Затрыманні магілёўскіх журналістаў — выклік усёй журналісцкай супольнасці Беларусі, лічыць Алесь Асіпцоў. 27 сакавіка ён вызваліўся з ізалятара часовага ўтрымання (ІЧУ) пасля трох сутак адміністрацыйнага арышту.

Нагадаем, незалежны журналіст Алесь Асіпцоў быў затрыманы ў Магілёве 24 сакавіка ў 13.45 непадалёк ад свайго дома каля гандлёвага цэнтра «Атлант». На працягу некалькіх гадзін яго месцазнаходжанне заставалася невядомым — прадстаўнікі праваахоўных органаў уводзілі журналістаў і праваабаронцаў у зман.

У прыватнасці, супрацоўнік Ленінскага РАУС маёр Андрэй Цецерукоў сцвярджаў, што Асіпцова затрымалі за дробнае хуліганства ў скверы 40-годдзя Перамогі і адправілі ў адзін з апорных пунктаў. Пазней дзяжурны міліцыянер паведаміў, што Асіпцоў быў адпраўлены ў суд Ленінскага раёна Магілёва. Аднак у канцылярыі суда за 20 хвілін да заканчэння працоўнага дня (18.00) запэўнівалі, што ніякай справы Асіпцова не паступала і не разглядалася.

Даведацца аб месцазнаходжанні журналіста ўдалося толькі пасля звароту ў 18.10 да намесніка начальніка Ленінскага РАУС Аляксандра Патарэнкі. Высветлілася, што затрыманне было праведзена не ў тым месцы, якое называў Цецерукоў. Як вынікала з пратакола, супрацоўнікі патрульна-паставой службы затрымалі Асіпцова

«за адпраўленне натуральных патрэб у грамадскім месцы»,

а суд Ленінскага раёна ў той жа дзень асудзіў яго на трое сутак адміністрацыйнага арышту.

На наступны дзень, 25 сакавіка, у Магілёве быў затрыманы яшчэ адзін журналіст — пазаштатны карэспандэнт БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч. Яго затрымалі, калі ён ішоў асвятляць мерапрыемства, якое планавалі правесці мясцовыя прадстаўнікі дэмсіл з нагоды Дня Волі, — ускладанне кветак да краязнаўчага музея. Лапцэвіч абвінавачваецца па двух артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях: дробнае хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Чакаецца, што 28 сакавіка над ім адбудзецца суд.

Пасля выхаду з ІЧУ Алесь Асіпцоў паведаміў, што, хутчэй за ўсё, абскардзіць свой арышт. «Хаця б для таго, каб супакоіць сваё сумленне. Я не ўпэўнены, што мне ўдасца абскардзіць рашэнне суда, але хаця б удасца данесці ўсю абсурднасць абвінавачанняў. Тое, у чым мяне абвінавацілі, — гэта з вобласці не Адміністрацыйнага кодэкса, а з вобласці псіхіятрыі. Калі чалавека затрымліваюць за тое, што ён памачыўся за 200 метраў ад кватэры, дзе ён жыве, — гэта неадэкватна», — заявіў журналіст.

Асіпцоў падкрэсліў: «Для мяне не вельмі важна, хто стаіць за ініцыятывай затрымання ў Магілёве журналістаў — кіраўніцтва гарвыканкама, ідэалагічная вертыкаль або кіраўніцтва сілавых структур і спецслужбаў. Важна тое, што ў Магілёве за апошнія 10–12 гадоў не было выпадкаў арышту журналістаў, якія ніякім чынам не ангажыраваныя ў палітычныя структуры і рухі.

Магілёў якраз выдзяляўся тым, што спецслужбы і сілавыя структуры цярпіма ставіліся да журналістаў. Цяпер гэтага няма».

«Відавочна, што затрыманне журналістаў — гэта наркотык для ўлад, — мяркуе Алесь Асіпцоў. — Думаю, што цяпер махавік гэтага арыштанцкага пераследавання журналістаў запушчаны, і трэба чакаць усё што хочаце, напрыклад, нейкіх пракурорскіх папярэджанняў і гэтак далей».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?