Мінулым патыхнула ад паведамленьня агенцтва «Інтэрфакс» пра Курапаты, «дзе пахаваная вялікая колькасьць ваеннапалонных часу Другой сусьветнай вайны». Піша Віталь Тарас.

Усё было, як дагэтуль – ужо амаль васямнаццаць год запар. Шэсьце ў Курапаты па гарадзкіх ходніках, бел-чырвона-белыя сьцягі, крыжы, затрыманьні, памінальныя малітвы, прамовы над магіламі. Толькі сёлета чамусьці яшчэ больш адчувальна стала, як час цячэ назад, усё больш набліжаючы нас да тае эпохі, якая, нібыта, назаўсёды засталася ў далёкім мінулым.

Мінулым выразна патыхнула ад паведамленьня агенцтва «Інтэрфакс» пра шэсьце Курапаты, «дзе пахаваная вялікая колькасьць ваеннапалонных часу Другой сусьветнай вайны і грамадзянскага насельніцтва» ды пра мітынгоўцаў з «нацыяналістычнай сымболікай». Пра ваеннапалонных – гэта старая песьня на новы лад. Пра «гамбурскіх габрэяў», якіх, нібыта, расстрэльвалі немцы ў Курапатах, пісала некалі газэта камуністаў-чыкінцаў «Мы и время». Пісала пасьля таго, як урадавая камісія прыйшла да высновы: дзясяткі тысяч ахвяр закатаваныя ва ўрочышчы пад Менскам перад вайной. Аб гэтым сьведчаць рэчавыя доказы – жудасныя археалягічныя знаходкі, пачатак якім паклалі Пазьняк і яго паплечнікі. Старую камуністычную ману з мэтай прыкрыць тэрор сталінскага НКВД супраць мільёнаў паўтарае інфармацыйная агенцыя, якая абслугоўвае сучасную дзяржаву.

Кожны чацьверты

Трэба прызнаць, ацэнка інфармацыі часам залежыць ад вонкавых умоваў – надвор’я, стану здароўя назіральніка альбо яго начальства ці проста ад настрою. У жніўні газэта «КП в Белоруссии» апублікавала некаторыя сацыялягічныя зьвесткі са спасылкай на «Эўразійскі манітор» – сумесны праект, у якім удзельнічаюць сацыёлягі зь Беларусі, Казахстану, Расеі ды Ўкраіны. Сацыёлягі, у прыватнасьці, спрабавалі высьветліць, чаго найбольш у асабістым жыцьці баяцца грамадзяне гэтых дзяржаваў. З публікацыі вынікала, што найбольшы страх у 23% апытаных у Беларусі выклікае турма. У апытаных жыхароў Расеі гэты паказчык – 13%, а ў Казахстане – 7%. Тады гэтая інфармацыя выклікала іранічны розгалас у адной беларускай незалежнай газэце – маўляў, чым гэта так палохае турма законапаслухмяных беларускіх абываталяў?

Між тым, гэтая ж інфармацыя зноў прагучэла нядаўна на расейскай службе радыё «Свабода» побач зь іншай лічбай: амаль 20% зьняволеных у беларускіх турмах – былыя кіраўнікі дзяржаўных альбо прыватных прадпрыемстваў. І ўсё ж цяжка паверыць, што ў Беларусі найбольшы працэнт людзей – амаль кожны чацьверты – займаецца нейкім нелегальным бізнэсам альбо парушае законы, займаючыся гаспадарчай дзейнасьцю, і таму баіцца апынуцца за кратамі. Выглядала б лягічна, калі б гэты паказчык быў нашмат вышэйшы ў Расеі. Дый чаму ня штраф, ня іншае адміністрацыйнае спагнаньне, а адразу турма?

Просты адказ можна знайсьці ў іншым сацыялягічным апытаньні таго самага «Эўразійскага маніторынгу», апублікаванага сёлета ў траўні. Тады 23% апытаных у Беларусі сказалі, што баяцца дыктатуры і рэпрэсіяў. Гэта значыць, што пад дыктатурай і рэпрэсіямі чвэрць беларусаў разумеюць менавіта турму.

І ў гэтага перакананьня за пару восеньскіх месяцаў зьявіліся дадатковыя падставы.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Казулін атрымаў пяць з паловай гадоў зьняволеньня! Маладыя актывісты «Партнэрства», якія сачылі за сакавіцкімі выбарамі, атрымалі нежартоўныя тэрміны зьняволеньня толькі за прыналежнасьць да незарэгістраванай арганізацыі. Пэнсіянэрка Кацярына Садоўская атрымлівае два гады турмы за словы аб тым, што кіраўніку дзяржавы, на яе думку, патрэбная пэўная мэдычная даведка. Ці варта працягваць сьпіс рэпрэсіяў? Наперадзе прысуд у справе Зьмітра Дашкевіча...

У межах хібнасьці

Напэўна, калі б апытаньне на тэму страхаў праводзілася ў Беларусі цяпер, згаданая лічба 23% павялічылася б яшчэ больш.

