Нацыянальны парк «Тара»

Нацыянальны парк «Тара»

Святлана, Нові-Сад, працуе інтэрнэт-маркетолагам у сербскай кампаніі. Жыве ў Сербіі з вясны 2020 года

Цэны на кватэры выраслі х2

— З паўнавартасным уварваннем Расіі ва Украіну кошты арэнды пачалі расці, і дадаткова падскокваюць з кожным аб’яўленнем ці чаканнем мабілізацыі. У лістападзе 2022 года розніца з даваеннымі цэнамі склала 2-3 разы. Для параўнання: перад вайной кватэру можна было зняць за 500-600 еўра. Цяпер — 1000-1500 еўра. Цяпер кошты крыху адкаціліся, адсоткаў на 10-15 танней, чым год таму.

Але мы з мужам змушана пераехалі з Бялграда ў Нові-Сад.

Уладальнік кватэры вырашыў падняць арэнду з 650 еўра да 1500 (!).

Быў гатовы даць нам зніжку да 1200 еўра. Але мы не пагадзіліся — знайшлі аналагічную кватэру ў Нові-Садзе за 400 еўра. 

Потым высветлілася, што ён доўга не мог знайсці кватарантаў. Толькі ўвесну дзяўчына зняла яе за 850 еўра. Праз сваю дурную прагнасць губляў грошы некалькі месяцаў. 

У Бялградзе трэба закладваць каля 700-1000 еўра на арэнду, у Нові-Садзе — 400-800.

Кошты куплі жытла засталіся на прыкладна тым жа ўзроўні, але гэта тлумачыцца тым, што ў Сербіі ўвогуле будуецца мала новага жытла і на яго заўсёды быў высокі попыт.

Цэны на іншыя прадукты або паслугі выраслі, але нязначна. Не заўважылі асаблівай розніцы па-за межамі прадказальнай інфляцыі. Закуп прадуктаў на тыдзень выходзіць кшталту 30-50 еўра, вячэра ў кафэ на дваіх 20-30 еўра, гарадскі транспарт у Нові-Садзе не падаражэў, у Бялградзе стаў нават танней з-за прыходу новай транспартнай кампаніі. Квіток на гарадскі транспарт — прыкладна 0.5 еўра (у Нові-Садзе — гэта кошт адной паездкі ў аўтобусе, у Бялградзе — кошт квітка на 90 хвілін паездкі).

Таксі падаражала — у Бялградзе прыкладна ўдвая (па горадзе ад 10 еўра, у аэрапорт 20-30), у Нові-Садзе недзе ў паўтара разы.

Бялград

Бялград

Расейцы ў Бялградзе

— Расейцаў столькі, што Бялград пераўтвараецца ў нейкі Белгарад. У мяне ёсць устойлівае адчуванне, што ў большасці расейцы не спяшаюцца асімілявацца. Трымаюцца звычак. Радуюцца адкрыццю Дадо-піццы. Бо нібыта ў Сербіі няма нармалёвай піцы, што абʼектыўна не так.

Самі сербы ставяцца да расейцаў неадназначна. З аднаго боку, праяўляюць гасціннасць. З іншага — ёсць негатыў, які звязаны з падвышэннем коштаў на арэнду і выпадкамі шавінізму. Напрыклад, калі расейцы чакаюць, што сербы павінны ведаць рускую мову. Гэта тое, на што мне скардзіліся знаёмыя сербы.

Сербія — гэта адна з нешматлікіх краінаў у Еўропе, якая не далучылася да санкцыяў супраць Расеі і мае актыўную прарасейскую пазіцыю. Гэта выклікае пэўную фрустрацыю. Зразумела, чаму гэта «склалася гістарычна» — перадусім праз бамбаванні НАТО ў 1999 годзе.

Сербы хутчэй не «за Расею», а «супраць НАТО і ЗША» і таму не падтрымліваюць Украіну. Пры гэтым праўкраінскія акцыі ўзгадняліся і праводзіліся легальна, збіраць гуманітарную дапамогу не перашкаджалі. Наколькі нам вядома, гуманітарную дапамогу ва Украіну сербскія ўлады таксама дасылалі.

Бялград

Бялград

Беларусы ў Сербіі

— Камʼюніці беларускае ёсць. Існуе вялікі адкрыты чат «Беларусы в Сербии». Час ад часу праз яго арганізуюцца івэнты. Напрыклад, нядаўна быў прагляд фільму «Купала». 

Я не памятаю каб з боку сербаў былі негатыўныя рэакцыі ў наш бок. Увогуле яны мала пра нас ведаюць — у Сербіі дагэтуль жыве няшмат беларусаў, асабліва ў параўнанні з колькасцю расейцаў. Праз гэта могуць часам не адрозніваць ад расейцаў — «тыя русі і тыя русі». Але ў прыватных размовах шчыра цікавяцца пра нашую культуру. 

Напрыклад, у мяне ёсць сербскі знаёмы, які пасля таго як я распавяла яму пра «пашпартны ўказ», прапанаваў сваю юрыдычную дапамогу і пачаў кідаць мне спасылкі на сербскае заканадаўства, пераклаўшы іх менавіта на беларускую мову.

Працэдура легалізацыі: не спрасцілася, але ўмовы палепшыліся

— Пакет дакументаў прыкладна той жа як у гайдах якія пісалі год-два таму. Сербскія ўлады палепшылі працэсы, і ДНЖ цяпер могуць даць не на 1 год, а нават да 3 (па некаторых падставах).

