Другая хваля

Дыяпазон прапаноў цяпер велізарны — на любы густ. Сёлетні загарадны сезон (гаворка аб здзелках куплі-продажу), як звычайна, пачаўся ранняй вясной. Па даных кадастравага агенцтва, з пачатку года новых уладальнікаў знайшлі больш за паўтысячы летніх домікаў у Мінскай вобласці (без уліку варыянтаў у вёсках), а першыя аб'екты былі прададзеныя яшчэ ў пачатку студзеня.

Расстаноўка «дачных сіл» сур'ёзна змянілася тры гады таму, — распавядаюць спецыялісты рынку нерухомасці. — Калі раней невялікія аб'екты ў садаводчых таварыствах і вёсках набывалі толькі сапраўдныя прыхільнікі такога роду адпачынку, якія любілі даглядаць зямлю, займацца рамонтам дамоў, збіраць восенню ўраджай, то пасля эпідэміі кавіду шэрагі прыхільнікаў лецішчаў папоўнілі беларусы, якія звычайна з'язджалі на выхадныя і ў адпачынак за мяжу.

Таксама досвед аддаленай працы, недаступны большасці раней, паказаў, што працаваць можна з любой лакацыі. І рабіць гэта (прынамсі, летам) прыемней дзесьці за горадам, чым у чатырох сценах кватэры. Адсюль і цікавасць да лецішчаў з боку тых людзей, якія ніколі і не задумваліся аб прывабнасці загараднага жыцця. Менавіта яны зразумелі каштоўнасць такога роду нерухомасці. І дадалі здзелак у статыстыку.

Прычым, як адзначаюць спецыялісты, істотна рассунуліся часавыя рамкі, калі пакупкі рабіліся ў асноўным да чэрвеня, каб можна было паспець адгуляць сезон. У гэтым жа годзе цікавасць да такіх метраў не зменшылася нават у верасні.

Можна сказаць, што за апошнія гады попыт на дачы строга сегментаваны: «агароднікі» імкнуцца закрыць здзелкі да красавіка. А тыя, хто разглядае загарадную нерухомасць толькі як месца адпачынку, працягваюць, не спяшаючыся, падбіраць аптымальны варыянт на працягу ўсяго сезона. І нават са спакойнай душой могуць адкласці куплю да наступнага года. Так што цяпер якраз актыўнічае «другая хваля» — людзі, якія не факусіруюцца толькі на градках, а проста з дапамогай дачы імкнуцца разнастаіць сваё жыццё.

Цана адштурхоўваецца ад лагістыкі

Знайсці добрую дачу — задача з нялёгкіх. І ўсё таму, што нашы кашалькі не бяздонныя. А так хочацца знайсці «казку» з трох бонусаў: блізка, сучасна і нядорага. Часта пажаданні пакупнікоў не супадаюць з іх магчымасцямі. Прыняцце таго факта, што ты не можаш набыць ідэальную дачу, таксама займае нейкі час. І гэты час пры самастойным пошуку нярэдка расцягваецца на гады.

Пра якія сумы ў асноўным ідзе гаворка? Запыты цяпер вельмі розныя. Самы бюджэтны варыянт — сціплы шчытавы домік на невялікім участку, аддаленым ад МКАД на 50-60 кіламетраў.

Прычым размешчаны «дачны цуд» будзе ў «мурашніку»: вакол апынуцца аналагічныя таварыствы на сотні дзялянак, а па лясной дарозе трэба будзе праехаць пяць-сем кіламетраў. Але ж чалавек усё адно атрымае яднанне з прыродай. Такі варыянт можна знайсці прыкладна за 5 тысяч долараў па курсе.

На выніковы кошт загарадных дамоў па-ранейшаму ўплываюць транспартная даступнасць, блізкасць або наяўнасць інфраструктуры, аддаленасць ад МКАД і напрамак (самыя папулярныя ўжо не змяняюцца — Маскоўскі, Лагойскі, Мядзельскі і Маладзечанскі).

Суадносіны «цана/якасць» залежаць ад запытаў патэнцыяльных пакупнікоў. Хтосьці гатовы ўзяць невялікую дачу танней і перарабіць яе пад сябе. Камусьці трэба менш суседзяў і прасторны двор для дзяцей або хатніх жывёл.

