Нарынскі абласны суд Кыргызстана прысудзіў Бекназара Баругул уулу да пяці гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у вайне ва Украіне ў складзе ПВК «Вагнер». Аб вынесеным яшчэ 7 снежня рашэнні суд паведаміў толькі сёння, 4 студзеня, піша «Сібір. Рэаліі».

Аб затрыманні 27-гадовага жыхара Нарынскай вобласці, які ваяваў ва Украіне ў ПВК «Вагнер», стала вядома ў жніўні 2023 года. У ПВК ён завербаваўся, будучы зняволеным адной з расійскіх калоній. Мужчыну затрымалі праз тры тыдні пасля вяртання ў Кыргызстан.

У Дзяржаўным камітэце нацыянальнай бяспекі тады паведамілі, што разбіральніцтва ў дачыненні да мужчыны вядзецца па артыкуле «ўдзел грамадзяніна КР ва ўзброеных канфліктах або ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы або праходжанне падрыхтоўкі для здзяйснення тэрарыстычнага акту».

Спецслужба апублікавала відэаролік, дзе паказаныя кадры з падазраваным у вайсковай форме і са зброяй, а таксама моманты яго затрымання і ператрусу. У відэа таксама можна ўбачыць узнагароды затрыманага, як мяркуецца, атрыманыя за ўдзел у вайне, дакументы і сімволіку з лагатыпам ПВК «Вагнер».

Гэта другі выпадак затрымання ў Кыргызстане ўдзельніка вайны ва Украіне.

У маі 2023 года 31-гадовы кыргызстанец Аскар Кубанычбек уулу быў прысуджаны судом да 10 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у вайне супраць Украіны.

Але ў жніўні 2023 года Вярхоўны суд адмяніў рашэнні папярэдніх інстанцый і накіраваў справу на новы разгляд у раённы суд.

Чытайце таксама:

Паглядзіце, якую сімпатычную жывёлу прызналі нацыянальным сімвалам Кыргызстана

Прэзідэнт Кыргызстана забараніў падначаленым дарыць яму падарункі на дзень нараджэння

У Кыргызстане вырашылі трохі змяніць выгляд сцяга, каб «не быць больш залежнымі» 

Клас
10
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2