Старшыня Беларускага цяжкаатлетычнага саюза Аляксандр Шпілеўскі назваў непрыемную сітуацыю, што склалася ў нацыянальнай зборнай з-за канфлікту чэмпіёна пекінскай Алімпіяды Андрэя Арамнава і галоўнага трэнера Аляксандра Ганчарова.

«Я лічу, што спартсмен не павінен кіраваць трэнерам. Тут трэба пачаць з чыстага ліста і галоўнаму трэнеру, і самому Арамнаву, забыць старыя крыўды, падаць адзін аднаму рукі і закончыць гэты канфлікт», — заявіў Шпілеўскі ў гутарцы з журналістамі.

Кіраўнік БЦС зазначыў, што федэрацыя ніколі не падстройвалася пад патрабаванні аднаго чалавека: «Адзін час ён быў адлічаны з каманды і займаўся самастойна ў Барысаве. Ён вельмі цяжкі па характары чалавек, своеасаблівы. Ну, таленавітыя людзі, яны цяжкія. Я думаю, пройдзе нейкі час, чалавек усвядоміць, што, у прынцыпе, яго зрабілі ў тым ліку і асабісты трэнер, і каманда. І ён зразумее, можа, з узростам, што ў яго агрэсіўныя паводзіны. Самае галоўнае, ён ніяк не можа зразумець свае памылкі. Тыя ж, скажам, праблемы з алкаголем. На жаль, ёсць завышаная самаацэнка, няма адказнасці перад камандай і краінай. Пакуль, я думаю, гэта часовая з’ява. Чалавек ён таленавіты, думаю, усё выправіцца».

Шпілеўскі са шкадаваннем прызнаў, што не валодае «асаблівымі талентамі па перакананні гэтага чалавека».

«Мы тройчы з ім сустракаліся. На жаль, гутаркі былі неканструктыўныя», — канстатаваў ён.

У лютаўскім інтэрв’ю газеце «Прессбол» Андрэй Арамнаў, у прыватнасці, заявіў, што не гарантуе медаль на Алімпіядзе ў Лондане, калі Ганчароў будзе працягваць кіраваць зборнай.

«Я з гэтым чалавекам грэбую размаўляць, вітацца не хачу, — сказаў спартсмен.

— Ганчароў страціў маю павагу, яшчэ калі мне было 14 гадоў і ён у прысутнасці ўсёй каманды, не задумваючыся, закрануў маё самалюбства. Іншым разам мне моташна знаходзіцца з ім у адной зале, таму што ён спецыяльна, ведаючы пра маё стаўленне да яго, садзіцца побач з месцам, дзе я працую… Рэальна я магу не толькі дзве Алімпіяды выйграць, але і да сарака гадоў выступаць. А Ганчароў спрабуе спыніць мяне ў маім развіцці… Трэніруючыся па схеме Ганчарова, хутка зарабіў дзве міжпазванковыя грыжы і ледзь не застаўся без меніскаў».

Паводле слоў Арамнава, «пытанне, каб разабрацца з Ганчаровым», ставіў намеснік старшыні БЦС Аляксандр Курловіч, але трэнера абараніў Шпілеўскі. «Гэты чалавек не толькі не зрабіў для мяне практычна нічога, дык яшчэ і галоўнага трэнера падтрымлівае. Мне здаецца, ён проста не ўяўляе рэальнага стану спраў, таму што яму намеснік па спорце даносіць неправераную інфармацыю. Адсюль і давер да Ганчарова», — заявіў Арамнаў.

У сваю чаргу Ганчароў падкрэсліў, што патрабуе жорсткай дысцыпліны ў камандзе: «Як толькі спартсмен або трэнер пачынаюць дзейнічаць па-свойму., ідзе пагаршэнне тэхнічных вынікаў, псіхалагічная ломка, што ў выніку прыводзіць да катастрофы. У беларускім спорце ўжо быў выпадак, калі алімпійская чэмпіёнка пасля Афін развіталася са сваім настаўнікам. Дык у яе адразу не пайшло, усё перастала атрымлівацца».

На думку Ганчарова,

за Арамнавым стаіць «пэўная група людзей», якія хочуць пры дапамозе алімпійскага чэмпіянату змясціць яго з пасады.

Галоўны трэнер зборнай нагадаў, што Арамнаў некалькі разоў затрымліваўся п’яным за рулём і пазбаўлены вадзіцельскіх правоў на пяць гадоў, а таксама мае станоўчы тэст на канабіёіды (знойдзеныя сляды курэння марыхуаны).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?