У мінскім выдавецтве «Медысонт» выйшла кніга спартыўнага журналіста Сяргея Аляхновіча пра беларускага хакеіста Руслана Салея «Проста найлепшы. Simply the Best».

Абаронца каманды «Лакаматыў» (Яраслаўль) і зборнай Беларусі Руслан Салей загінуў 7 верасня 2011 года ва ўзросце 36 гадоў у авіякатастрофе пад Яраслаўлем, калі каманда вылятала ў Мінск на першы матч новага сезона Кантынентальнай хакейнай лігі супраць «Дынама».

«Гэта кніга — даніна памяці вялікаму беларускаму хакеісту Руслану Салею, а таксама гульцам, трэнерскаму штабу яраслаўскага „Лакаматыва“ і членам экіпажа самалёта Як-42Д, якія загінулі ў авіякатастрофе ў яраслаўскім аэрапорце Тунашна. Але гэта не кніга-рэквіем, яна — пра жыццё. Пра жыццё найлепшага гульца ў гісторыі беларускага хакея, у якой, нягледзячы на адведзеныя яму на гэтай Зямлі няпоўныя 37 гадоў, Руслан паспеў зрабіць вельмі шмат», — напісаў Сяргей Аляхновіч у прадмове.

Ідэя сумесна напісаць кнігу ў журналіста ўзнікла ў 2003 годзе, калі Салей у складзе клуба НХЛ «Анахайм» стаў першым беларускім хакеістам, які выступіў ў фінале Кубка Стэнлі.
«Расці, як звалі яго па той бок Атлантыкі калегі па прафесіі, ідэю падтрымаў. На працягу некалькіх тыдняў мы ледзь ні штодня сустракаліся — ён расказваў, а дыктафон запісваў касету за касетай. Аднак неўзабаве беларускай „магутнай качцы“ гэта, падобна, надакучыла — у адпачынку ёсць больш прыемнае баўленне часу, і ён прапанаваў: „Серж, давай вернемся да кнігі пасля таго, як завяршу кар’еру“. Так і вырашылі», — расказаў журналіст гісторыю стварэння кнігі.

Тое, што кніга пра Салея абавязкова патрэбная, ён канчаткова вырашыў на Усходніх могілках Мінска 2 лістапада 2011 года — у дзень нараджэння хакеіста. У першую частку ўвайшлі гутаркі 2003 года, сустрэчы ў наступныя гады, фрагменты размоў па тэлефоне і скайпе. Астатнія тры часткі — успаміны пра Салея яго мамы Тамары Гаўрылаўны і жонкі Бэтан, трэнера Майка Бэбкака, НХЛаўцаў і гульцоў зборнай, якія неаднаразова выходзілі з ім на лёд, а таксама раней апублікаваныя інтэрв’ю Аляхновіча з Салеем і «розная статыстыка, якая толькі пацвярджае, што ў беларускім хакеі Салей — проста найлепшы. Simply the Best». Назва кнігі, паводле слоў Аляхновіча, непасрэдна звязана са знакамітай песняй Ціны Цёрнер.

Да выхаду кнігі аўтар не дажыў: Сяргей Аляхновіч памёр 27 ліпеня гэтага года на 45-м годзе жыцця. Ён паспеў здаць кнігу ў друк і атрымаць сігнальны асобнік.

Наклад выдання аб’ёмам амаль 450 старонак складае 5.000 асобнікаў. Першая тысяча паступіць у продаж пасля афіцыйнай прэзентацыі, якая адбудзецца ў пачатку верасня і будзе прымеркавана да першай гадавіны авіякатастрофы пад Яраслаўлем і 40 дней са смерці журналіста.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?