Ці варта зьдзіўляцца, што 40% апытаных беларусаў ня ведаюць, што экс-кандыдат на прэзыдэнта Казулін сядзіць у турме? Ці ня больш карэктнай была б думка, што прынамсі палова апытаных ведаюць, але ня хочуць у гэтым прызнавацца нават пры ананімных апытаньнях? Ці, інакш кажучы, ня хочуць ведаць. Лічба 23% застрашаных, насамрэч, падкладвае міну пад увесь згаданы сацыялягічны праект. Паводле таго самага «Эўразійскага манітору», сёлета ўвесну каля 70% беларусаў заявілі, што яны цалкам задаволеныя жыцьцём. Незадаволеных – 28%. (Вышэйшы паказчык задаволенасьці ў Казахстане – 74%. А ва Ўзбэкістане, дарэчы, ён сягае амаль 80%. Напэўна, калі б апытаньне можна было правесьці ў Туркмэністане альбо ў КНДР, там атрымалі б і стопрацэнтовы паказчык народнага шчасьця.) Адпаведна, паводле апытаньня, станоўча ацэньваюць свайго кіраўніка дзяржавы амаль 70% беларусаў, 72% расейцаў і амаль 90% грамадзянаў Казахстану.

Гаворка тут не пра мэтодыку правядзеньня апытаньняў і не пра правілы выбаркі. І ў расейскім ВЦІОМ, і сярод беларускіх сацыёлягаў, ды й казаскіх, безумоўна, ёсьць адукаваныя спэцыялісты, прафэсіяналы высокай клясы. Не ў сацыёлягах і не ў сацыялёгіі справа.

Парадаксальным чынам менавіта гэтыя 23%, якія баяцца дыктатуры, пакідаюць надзею. Гэтыя людзі насьмеліліся прызнацца (хаця б ананімна) у сваім страху. Астатнія – іх большасьць – яшчэ не ўсьвядомілі, што ім трэба баяцца. І галоўнае, не разумеюць, як сьлед, чаго. Вядома, што для таго, каб пераадолець свой страх, трэба спачатку яго ўсьвядоміць. А яшчэ важней, каб была матывацыя. Яна павінная быць вельмі моцнай. Напрыклад – сорам. Многія, напэўна, памятаюць, як у дзяцінстве зрабілі які-небудзь учынак (напрыклад, скокнулі з абрыву ў раку), больш за ўсё на сьвеце баючыся ўсьмешак сваіх сяброў-пагодкаў.

Свабода як рэзус-фактар

Сёлетняй вясной апазыцыя заклікала людзей не баяцца. І ў гэтым быў вельмі станоўчы момант, бо ў прызнаньні таго, што многімі людзьмі кіруе страх, была праўда. І для прызнаньня гэтага факту, зноў парадокс, патрэбная была мужнасьць. Але гэтага было яўна не дастаткова. Куды важней паказаць людзям матыў – дзеля чаго трэба пераадольваць страх. Дзеля росту дабрабыту, зарплаты ў 800 ці 1000 баксаў (у пэрспэктыве), уласнага жытла? Дык да таго ж імкнецца і ўлада. Не забываючы, зразумела, пра сябе і дабрабыт чыноўнікаў. Сацыяльную бясьпеку, ня кажучы ўжо пра ўласна бясьпеку, у тым ліку фізычную, сёньня сапраўды гарантуе дзяржава. Дзяржава, пабудаваная на зразумелых савецкіх прынцыпах «зраўняйлаўкі». А тое, што такая бясьпека і такая роўнасьць – гэта і ёсьць турма, дзе кожнаму гарантаваная ягоная пайка, разумеюць, хіба, тыя самыя 23 працэнты.

І толькі духоўнага складніку чалавечага жыцьця ня можа забясьпечыць дзяржава. Каляровы тэлевізар і аўтамашыну кожнай сям’і, напэўна, пры пэўных высілках, можа. (Хоць на трыклятым Захадзе зь ягонай свабодай прадпрымальніцтва і тэлевізар заўсёды будзе навейшы, і аўтамабіль – больш эканамічны, бясьпечны і экалягічна чысьцейшы.) А захаваньне культуры і духоўнай спадчыны ня можа. Бо ў іх палягаюць асновы свабоды, зь якой аўтарытарны рэжым несумяшчальны. Яны, так бы мовіць, рознай групы крыві. Адна толькі свабода слова здольная прычыніць таталітарнай дзяржаве шкоду, не сумяшчальную з жыцьцядзейнасьцю.

Мы маглі ў гэтым пераканацца ўсяго пятнаццаць гадоў таму. Чаму ж гэтыя пятнаццаць гадоў мы так недалёка адышліся ад мінулага?

Немагчыма патлумачыць смак хлеба таму, хто яго ніколі не смакаваў. Дарэмна тлумачыць сэнс свабоды тым, хто ніколі ёй не карыстаўся. Свабода, якая грунтуецца не на культуры, а на страўніку, ёсьць насамрэч ахлякратыяй, уладай натоўпу. Уласна кажучы, аўтарытарная ўлада, як мы цяпер пераконваемся, мала чым адрозьніваецца ад улады натоўпу – яна проста загадзя адгадвае думкі абываталя. Дакладней – жаданьні. «Хлеба і відовішчаў!» З часу Рымскае імпэрыі мала што зьмянілася пад Месяцам.

Адзінае, што застаецца свабодным людзям, – гэта дзейнічаць свабодна, у адпаведнасьці са сваімі перакананьнямі і сьветапоглядам. Бо, і на гэтым палягае чарговы парадокс, свабоды выбару ва ўмовах несвабоды няма. Ёсьць толькі свабода пераадольваць свой страх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0