Сяргей Каваленка. Фота Сержука Серабро

Сяргей Каваленка. Фота Сержука Серабро

Пра гэта распавёў дзяжурны Кастрычніцкага РАУС Віцебску, куды даставілі затрыманага.

Каб даведацца пра лёс затрыманага, які замацаваў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай гарадзкой ёлцы на плошчы Перамогі, віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда паехаў у міліцэйскі пастарунак. Дзяжурны міліцыянт паведаміў, што ў іх утрымліваецца сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка, і супрацоўнікі міліцыі маюць намер распачаць супраць апазыцыянэра крымінальную справу за хуліганства.

Дзяжурны паабяцаў, што перадасьць затрыманаму харчовую перадачу, якую падрыхтаваў Барыс Хамайда. Пакуль Сяргея Каваленку дапытваюць сьледчыя, і да 11 студзеня ён будзе знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Потым далейшы лёс хлопца мае вырашыць пракуратура — ці распачынаць крымінальную, ці толькі адміністрацыйную справу за ўчынак, які міліцыянты кваліфікуюць як хуліганства.

7 студзеня апоўдні на вершаліне галоўнай гарадзкой ёлкі на плошчы Перамогі ў Віцебску зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг. На вачох у соцень гараджан, якія прыйшлі канцэрт мастацкай самадзейнасьці ці на каток, сьцяг зьнялі супрацоўнікі МНС, узьняўшыся на вышыню каля 40 мэтраў з дапамогай адмысловай пажарнай машыны зь лесьвіцай. Сяргея Каваленку, які вывесіў сьцяг, затрымалі міліцыянты. Зь міліцэйскай машыны ён пасьпеў патэлефанаваць журналістам ды паведаміць, што сьцяг узьняты ў гонар сьвята Божага Нараджэньня. Пра тое, што ён затрыманы, яму сказаць ужо не дазволілі.

Сяргея Каваленку ўжо неаднаразова затрымлівалі за акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ды каралі штрафамі і арыштамі. Барыс Хамайда непакоіцца, што гэтам разам маладога актывіста пакараюць больш строга як раней: сьвяткаваньне на плошчы перамогі ў абласным цэнтры адбываецца сёлета ўпершыню і да таго ж паводле ініцыятывы старшыні віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Косінца. Менавіта ён загадаў усталяваць на плошчы галоўную гарадзкую ёлку, на якой сёньня зьявіўся нацыянальны сьцяг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?