Беларусы паступова сталі прызвычайвацца да эканоміі. У гарадзкіх кватэрах ужо ня дзіва лічыльнікі вады і электраэнэргіі.
Новыя кошты на газ відавочна падштурхнуць да пошукаў лічыльнікаў выкарыстаньня газу. Цяпер нават улады зразумелі, што без эканоміі, і ў грамадзкім сэктары таксама, не абысьціся. Нават павярхоўнае азнаямленьне з рынкам вымяральнай тэхнікі наводзіць на думку, што эканомія энэргарэсурсаў прадбачылася ня сёньня. Беларускія прадпрыемствы ўжо колькі год вырабляюць лічыльнікі вады, газу і электраэнэргіі.
Лічыльнікі вады ў Беларусі выпускаюць у Менску. Завод «Электроніка» выпускае кватэрныя электронныя лічыльнікі халоднай і гарачай вады. ААТ «МПОВТ» ды прадпрыемства »Армас» прапануюць лічыльнікі колькасьці вады і цяпла.
Лічыльнікі электраэнэргіі вырабляюць ААТ «Брэсцкі Электрамеханічны завод» і УП «Віцебскі завод электравымяральных прыбораў». Лічыльнікі газу прапануюць Менскі механічны завод імя Вавілава і той жа ААТ «Брэсцкі Электрамеханічны завод».
З прадукцыяй беларускіх вытворцаў можна азнаёміцца на віртуальным кірмашы.
Варта адзначыць, што да прадукцыі віцебскага заводу, у прыватнасьці да аднафазавых электронных лічыльнікаў, беларускія экспэрты маюць пэўныя прэтэнзіі. Таму будзьце пільныя пры выбары лічыльнікаў, тым больш, што ёсьць выбар.