Надоечы сустрэла адну сваю знаёмую бабульку. Яе ўнучка і мой сын некаторы час вучыліся ў адным класе гімназіі. Разгаварыліся, як заўсёды, пра дзяцей. Бабуля са шкадаваннем расказала пра тое, што ў школе, дзе вучыцца яе ўнучка, ангельскую мову вядуць студэнты, і цяжка казаць пра добры ўзровень выкладання. Я пагадзілася з тым, што нашым дзецям цяпер асабліва важна ведаць замежныя мовы, бо Еўропа пасля падзей 19 снежня робіць велізарны крок нам насустрач у візавым аспекце.

Выявілася, што бабуля нічога не ведае пра тое, што насамрэч адбылося ў дзень выбараў і працягвае адбывацца ў нашай краіне дагэтуль.
Я расказала. Расказала пра тое, як жорстка была разагнаная Плошча. Расказала пра бесперапынныя рэпрэсіі, пра вязняў КДБ, пра міжнародны рэзананс. Бабуля слухала мяне са слязьмі на вачах, а потым прашаптала: «Дык гэта ж улада на крыві…» Мы развіталіся. Пажылая жанчына пакрочыла дамоў з цяжкім сэрцам.

А я з цяжкім сэрцам думаю пра пакаленне пенсіянераў, якое ў асноўнай сваёй масе жыве ў няведанні. Змушанае жыць, бо не мае інтэрнэту, спадарожнікавага тэлебачання, не ведае пра незалежную прэсу. Гэтае пакаленне часта вінавацяць у тым, што яно на кожных выбарах нязменна падтрымлівае Лукашэнку. Але ці можам мы папракнуць пажылых людзей у чэрствасці і абыякавасці? Ці можам мы вінаваціць іх у тым, што цягам нялёгкага жыцця яны проста былі прывучаныя верыць усяму, што выдаюць афіцыйныя СМІ? І хто данясе ім праўду?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?