Нацыянальны банк Беларусі (НББ) не адновіць валютныя інтэрвенцыі ні ў якім выглядзе за кошт чаканых найбліжэйшым часам сродкаў Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС на $800 млн,
заявіла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» крыніца ў фінансавых колах, знаёмая з пазіцыяй НББ.

«Нацбанк не будзе праводзіць інтэрвенцыі на валютным рынку за кошт паступлення $800 млн з Антыкрызіснага фонду. Вядома, што падчас дыялогу з місіяй МВФ эксперты фонду адзначылі, што лічаць аднаўленне інтэрвенцый немэтазгодным», — сказала крыніца.

Яна растлумачыла, што такая пазіцыя грунтуецца на недастатковасці гэтых сродкаў для правядзення неабходнага аб’ёму інтэрвенцый з улікам назапашанага адкладзенага попыту на замежную валюту.

«З улікам маштабнага адкладзенага попыту гэтых сродкаў хопіць у найлепшым выпадку на тыдзень. Потым рынак вернецца да свайго цяперашняга стану, але сітуацыя не зменіцца», — растлумачыў суразмоўца.

«Гэтыя грошы на рынак не пойдуць. Крэдыт будзе залічаны ў склад золатавалютных рэзерваў у поўным аб’ёме», — разлічвае крыніца.

У сувязі з гэтым «сітуацыя на валютным рынку кансервуецца ў цяперашнім выглядзе». У прыватнасці, рэгулятар не мае намеру здымаць дзейныя абмежаванні на пазабіржавым рынку і змяняць курсавую палітыку, лічыць крыніца. На яе думку, такая пазіцыя тлумачыцца тым, што ва ўмовах назапашаных дысбалансаў у эканоміцы «сёння ніхто не можа прапанаваць рэальны механізм выхаду на рынкавы абменны курс» пасля таго, як НББ за 5 месяцаў дэвальваваў нацыянальную валюту на 75%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?