыбінскі райвыканкам.
Там патлумачылі сваю методыку: «Пры ўліку выкарыстоўваюцца наступныя метады: зімовы маршрутны ўлік; анкетны ўлік; улік каляводных па першым снезе, улік бабра ў паселішчах, улік цецерука на таках».
Начальнік Маладзечанскай інспекцыі аховы прыродных рэсурсаў Уладзіслаў Чарноў паспрабаваў патлумачыць простымі словамі, якім чынам егеры адсочваюць колькасць жывёл:
«Проста лічыць баброў. Егер ведае, колькі баброў можа жыць у адной хатцы, таму лічыць колькасць хатак і памнажае на колькасць «жыхароў». Колькасць ласей лічацца зімой па слядах, якія яны пакідаюць на дарожцы да кармушкі. Прыблізна такім чынам лічацца ўсе астатнія жывёлы: складаюцца маршруты і карты. Ёсць яшчэ такі метад, як апытанне. Егеры пытаюцца ў жыхароў навакольных вёсак, ці бачылі яны дзікоў, касуль і гэтак далей. І такі метад, як ні дзіўна, але з’яўляецца адным з самых дакладных».
Колькасць жывёл падлічваецца раз на год.





