Прадстаўнікі гродзенскай арганізацыі Партыі БНФ не выключаюць байкоту Кангрэса дэмакратычных сіл. Пра гэта заявіў член Сойма партыі, лідэр пярвічнай арганізацыі незалежнага прафсаюза работнікаў «Гродна‑Азот» Сяргей Антусевіч.

«Гэта адбудзецца ў тым выпадку, калі тыя, хто прадставіў у камісію падробленыя подпісы, будуць зарэгістраваныя дэлегатамі на Кангрэс, — патлумачыў «Салідранасці&raquo»; сваю пазіцыю Сяргей Антусевіч. — Рэгіянальная камісія назіралькаў Аб’яднаных дэмакратычных сіл выявіла шматлікую колькасць фальшывых подпісаў. Быў выпадак, калі адзін і той жа чалавек за адзін дзень сабраў 160 подпісаў у розных канцах горада, што фізічна немагчыма. Я ведаю, што падобная сітуацыя адбываецца не толькі ў нас. Калі такія людзі будуць зарэгістраваныя дэлегатамі, я не бачу мэтазгоднасці ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Бо чым у гэтым выпадку мы будзем адрознівацца ад таго рэжыму, які ўвесь час крытыкуем, гаворачы пра фальсіфікацыі?

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік Гродзенскай рэгіянальнай камісіі назіральнікаў Яўген Лясоцкі, з 49 чалавек, якія выказалі жаданне стаць дэлегатамі кангрэса, подпісы як мінімум 10 вылучэнцаў выклікаюць падазрэнні ў членаў камісіі. На сённяшні дзень ў Гродзенскай вобласці працэдуру праверкі прайшоў 31 прэтэндэнт: 17 — ад Партыі БНФ і грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэнне», чатыры — ад руху «За Свабоду», па пяць ад АГП і ПКБ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?