Расійскі тэлеканал «Рен-ТВ» прадэманстраваў апошнімі днямі сюжэт пад назвай «Украінскія вайскоўцы, якія вырваліся з катла, маральна раскладаюцца».
У ім паказана, як людзі ў вайсковай і паўвайсковай форме здзекуюцца з мірнага насельніцтва, б'юць мужчын і жанчын, пагражаюць ім зброяй.
Фэйк ад «Рен-ТВ»
Расійскі каментатар распавядае, што гэта робяць у Арцёмаўску ўкраінскія жаўнеры, якія выйшлі з акружэння пад Дэбальцавам.
Аднак партал stopfake.org выкрыў фальшыўку і апублікаваў арыгінал відэа з камер назірання, на якім бачная дата здымкі — 26 кастрычніка 2014 года.
Сапраўднае відэа.
Арыгінальнае відэа было апублікавана на канале Youtube 28 кастрычніка пад загалоўкам «Баевікі «Аплота» збіваюць мірных жыхароў у Данецку».
«Аплот» — узброенае прарасійскае фармаванне ў складзе войск так званай «ДНР». Першапачаткова «Аплот» быў баявой арганізацыяй цітушак у Харкаве, аднак потым актывісты збеглі ў Данецкую вобласць і пад кіраўніцтвам былога маёра ўкраінскай міліцыі Аляксандра Захарчанка ваявалі супраць украінскай арміі.
Са жніўня 2014 года Захарчанка быў прызначаны кіраўніком «ДНР».





