У аўторкавым нумары пра гэта ў сваёй калонцы напісаў галоўны рэдактар выдання Уладзімір Беражкоў.

«Наша Ніва»: Ці правільна казаць, што «Прессбол» прадаецца?

Уладзімір Беражкоў: Абсалютна правільна.

«НН»: Што падштурхнула да такога кроку?

УБ: Сітуацыя на рынку прэсы такая, што існуе аграмадны дысбаланс між папяровымі выданнямі і інтэрнэтам. Газеты страчваюць у накладзе, а колькасць наведвальнікаў у нэце расце. Але інтэрнэт не прыносіць нам прыбыткаў. Нашы рэкламадаўцы не вельмі зацікаўленыя ў інтэрнэце. Так ужо склалася, што ў інтэрнэце ўсё бясплатна. А прафесіяналы бясплатна працаваць не могуць. Прынамсі, доўга.

«НН»: Наклад моцна знізіўся?

УБ: Тры гады таму наклад аўторкавага нумару быў каля 30 тысяч. Сённяшні «Прессбол» выйшаў з накладам крыху больш за 16 тысяч. Таксама мы маем каля 600 пдф-падпісчыкаў.

«НН»: У наступным годзе папяровая версія будзе выходзіць у тым жа фармаце: чатырох нумароў у тыдзень?

УБ: Мы ўнесеныя ў падпісныя каталогі. І павінны адпрацаваць перад чытачамі. Магчыма, увесну, калі паўстане новае пытанне ўключэння ў падпісныя каталогі, пойдзем на нейкую карэкціроўку.

«НН»: Інвестару прапануецца кантрольны пакет акцый?

УБ: Залежыць ад інвестара. Кожны выпадак трэба разглядаць індывідуальна.

«НН»: А хто сёння з’яўляецца ўладальнікам газеты?

УБ: Гэта пяць чалавек. Усе яны працуюць у «Прессболе»: я, Юрый Арлоў, Сяргей Новікаў, Аляксандр Дабрыян, Дзмітрый Беленькі. Усе мы пагадзіліся, што патрэбна шукаць інвестара.

«НН»: У сваёй калонцы Вы пішаце, што гатовыя ствараць «новы ліквідны прадукт». Будуць змены ў фармаце выдання?

УБ: У першую чаргу гэта датычыць інтэрнэту. Там трэба ствараць новы прадукт. Што тычыць газеты, то ў нас працуюць, можна сказаць, дыназаўры журналістыкі, выдатныя публіцысты, майстры сваёй справы. Трэба іх захаваць.

«НН»: «Прессбол» заўсёды цанілі за яго незалежную пазіцыю. Не баіцеся яе страціць?

УБ: Газету будуць рабіць тыя ж прафесіяналы. Няважна, дзеля чаго набывае інвестар выдання — з мэтамі прыбытку, развіцця, гуманітарнымі ці прафесійнымі. Ён наймае гатовы калектыў, гатовую вытворчасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?