У Студэнцкай вёсцы адкрыюць філію 33-й паліклінікі
У Мінгарвыканкаме задумаліся над медыцынскім абслугоўваннем Студэнцкай вёскі, дзе сёлета засяляюцца два новыя інтэрнаты.
Абсталявання пунктаў аховы здароўя відавочна недастаткова, а ездзіць у паліклініку № 33 у іншы канец горада, на вул. Сурганава, далёка. Цяпер разглядаецца магчымасць адкрыцця на базе гарадка філіяла студэнцкай паліклінікі: тут размесцяць стаматалагічнае і тэрапеўтычнае аддзяленне, а таксама лабараторыю. Абсталяванне прапануецца купляць за кошт сродкаў ВНУ. Пра гэта ішла размова ў час сустрэчы намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенкі з калектывам паліклінікі.
Стварэнне філіяла дапаможа таксама разгрузіць 33-ю паліклініку на час яе капрамонту. Абнаўляць і ўцяпляць фасад будынка плануюць ужо ў гэтым годзе, а з сакавіка 2013 года, пасля распрацоўкі праекта, пачнуцца работы ўнутры будынка. Зачыняцца на час капрамонту паліклініка не будзе.