Паводле звестак Таварыства пластычнай хірургіі, у Беларусі выконваецца да 5 тысяч пластычных аперацый штогод, і іх папулярнасць расце. Прыблізна кожны сёмы кліент клінік эстэтычнай хірургіі жадае змяніць форму носа. Сярэдні кошт рынапластыкі (аперацыі на носе) – 7-8 мільёнаў рублёў.

Чаму аперацыя Юліі Кубаравай у цэнтры «Экамедсэрвіс» скончылася трагічна? Алег Стасевіч, пластычны хірург і сакратар Таварыства пластычнай хірургіі, не наважваецца каментаваць сітуацыю, пакуль няма канчатковых вынікаў камісіі.

«Любая хірургічная аперацыя, любое хірургічнае ўмяшальніцтва можа скончыцца трагічна. Можна нават палец парэзаць і загінуць. На жаль, гэта так», — засцерагае Стасевіч.

«Ёсць звышчуллівасць да нейкіх прэпаратаў у розных людзей. І вы ніколі не даведаецеся пра яе наяўнасць, пакуль не ўведзяце чалавеку той ці іншы прэпарат. Гэта немагчыма прадказаць».

Па сусветнай статыстыцы, каля 15-20% пацыентаў пасля рынапластыкі звяртаюцца ў клініку паўторна. Гэта зусім не азначае, што мае месца медычная памылка. У большасці выпадкаў чалавек не задаволены вынікам аперацыі, ён разлічваў на іншае. «Гэта ж эстэтычная хірургія. І пытанне эстэтыкі не мае межаў: можна размаўляць аб прапорцыях, але цяжка казаць пра эстэтыку», — кажа Стасевіч.

Смяротныя зыходы ў пластычнай хірургіі – з’ява рэдкая, аднак выключыць яе цалкам немагчыма. За апошнія дзесяць год у Беларусі вядома ўсяго пра некалькі такіх выпадкаў.

Імавернасць памерці пасля пластычнай хірургіі такая ж, як захварэць на рак лёгкіх пасля адной спаленай цыгарэты. «Але калі ў выпадку з цыгарэтай мы маем справу з выпадковасцю ў чыстым выглядзе, то калі мы гаворым пра хірургію – любую – ёсць яшчэ чалавечы фактар», — дадае хірург.

Перад тым, як легчы пад нож хірурга, пацыент падпісвае дамову, гэта значыць, дае так званую «інфармаваную згоду» на аперацыю. У дамове прапісваюцца магчымыя наступствы, у тым ліку і самыя трагічныя.

У Беларусі каля паловы кліентаў клінік эстэтычнай хірургіі – замежнікі. А значыць, нашым спецыялістам давяраюць, дый цэны ў нас ніжэйшыя, чым, напрыклад, у суседзяў. Да таго ж, Мінск – адноста невялікі горад, можна за адзін дзень абысці ўсіх хірургаў і параўнаць тое, што яны прапануюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?