У былыя часы бацькі маладых не мелі месца за вясельным сталом. Яны маглі толькі на некаторы час прысесці, але не больш за тое. На працягу ўсяго вяселля ў іх была толькі адна задача: зрабіць усё магчымае і немагчымае для таго, каб вяселле атрымалася на славу ўсяму роду і каб максімальна захаваць маладых ад любых нечаканасцяў.

Займаючыся падрыхтоўкай вясельнага стала, перш за ўсё паклапаціцеся пра рытуальныя прыборы для маладых. Пажадана, каб у іх усё было аднолькавым: два фужэры чырвонага (ахоўнага) колеру, дзве талеркі з аднолькавым малюнкам, дзве аднолькавыя лыжкі і два відэльцы. Нажы лепш зусім не класці («менш будуць рэзацца», г. зн. сварыцца паміж сабой, казалі старыя людзі).

Перад тым як маладыя сядуць за вясельны стол, праверце, каб на іх крэслах ці пад крэсламі не было нічога насыпанага ці налітага і каб на іх месцы ніхто не садзіўся.

Абавязковае правіла: м

аладыя павінны заходзіць за вясельны стол толькі па ходзе гадзіннікавай стрэлкі (па сонцы), а выходзіць у зваротным кірунку.

Каб чалавек з дрэннымі намерамі «не сапсаваў» маладых, перад тым як госці сядуць за стол, хтосьці са старых людзей чытаў малітву або замову.

Маладым раілі, каб на працягу ўсяго вяселля яны трымаліся за рукі — каб паміж імі ніхто не праходзіў, у адваротным выпадку шлюб будзе недаўгавечным. У былыя часы адразу ж пасля шлюбу на парозе царквы хросны бацька злучаў маладым рукі і перавязваў іх спецыяльна падрыхтаваным ручніком.

За вясельным сталом першая выпітая чарка прысвячалася продкам (самым старэйшым прадстаўнікам роду). Другі раз паднімалі чаркі за здароўе бацькоў. І толькі ў трэці раз увага ўсіх гасцей пераходзіла на маладых. І тады чамусьці гарэлка ў чарках раптам станавілася нясмачнай — «горкай».

У вясельным закліку «горка!» прыхаваны велізарны пласт народнай культуры, які выказваецца двума словамі: «Не нашкодзь!».

Бацькі ці сваты прасілі ўсіх прысутных не нашкодзіць маладым, не сурочыць іх шчасце, будучых дзяцей, гаспадарку, поспех у справе і т. п. Давайце ўспомнім: калі мы глядзім на немаўля, нам тут жа хочацца выказаць словы захаплення: «які прыгожанькі, які харошанькі!», але народны этыкет забараняў падобныя вольнасці: калі прыгожы, то яго можа «выкрасці» нячыстая сіла. У сувязі з гэтым чалавек, які ўпершыню ўбачыў нованароджанага, павінен быў тройчы плюнуць і сказаць максімальна нейтральныя словы, маўляў, «падобны на бацьку», «гадуйся здаровенькі». У голасным «горка!» закладзены той самы прынцып — не нашкодзіць такім прыгожым і такім шчаслівым маладым.

На працягу ўсяго вяселля маладыя павінны быць толькі разам, ніякія рытуальныя дзеянні, у тым ліку і танцы, не павінны разлучыць пару. Сёння добрай традыцыяй стаў першы танец, які жаніх і нявеста танцуюць у сярэдзіне кола, утворанага гасцямі.

І яшчэ адна парада: чым менш спіртнога вып’юць маладыя падчас вяселля, тым спакайней будзе іх жыццёвы шлях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?