У сувязі з сітуацыяй вакол затрымання карэспандэнта польскай «Газеты выборчай» Андрэя Пачобута і міжнароднай рэакцыяй на гэту падзею МЗС Беларусі вырашыла нагадаць польскім уладам аб прынцыпе вяршэнства закона.

«Выклікае здзіўленне лексіка, што выкарыстоўваецца афіцыйнымі прадстаўнікамі Рэспублікі Польшча, якія адкрыта гавораць пра аказанне „націску“ на беларускі бок у сувязі з затрыманнем А.Пачобута і заклікаюць да гэтага ўвесь ЕС», — гаворыцца ў каментары прэс-службы МЗС.

«Паводле логікі польскага боку, тое, што А.Пачобут называе сябе журналістам, мае польскую нацыянальнасць, ды да таго ж «прызначаны» Варшавай старшынёй галоўнага савета Саюза палякаў на Беларусі, якім на самой справе з’яўляецца зусім іншы чалавек, робіць А.Пачобута «недатыкальным», — адзначае прэс-служба.

У каментары нагадваецца, што Пачобут «з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь» і, «як любы іншы беларускі грамадзянін, знаходзіцца ў прававым асяроддзі, вызначаным беларускім заканадаўствам». «У Беларусі ўсе грамадзяне, незалежна ад іх прафесійнай дзейнасці і нацыянальнай прыналежнасці, роўныя перад законам», — сцвярджае прэс-служба ведамства.

«Замест спроб аказання націску на беларускую сістэму юстыцыі іх замежным ініцыятарам варта было б успомніць пра так часта дэклараваны нашымі еўрапейскімі партнёрамі прынцып вяршэнства закона, які ў выпадку з Беларуссю ўсё часцей спрабуюць падмяніць палітычнай мэтазгоднасцю», — рэкамендуе прэс-служба МЗС уладам Польшчы.

***

Нагадаем, беларускі карэспандэнт польскай «Газеты выборчай» Андрэй Пачобут быў затрыманы вечарам 21 чэрвеня ў сябе дома ў Гродне. У дачыненні да журналіста распачата справа на падставе ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на прэзідэнта, учынены асобай, раней судзімай за паклёп ці абразу). Год таму Пачобута ўжо судзілі на падставе ч. 1 арт. 367 КК (паклёп на прэзідэнта) і прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання на два гады. Цяпер журналісту пагражае пяць гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?