Прэм’ер‑міністр Украіны Мікалай Азараў разлічвае, што запланаваны на вясну візіт у Мінск прэзідэнта краіны Віктара Януковіча

«дасць магчымасць вырашыць шэраг пытанняў, і для гэтага адпаведную падрыхтоўку павінна ажыццявіць міжурадавая ўкраінска‑беларуская камісія». Пра гэта паведаміла 17 сакавіка ўпраўленне па сувязях са СМІ сакратарыята Кабінета міністраў Украіны па выніках сустрэчы Азарава з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзімірам Макеем.

Прэм’ер‑міністр выказаўся за паглыбленне двухбаковых адносін. «Беларусь — дружалюбная суседняя краіна, асаблівы партнёр для Украіны. Як і заўсёды паміж суседзямі, у нас ёсць тэмы для абмеркавання, пошуку кампрамісаў, але адназначна няма праблем, якія не вырашаюцца. У нас вельмі шмат магчымасцяў для развіцця двухбаковых адносін. Думаю, што і Беларусь, і мы зацікаўлены ў гэтым», — адзначыў Азараў.

У сваю чаргу Макей «павіншаваў Мікалая Азарава ад імя прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з абраннем на пасаду прэм’ер‑міністра». «Беларусь ведае вас вельмі добра і з найлепшага боку. З прызначэннем вас на пасаду чакаем новага этапа развіцця нашых адносін», — сказаў Макей.

Ён адзначыў, што

Беларусь разлічвае на развіццё стасункаў ва ўсіх без выключэння сферах. Паводле яго слоў, для дасягнення гэтай мэты бакам неабходна правесці грунтоўны аналіз адносін.

Падчас размовы Азараў і Макей «абмеркавалі магчымыя сферы інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва, у якіх можна дасягнуць хуткага і заўважнга выніку, у прыватнасці ў машынабудаванні, нафтахіміі, ваенна‑прамысловым комплексе, сельскай гаспадарцы».

Паводле паведамлення Першага канала беларускага тэлебачання, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта сустрэўся ў Кіеве таксама са сваім украінскім калегам Сяргеем Лёвачкіным і Віктарам Януковічам. Бакі абмеркавалі актуальныя пытанні беларуска‑ўкраінскіх стасункаў, а таксама перспектывы развіцця дамоўленасцяў Лукашэнкі і Януковіча, якія былі дасягнуты падчас паездкі беларускага кіраўніка ў Кіеў на інаўгурацыю новага ўкраінскага кіраўніка (25 лютага).

3 сакавіка адбылася тэлефонная размова кіраўнікоў Беларусі і Украіны, якія дамовіліся, што адміністрацыі прэзідэнтаў двух дзяржаў сумесна з зацікаўленымі ведамствамі выпрацуюць канкрэтны парадак дня сустрэчы, што мае адбыцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?