Пэўны час ішлі размовы аб тым, каб увогуле даваць сербскае грамадзянства праз год пражывання. Але Еўрасаюз быў супраць, і таму гэту папраўку ў закон замарозілі. Зараз спадзяемся, што сербскае грамадзянства ў якасці другога можна будзе атрымліваць не толькі па шлюбе з сербскім грамадзянінам, а і па іншых падставах (напрыклад, па працоўным кантракце ці ІП).

Існуе працэс натуралізацыі праз працу. Але ў такім разе трэба адмаўляцца ад беларускага грамадзянства. А гэта складаны працэс. Выгады — як мінімум можаш ездзіць у Еўрасаюз без візы.

Зараз у мужа ўзнікла жаданне зʼехаць адсюль у Швецыю — там ёсць кампаніі, дзе б ён хацеў працаваць. Па-за наплыву расейцаў якія замест прыняцця мясцовага ладу жыцця пераўтвараюць Сербію ў нейкі чарговы «округ россіі» — гэта значна сапсавала яго адчуванне Сербіі.

Я таксама гэта бачу і мне не падабаецца снабізм расейцаў. Часцей падтрымліваю кантакт з сербскімі калегамі і знаёмымі. Хаджу на розныя мясцовыя івэнты і ўвогуле адчуваю тут сябе як дома. А яшчэ год таму было ўспрыманне Сербіі як часовай краіны для жыцця.

Андрэй [імя змененае], жыве ў Бялградзе з лета 2022 года. Працуе ў Wargaming

«Сербскую мову я не вучу — лянота»

— Я заўважыў, што за час сваёй рэлакацыі ў Сербію я шмат да чаго прызвычаіўся. Калі раней мяне падбешвала сербская манера сябе паводзіць (людзі вельмі гучныя), то цяпер ужо не. Але іхная манера кіраваць аўтамабілямі — не думаю, што прывыкну да гэтага.

Я не вучу сербскай мовы — ведаю толькі базавыя словы, якія самі ўвабраліся ў галаву. Мне лянота — гэта па-першае. Па-другое, калі ты дазваляеш сабе вучыць мову, то гэта псіхалагічна паказвае — ты тут надоўга. А я ўсё яшчэ ў адчуванні працяглай камандзіроўкі.

Адпаведна, нават не спрабую наладзіць кантакт з сербамі. Мабыць, каб я хадзіў штодня ў офіс, то часцей б размаўляў з мясцовымі. Большасць майго кола — беларусы.У офісе Wargaming ў Бялградзе зараз працуе каля 700 чалавек.

Недзе 60-70% з іх — расейцы. Рэшта — беларусы, зусім крыху сербы (іх меней за ўсё). Яны працуюць на адміністрацыйных пасадах: кіраўнік сербскага офіса і іншы лакальны топ-менеджмент, бухгалтэрыя, юрысты. Прадуктовыя каманды — расейцы і беларусы. З расейцамі няма аніякіх праблемаў. Звычайныя здаровыя працоўныя ўзаемаадносіны.

Паднялі заробак і атрымоўваецца больш адкладаць

— Пасля рэлакацыі ў нас выраслі заробкі, у маім выпадку на 25%. Таму на жыццё мне хапае. Нават атрымоўваецца больш адкладаць, чым у Менску, хоць і за жытло я больш плачу. Можа таму што няма машыны тут? Але эканоміць не даводзіцца.

Зараз я здымаю кватэру за 400 еўра (мне вельмі пашанцавала), жыву даволі далёка ад цэнтру. Калі ў Расеі абвясцілі мабілізацыю, тады хацелі за двушку ад 800 еўра. І якасць жытла вельмі так сабе. У 2022 годзе ўладальнікі кватэр пачулі, што можна «зрубіць бабла», асабліва ў добрых раёнах Бялграду. Пачалі моцна падымаць аплату. Часам неадэкватна, таму людзі пераязджалі ў іншыя гарады. Напрыклад, у Нові-Сад — другі па велічыні горад Сербіі.

На ежу ў мяне сыходзіць няшмат, але я не патрабавальны. Я бы казаў, што ў месяц гэта можа быць каля 100-150 еўра. Прыкладна столькі ж на паходы па барах.

«Яны адрозніваюць урад і народ»

— У Сербіі актыўна працуе расейская прапаганда, у Бялградзе я бачу білборды Russia Today. Так, тут прадаюцца сувеніры з партрэтам Пуціна і Z-сімволіка, але толькі ў турыстычных месцах. Мне цяжка ўявіць, што тыя сербы, з якімі я сутыкаюся штодня, прарасейскія. Але звычайны, «глыбінны» серб добра ведае, што такое вайна.

Яны памятаюць, як гэта — калі на цябе падаюць бомбы. Я задаваўся пытаннем: як вы можаце падтрымліваць гэтае ўварванне?

Прыйшоў да высновы: сербы цягам усёй сваёй гісторыі атрымлівалі толькі бенефіты ад супрацы з Расеяй. І ў іх няма супольнай мяжы. Вельмі лёгка любіць Расею, калі яна далёка.

Не памятаю прарасейскіх мітынгаў, былі праўкраінскія. Але агулам цікаўнасці да нашага рэгіёну тут мала. Сербы больш занятыя сваімі ўнутранымі справамі.

Сербы добра ставяцца да ўсіх. Яны не вельмі адрозніваюць беларусаў ад расейцаў, хоць ведаюць, што ёсць такая краіна — Беларусь.

Калі нехта кажа, што Беларусь і Расея адное і тое ж, то прыводжу просты прыклад: ці Сербія і Чарнагорыя — адное і тое ж? Тады ўсё становіцца ясна.

Клас
19
Панылы сорам
6
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
12
Абуральна
16