На тым тыдні стала вядомая магчымая прычына таямнічай паездкі Лукашэнкі ў Швейцарыю. Еўрасаюзаўскі дыпламат паведаміў, што, згодна з іх інфармацыяй, кіраўніку Беларусі рабілі аперацыю на прастаце. Інфармацыя разляцелася праз інтэрнэт. От, там ужо назласлівілі.

У тым, што Лукашэнка ездзіў лячыць прастату, ніякага сораму няма. Тысячы мужчын у яго веку пакутуюць ад гэтага. Пытанне ў іншым: колькі беларусаў маюць магчымасць лячыцца ў Швейцарыі? Маюць грошы аплаціць аперацыю, нават самую мізэрную, у швейцарскай клініцы, знаходжанне там і дарогу?

Ці зарабляе кіраўнік дзяржавы дастатковыя для гэтага сродкі? У інтэрв’ю расійскаму тэлеканалу ТВЦ ён неяк сказаў, што ён мае месячны аклад каля 1200 даляраў. Падобная аперацыя і пяцідзённае знаходжанне, скажам, у швейцарскай клініцы Группы Хірсландэн выльецца ў суму ад 30 тысяч даляраў. Тэарэтычна, кіраўнік дзяржавы можа столькі назбіраць. Або напазычаць у міністраў, якія, паводле яго словаў, маюць аклады ў 800 даляраў штомесяц.

І ўсё ж, калі гэта была паездка на лячэнне, чаго ж тады прэс‑служба прэзідэнта і дзяржаўныя СМІ трубілі пра «афіцыйны візіт», «працоўныя сустрэчы»? Ці значыць гэта, што грамадзянін Лукашэнка з’ездзіў за дзяржаўныя грошы па сваіх прыватных патрэбах?

Пытанне на пытанні… Казалі б праўду, як ёсць, можа, людзі болей ім верылі б.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?