З 5-га красавіка ў сілу ўступае новы візавы кодэкс ЕС (Community Code on Visas). Ён павінен упарадкаваць і уніфікаваць патрабаванні і правілы выдачы віз грамадзянам краін, якія жадаюць ўехаць на тэрыторыю Еўрапейскага Саюза. З тэкстам дакумента можна азнаёміцца тут (па-англійску).

Новы кодэкс будзе датычыць віз, выдадзеных на права транзіту або прысутнасці ў краінах Шэнгенскага пагаднення. Новаўвядзенні не закрануць пытанняў атрымання дазволу на жыхарства і іншых доўгатэрміновых дазволаў на знаходжанне.

У дакуменце замацоўваецца патрабаванне асабістай прысутнасці пры падачы дакументаў на першую візу.
Гэта звязана з рашэннем ЕС аб увядзенні біяметрычнай ідэнтыфікацыі у агульнай інфармацыйнай сістэме Еўрасаюза. Калі раней дазвалялася падача дакументаў для атрымання візы бліжэйшымі роднымі, то зараз гэта стане немагчыма. Прынамсі, падчас першага візіту ў консульства краіны ЕС.

Падчас першай падачы заявы консульства павінны ўзяць адбіткі пальцаў, але калі такія адбіткі ўжо браліся ў апошнія 59 месяцаў, то іх абавязаны ўзяць з візавай інфармацыйнай сістэмы. Зрэшты, консульствы атрымаюць права абгрунтавана падазраваць просьбіта і патрабаваць у яго адбіткі пальцаў у любы час, Ад працэдуры падачы адбіткаў пальцаў будуць вызваленыя дзеці да 12 гадоў. Захаваць свае пальцы ў чысціні падчас візіту ў консульства краіны ЕС змогуць таксама члены афіцыйных дэлегацый і кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, разам са сваімі сямейнымі, якія збіраюцца на афіцыйны візіт па запрашэнню ўрада адпаведнай краіны

Пры гэтым, у новым дакуменце прадугледжаныя працэдуры шыфравання, захоўвання і знішчэння асабістых дадзеных па патрабаванню асобы, што атрымала візу.

Таксама плануецца стварыць інтэрнэт-рэсурс, на якім будзе размешчаная самая поўная інфармацыя, што датычыць атрымання віз у краіны Шэнгенскага пагаднення. Такі крок можа значна аблегчыць атрыманне неабходнай інфармацыі. Дагэтуль даводзілася звязвацца з консульствамі краін ЕС.

Падача дакументаў на візу павінна адбывацца не раней чым за тры месяцы да паездкі. У выпадку просьбы аб падаўжэнні тэрміну дзеяння візы – не раней, чым за шэсць месяцаў да яе заканчэння.

Паводле новага візавага кодэкса, пашпарт павінен быць сапраўдны мінімум 3 месяцы пасля чаканай даты выезду з зоны Шэнген, мець мінімум дзве чыстых старонкі, а таксама павінен быць выдадзены на працягу апошніх 10 гадоў да падачы заявы.
Такое патрабаванне тлумачыцца неабходнасцю захавання бяспекі на авіялініях. На новаўвядзенне варта звярнуць асаблівую ўвагу. Тэрмін дзеяння беларускіх пашпартоў ў большасці выпадкаў перавышае 10 гадоў у сувязі з чым у беларускіх грамадзян могуць узнікаць праблемы пры атрыманні віз.

Новы візавы кодэкс устанаўлівае кошт віз памерам у € 60 для ўсіх, хто старэйшы за 12 гадоў і €35 для дзяцей ад 6 да 12 гадоў. Дзеці да 6 гадоў змогуць атрымаць візу бясплатна. Канкрэтных умоў выдачы бясплатных віз у кодэксе не прадугледжана. Дамоўленасці паміж краінамі аб зніжэнні кошту віз застаюцца ў сіле, аднак Беларусі тое не датычыць. Прынамсі, пакуль.

Таксама новы дакумент прадугледжвае максімальны памер аплаты паслуг візавых цэнтраў – € 30. Раней кошт паслуг (напрыклад, за паскарэнне выдачы візы), мог значна перавышаць гэтую лічбу.

Новаўвядзенні пачнуць дзейнічаць ад 5-га красавіка для атрымання віз ва ўсе краіны Шэнгену, акрамя Даніі. Яна пакуль не будзе ўжываць агульны візавы кодэкс, але павінна на працягу шасці месяцаў адаптаваць сваё нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасці з ім. Ісландыя, Нарвегія, Ліхтэнштэйн і Швейцарыя будуць кіравацца гэтым дакументам, як напрамкам развіцця сваіх адносін з Шэнгенскім дагаворам. Вялікабрытанія і Ірландыя не плануюць змяняць працэдуру выдачы віз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?