Рэдактар часопіса Валер Булгакаў распавёў пра выдавецкія планы.

«НН»: Часопіс «Архэ» даўно перайшоў у фармат спецвыпускаў. Якія тэматычныя нумары сёлета пабачаць свет?

ВБ: Найбліжэйшыя нумары будуць прысвечаны Полацку (гэта ўжо трэці такі выпуск) і ХVІІІ-му стагоддзю беларускай гісторыі. Выбар тэм невыпадковы. Полацк, Полацкае княства — калыска беларускай дзяржаўнасці. Гэта культурна-гістарычны кантэкст, які мае першачарговае значэнне для беларускай ідэнтычнасці. Што тычыцца ХVІІІ стагоддзя, робячы такі нумар, мы рэагуем на цяперашні стан рэчаў у беларускай масавай свядомасці, падзей, якія планамерна вынішчаліся і фальсіфікаваліся. Для шараговага беларуса ХVІІІ стагоддзе — гэта проста суцэльная белая пляма. Адзіная інфармацыя, якую ён у лепшым выпадку мае ў сваёй галаве, — распад Рэчы Паспалітай, так званае ўз’яднанне Беларусі з Расіяй.

Нумары гэтыя рыхтаваліся доўга. Мы хацелі знайсці такія тэксты і адабраць такіх аўтараў, якія будуць рэзаніраваць з насторямі, думкамі нашых чытачоў.

Да Полацкага нумара рыхтуюцца тры цікавыя дадаткі. Кніга на 220 старонак —

гэта будзе першае выданне ў Беларусі «Рэвізіі Полацкага ваяводства» — унікальнага дакумента 1552 года.

Ён паказвае, хто жыў у Полацку і ваколіцах, якім чынам адбывалася эканамічнае і палітычнае жыццё, як быў уладкаваны побыт шараговых палачан напярэдадні акупацыі Полацка войскамі Івана Грознага ў 1563 годзе. Другі дадатак —

асобнае выданне манаграфіі польскага гісторыка Дарыюша Купіша «Полацак 1579».

Трэці дадатак, які фігуруе пакуль у нашых аддаленых планах, — гэта

манаграфія польскай аўтаркі Агаты Дэмковіч «Паэзія беларускіх езуітаў»,

прысвечаная лацінамоўнай творчасці полацкіх езуітаў канца ХVІІІ — пачатку ХІХ стагоддзяў. Гэты сюжэт мала распрацаваны ў Беларусі.

«НН»: Якія кнігі яшчэ рыхтуеце да выдання па-за дадаткамі да часопіса?

ВБ: Цягам гэтага года павінна выйсці манаграфія польскага мовазнаўцы Міраслава Янкавяка «Беларускія гаворкі ў Краслаўскім раёне Латвіі». Першае такое сацыялінгвістычнае даследаванне беларускай мовы ў сумежных раёнах Латвійскай Рэспублікі.

Другая кніга, якая фактычна зроблена, — манаграфія беларуска-польскага гісторыка Яна Шумскага «Саветызацыя Заходняй Беларусі ў 1944-1953 гг.» Сама назва раскрывае тэму даследавання. Хачу сказаць, што яно разбурае шматлікія міфы пра гарачае лікаванне заходнебеларускага народа з нагоды ўз’яднання, паказвае ўвесь той боль і пакуты, якія суправаджалі ломку ладу жыцця заходніх беларусаў.

«НН»: Сёлетні першы нумар часопіса быў прысвечаны падзеям 19 снежня 2010-га. Ці плануецца ў гэтым годзе выхад нумароў з аналізам сённяшняй палітычнай, эканамічнай сітуацыі ў краіне, як рабілася раней?

ВБ: Напрошваецца нумар, прысвечаны выбуху 11 красавіка. Але ў адрозненні ад Плошчы, экспертная супольнасць мае мала фактаў па гэтай тэме, каб нязмушана апеляваць імі. У планах ёсць падрыхтоўка нумара пра гэту рэзанансную праблему. Але не ведаю, ці выцягнем мы яго. Канцэптуальна такі нумар важна зрабіць,

каб беларуская дзяржава адчувала, што не мае манаполію на асвятленне такіх трагічных падзей.

Важна падаваць пашыранае бачанне вузлавых падзей для найноўшай гісторыі Беларусі. Але сталася так, што наша экспертная супольнасць вельмі млява на гэта зрэагавала. Асноўныя публікацыі, якія выйшлі ў незалежнай прэсе, выйшлі з-пад пяра журналістаў, а не аналітыкаў. У гэтым і палягае асноўная праблема: можна зрабіць нумар, прысвечаны выбуху, з удзелам журналістаў, але цяжка заангажаваць прафесійных аналітыкаў, каб закрыць гэту тэму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?