«Сама я жыву ў Брэсце, — расказала Таццяна. — Бацькі памерлі, і ў вёсцы, кіламетрах за сто ад горада, застаўся дом. Вёска невялікая: дамоў сто жылых, а пустых — у два разы больш. Школа, клуб, пошта закрытыя, ёсць толькі крама.

Мне і сёстрам хата не патрэбная: мы ўсе ўжо пенсіянеркі, жывем у горадзе, маем лецішчы. Распыталі сваякоў і знаёмых — ніхто хатай не зацікавіўся. Але ж шкада, каб яна стаяла без толку, разбуралася: пабудова яшчэ моцная, з дзвюма печкамі, летняй кухняй са склепам. Насупраць хаты — новая царква, асфальт выкладзены, газ і вада па вуліцы.

Што рабіць — не ведалі, таму пяць гадоў хата проста стаяла зачыненая. А потым на вачах пачала «хварэць»: упаў плот, разбурыўся комін на даху. Стала горка, што бацькоўская сядзіба руйнуецца.

Тады мне ў галаву прыйшла ідэя размясціць у інтэрнэце аб'яву аб тым, што мы аддаём дом бясплатна. Праўда, паколькі ён аформлены не быў, новаму гаспадару трэба было зрабіць дакументы і, натуральна, патраціцца на гэта.

І вось цуд, пасыпаліся паведамленні. Іх было шмат. Я наўгад абрала чалавека, якому, як мне падалося, дом быў больш патрэбны, чым усім астатнім. Мужчына выказаў намер афіцыйна аформіць пабудову, трохі добраўпарадкаваць і пераехаць жыць у вёску назусім.

Яму 37 гадоў, са шматдзетнай сям'і, свайго жылля няма і рэсурсаў для яго з'яўлення таксама. Але самае галоўнае, ён хацеў жыць у вёсцы, любіў вясковае жыццё і яго не палохалі ні клопаты з афармленнем, ні адсутнасць выгод.

Мы з сёстрамі пагадзіліся на такі варыянт. Пакінулі яму мэблю, газавыя балоны, паліва. Хату аддалі цалкам бясплатна. Адзінае, за ягоны кошт быў транспарт, на якім мы ездзілі ў сельсавет для афармлення.

Вядома, мы трохі перажывалі — усё ж аддавалі дом у чужыя рукі, і ці мала ў што чалавек мог ператварыць бацькоўскае гняздо… Але вось прайшло паўгода. Новы гаспадар адрамантаваў дах, зрабіў касметычны рамонт усярэдзіне, аб'яднаў кухню з пакоем, купіў новыя вокны і вясной збіраецца іх мяняць. Выкасіў траву, пачынае разбіраць развалены хлеў. Увогуле, ідзе рух наперад.

Пакуль мужчына там не жыве, ездзіць вахтамі праз два тыдні, але ў яго мора планаў. У траўні збіраецца знайсці працу на вёсцы (а праца для тых, хто яе не баіцца, ёсць) і пераехаць туды з сям'ёй.

Адкуль я ўсё гэта ведаю? Мы маем камунікацыю. Ён мне тэлефануе, высылае фота ператварэнняў і пакупак. Душа радуецца, што дом нашых бацькоў атрымаў другое жыццё.

Таму я вырашыла падзяліцца сваёй гісторыяй і звярнуцца да тых, у каго такая ж сітуацыя з хаткай на вёсцы, як была ў нас. Калі яна вам не патрэбна, можа, знойдзецца той, хто будзе рады такому падарунку. Раптам кагосьці вы зможаце зрабіць шчаслівым…»

Чытайце таксама:

«З чаго пачаць? Пачніце са шпалераў». Як найбольш ашчадна аднавіць купленую вясковую хату

Калі лепш набываць дамок на вёсцы і якія ёсць варыянты?

Агледзелі больш за сто хат, але знайшлі-такі сваю. Сям'я мінчукоў з'ехала ў вёску, каб радавацца жыццю і карміць аленяў

Зрабіў лазню з хлява, выкапаў сажалку і будуе капліцу. Беларус пераехаў на хутар у Палессі і стаў папулярным блогерам, расказваючы пра сваю гаспадарку

Клас
71
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
9