Усё адбылося сярод белага дня. Мама адпусціла маленькую дачку пагуляць на дзіцячай пляцоўцы. За малой жанчына назірала з акна, ды і дзяўчынка ўвесь час бегала да дамафона, каб «адзначыцца». На чатырохгадовую дзяўчынку без нагляду звярнуў увагу мужчына з таго ж двара.

— Да мяне падышоў дзядзька і сказаў, што купіць цукерак. Я не захацела. Потым ён сказаў, што ўключыць мне мульцікі,
— пазней расказала малая.

Мужчына ўзяў дзіця за руку і адвёў да сябе ў кватэру. Цяпер складана сказаць, ці быў нехта яшчэ на дзіцячай пляцоўцы ў той момант і чаму яго не спынілі. Так ці інакш, дзяўчынка апынулася ў чужой кватэры. Спачатку мужчына ўключыў даверліваму дзіцяці мульцікі, а потым пачаў чапляцца. Ад шоку малая расплакалася, пачала вырывацца, пасля чаго педафіл стукнуў яе некалькі разоў па твары, целе, а потым раздзеў безабаронную дзяўчынку і, як кажуць следчыя, «здзейсніў з ёй распусныя дзеянні». Калі ўвесь кашмар скончыўся, дзіця пабегла дадому і ўсё расказала маме. Бацькі адразу звярнуліся ў міліцыю.

— Грамадзянін 1979 года нараджэння асуджаны судом Першамайскага раёна па ч.3 арт.167 КК «Гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару» на 11 гадоў пазбаўлення волі (максімальнае пакаранне па дадзеным артыкуле — 15 гадоў). Раней ён не быў судзімы, злоўжываў спіртнымі напоямі, — пракаментаваў Сяргей Балашоў, старшы памочнік пракурора Мінска.

Нагадаем, у кастрычніку мінулага года ў Мінску на аўтавакзале згвалтавалі 9-гадовую школьніцу. Пазней высветлілася, што гвалтаўніка некалькі месяцаў таму ўжо судзілі, толькі ў турму не пасадзілі, а прызначылі абмежаванне волі. Цяпер справа аб згвалтаванні школьніцы разглядаецца ў судзе, і вельмі хутка будзе вынесены прысуд.

Дзеці гуляюць, а бацькі кураць на балконах

Як бы страшна гэта ні гучала, але такая гісторыя можа адбыцца ў любым двары. На дзіцячай пляцоўцы заўсёды знойдзецца дзіця, за якім бацькі назіраюць з акна або кантралююць праз дамафон. Далёка хадзіць па прыклады не трэба. У нашым двары маладая мама давярае пяцігадовай дачцэ карапуза, які толькі навучыўся хадзіць. За ёй самой яшчэ глядзець ды глядзець, але юная нянька вымушаная выхоўваць малодшага брата. Няўжо так цяжка аддаць свайму дзіцяці гадзіну вольнага часу? Разам прабавіць яго на свежым паветры з поўнай упэўненасцю, што да вашага малога не падыдзе чужы дзядзька і не адвядзе яго ў кусты? Зразумела, гатаванне вячэры, уборка кватэры, мыццё. Справаў шмат, але можа, гэта ўсё адгаворкі? Можа, проста няма жадання пасля цяжкага працоўнага дня сядзець у пясочніцы, калі можна паляжаць на канапе. Кожны вечар бачу адну і тую ж карціну, як бацькі кураць на балконах і кантралююць дзяцей з 10-га паверха:

— Саша, адыдзі ад арэляў! Маша, не выязджай на дарогу! Ты машын не бачыш?

Можа, варта проста спусціцца да дзіцяці і не вінаваціць сябе потым, што не змог уберагчы яго ад педафіла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?