Прырост валавога ўнутранага прадукту Беларусі ў 2011 годзе склаў 5,3% пры плане 9–10%. Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у абсалютным выражэнні ВУП склаў 274,3 трлн. рублёў.
Па выніках 2010 года прырост ВУП дасягнуў 7,7%.

У 2011 годзе тэмпы прыросту ВУП раслі ў студзені-маі і зніжаліся ў чэрвені-снежні. У студзені гэты паказчык склаў 7,4%, студзені-лютым — 7,8%, студзені-сакавіку — 10,9%, студзені-красавіку — 12,3%, студзені-маі — 12,5%, студзені-чэрвені — 11%, студзені-ліпені — 9,8%, студзені-жніўні — 9,1%, студзені-верасні — 7,9%, студзені-кастрычніку — 7%, студзені-лістападзе — 5,8%.

Вытворчасць прамысловай прадукцыі ў мінулым годзе ўзрасла на 9,1% і склала 337 трлн. рублёў (гадавы прагноз росту — 9–9,5%). Удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме адгружанай прадукцыі склала 17,4% (12–13%).

Сельскагаспадарчая вытворчасць у гаспадарках усіх катэгорый вырасла на 6,6% (7–8%), пры гэтым у сельгасарганізацыях вытворчасць павялічылася на 9,6%.

Прырост інвестыцый у асноўны капітал склаў 13,3% (гадавы прагноз 16–17%). Уведзена ў эксплуатацыю 5 млн. 487 тыс. кв. метраў жылля (на 17,2% менш леташняга паказчыка).

Аб’ём перавозкі грузаў транспартам узрос на 4,9%, рознічны тавараабарот — на 6,6%.

Спажывецкія цэны выраслі на 108,7% (у 2010 годзе — на 9,9%). Цэны вытворцаў прамысловай прадукцыі павысіліся на 149,4% (18,9%).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?