Вялікую цікавасць традыцыйна выклікаюць гатовыя да пражывання аб'екты недалёка ад Мінска. І калі вылучаць нейкую заканамернасць, то прадстаўнікі рынку могуць адзначыць некаторае павелічэнне здзелак па куплі-продажу сучасных уладкаваных дамоў у садовых таварыствах, прыдатных для круглагадовага пражывання.

Зрэшты, паводле ацэнак экспертаў, тэндэнцыя налічвае ўжо больш за дзесяць гадоў. Людзі і раней куплялі ўчасткі са старой дачай, зносілі, будавалі вялікія дамы, абсталёўвалі неабходнымі камунікацыямі і бытавой тэхнікай, каб жыць увесь год і ездзіць блізка на працу ў горад. Так кампенсавалася адсутнасць прапаноў з катэджнымі пасёлкамі «ўсё ўключана», якія пачалі з'яўляцца толькі ў апошнія 5-6 гадоў.

Плюсы і мінусы

Калі разглядаць цалкам бюджэтны варыянт, тады трэба шукаць адносна не старую хату (якой не больш 20 гадоў) у звычайных вёсках. Нават самыя моцныя дамы ў такіх населеных пунктах (100—120 кіламетраў ад сталіцы) будуць прадавацца ў некаторых выпадках да 3-5 тысяч долараў. Адкрыта слабенькія будынкі каштуюць на парадак танней. Мэтавая аўдыторыя ў гэтых аб'ектаў зусім розная, паколькі ў кожнага варыянта свае плюсы і мінусы.

Дом у вёсцы выберуць людзі, якія любяць прастор (участкі адназначна большыя), якіх не раздражняе неабходнасць пастаянна абкошваць вялікія плошчы і якія, хутчэй за ўсё, хочуць весці нейкую гаспадарку і гатовыя мірыцца з тым, што вёска можа быць зусім маланаселенай, а нешматлікія карэнныя жыхары — пажылыя людзі. Акрамя гэтага, у вёсках, як правіла, прасцей ідуць справы з падводам камунікацый.

Але попыт на «недаробленыя» дамы, якія размешчаныя ў вёсках, усё ж такі ёсць. Часта такія аб'екты купляюць пад знос: на першым месцы — маляўнічая прырода і вялікі ўчастак. Зрэшты, з-за таго, што будоўля займае час, а выдаткі на будматэрыялы патрабуюць грошай, цікавасць да такіх здзелак апошнім часам памяншаецца.

Патэнцыйныя пакупнікі ў гэтым сегменце ўсё ж чакаюць або прыглядаюцца да гатовых загарадных хатак, якія прыдатныя для круглагадовага пражывання. Яны могуць быць размешчаныя як у садаводчых таварыствах, так і ў вёсках.

У апошнім выпадку ва ўлік бярэцца, наколькі буйны населены пункт, як часта там расчышчаюцца дарогі ў непагадзь. Пакуль немалы плюс у тым, што тарыфы на тую ж электрычнасць у глыбінцы ніжэйшыя, няма членскіх узносаў за кааператыў, звычайна непадалёк ёсць крама або прыязджае аўталаўка.

За выгоды трэба плаціць дадаткова

Наступны крок у дачнай градацыі — больш дыхтоўны дом і больш прасторны ўчастак. Як правіла, гаворка ідзе пра будынкі, якія можна добра пратапіць нават ранняй вясной. Такія аб'екты ў асноўным купляюць для бацькоў, якія мараць увесь сезон праводзіць за горадам.

Да іх ужо па меры магчымасці будуць наведвацца дзеці-ўнукі. Даступнасць крам, візіты дачнай крамы тут адыгрываюць вялікую ролю. Ідэальна, калі на ўчастку будзе яшчэ і лазня. Для такога аб'екта ў запасе трэба мець каля 15 тысяч долараў у эквіваленце.

Як толькі ў аб'яве з'яўляецца слова «выгоды», цана адразу ўзлятае. Калі яшчэ і ўчастак знаходзіцца ў 30-кіламетровай зоне ад Мінска, то без 20 тысяч долараў па курсе дом можна нават не шукаць. Пры гэтым патэнцыйныя пакупнікі, якія валодаюць такой сумай, хочуць, каб дом быў блочны або цагляны.

Каля сталіцы

У апошнія месяцы колькасць здзелак куплі-продажу дамоў пад Мінскам чакана скарацілася, а вось прапанова вырасла. Сучасныя хаты трохі падаражэлі, а дачы трохі патаннелі.

Напрыканцы лета рынак загараднай нерухомасці папоўніўся новымі аб'ектамі, колькасць якіх за месяц павялічылася на 2,2 %. Такім чынам, агульная колькасць выстаўленых на продаж аб'ектаў склала 9,3 тысячы, што на 13 % больш, чым у мінулым годзе.

Практычна ва ўсіх сегментах прыток аб'ектаў на рынак перавышаў іх адток. У найбольшай меры гэта закранула недабудаваныя дамы — іх стала больш на 3 %. Рост прапановы старых і сучасных дамоў склаў 2 %, колькасць дач стала большай на 1,5 %.

У разрэзе напрамкаў прапанова павялічылася ва ўсіх выпадках. Істотней за ўсё на Слуцкім — плюс 5 %. Крыху менш (плюс 3-4 %) — на Магілёўскім, Ракаўскім і Мядзельскім напрамках.

Па папярэдніх даных, агульная колькасць здзелак з дамамі ў Мінску і Мінскай вобласці ў апошнім месяцы лета склала 731, што на 13 % менш, чым у мінулым месяцы.

У Мінскім раёне колькасць заключаных здзелак за месяц таксама знізілася: было набыта 124 дамы, што на 19 % менш. У найбліжэйшых раёнах за месяц колькасць здзелак скарацілася на 3 % і склала 335. Да найбліжэйшых адносяцца Лагойскі, Пухавіцкі, Смалявіцкі, Дзяржынскі, Уздзенскі, Маладзечанскі, Вілейскі і Валожынскі раёны.

Дынаміка цэн была рознанакіраваная. Рост адзначаўся ў сегменце ўчасткаў і сучасных дамоў — плюс 0,6 %. Таннейшымі за месяц сталі недабудаваныя хаты (мінус 2 %) і дачы (мінус 0,3 %).

Самы дарагі дом, набыты ў жніўні гэтага года, размяшчаецца ў аграгарадку Ждановічы. Побач сасновы лес, Мінскае мора, вадасховішча Дразды і Заслаўскае. Дом 1962 года пабудовы стаіць на ўчастку 15 сотак. Абышоўся ён пакупніку ў 450 тысяч долараў.

Па сезоне

На сёння ўжо і блізкасць працы не заўсёды мае значэнне, многія багатыя кліенты перайшлі на аддалены трафік. Але для людзей можа быць важная магчымасць хутка дабрацца да бытавой і сацыяльнай інфраструктуры, якой максімальна напоўнены Мінск і абласныя цэнтры.

У аўтсайдарах продажаў даўно і, падобна, надоўга закансерваваныя недабудаваныя дамы і дачы, асабліва калі ў іх некалькі паверхаў. Людзі пачалі разумець, што «палацы» ім не патрэбныя і з функцыянальнага, і з эканамічнага пункту гледжання.

Рынак загараднай нерухомасці мае відавочны сезонны складнік. Ён актыўны, жывы механізм, які добра працуе ў апошнія два гады. Цэны тут ужо не падаюць. «А змены ў Кодэксе аб зямлі, якія з 2023-га спрасцілі парадак куплі ўчасткаў замежнікамі, могуць узмацніць попыт за кошт пакупнікоў з Расіі», — звяртаюць увагу эксперты. А дадатковая цікавасць гэтай аўдыторыі, магчыма, прывядзе да павышэння цэн ужо ў гэтым годзе.

Глыбокай восенню і зімой, па словах экспертаў, загарадныя дамы прапануюць танней. Але, па-першае, выбар не такі вялікі з-за жадання прадаўцоў прытрымаць свае аб'екты да піку попыту. Па-другое, не ўсе заганы можна ўбачыць, напрыклад, пад снегам. З іншага боку, летам нельга праверыць загараднае жыллё на прадмет ацяплення, наяўнасці волкасці або прамярзання вады ў трубах. Так што, выбіраць, калі купляць, павінен кожны будучы ўласнік самастойна.

Чытайце таксама:

«Для мяне асалода быць сярод гэтых прадметаў». Сям'я прамяняла кватэру на дом у вёсцы і абставіла яго рарытэтнымі рэчамі

«Тут такія прыгожыя кветнікі, а не гэтыя сумныя газоны з туямі». Лецішчы ў старых садовых таварыствах маюць свае перавагі 

«З чаго пачаць? Пачніце са шпалераў». Як найбольш ашчадна аднавіць купленую вясковую хату

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
2