Бэтан і Руслан Салей. Фота: facebook.com / bethann.salei

 Бэтан і Руслан Салей. Фота: facebook.com / bethann.salei

Руслан Салей нарадзіўся ў Мінску ў 1974 годзе. Ён рэкардсмен па колькасці матчаў у НХЛ сярод беларусаў. За 14 сезонаў у лепшай хакейнай лізе свету беларускі абаронца правёў 916 гульняў у рэгулярных чэмпіянатах і 62 у плэй-оф. У 2003 годзе гуляў у фінале Кубка Стэнлі, дзе «Анахайм» Руслана саступіў «Нью-Джэрсі» ў сёмым матчы серыі. Салей выступаў за зборную Беларусі на трох Алімпіядах (у 1998, 2002 і 2010 гадах) і дзевяці чэмпіянатах свету, у тым ліку шасці — у наймацнейшым дывізіёне. Ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Бэтан у 1998 годзе. У пары нарадзіліся тры дзіцяці: дачка Алексіс, сын Сандра і дачка Эйва.

«Піла віно, але гэта толькі падвышала трывогу»

— Бэтан, як вы маецеся? Чым займаецеся?

— Як і раней, прысвячаю сябе дзецям. Вольнага часу амаль няма. Дзеці хутка растуць, але клопатаў хапае. Алексіс ужо 18 гадоў, Сандра 16, а Эйве 12. Сандра займаецца баскетболам, а Эйва — валейболам. Яны ходзяць у школу і па некаторых прадметах займаюцца дадаткова. Алексіс раней таксама гуляла ў валейбол, але зараз сканцэнтравана на вучобе. Яна вучыцца ў каледжы па спецыяльнасці «бізнэс». Жыве пакуль з намі — не захацела быць удалечыні ад дома. 

— Хто з іх больш за ўсё падобны да Руслана?  

— Эйва. Вельмі нагадвае свайго бацьку і маці Руслана. У яе і характар ​​такі ж, як у маёй свякрухі. Эйва ўпартая, але кажу пра гэта ў самым пазітыўным сэнсе. Наогул упартасць — асаблівасць Салееў, сямейны брэнд! Нярэдка смяюся над гэтым. 

Ва ўсіх дзяцей ямачкі на падбародку, як у Руслана. У Сандра карыя вочы бацькі. І яны моцныя асобы. Мне падабаецца, як у іх праяўляецца беларуская ДНК. Ганаруся тым, адкуль Руслан родам, — у яго надзвычайная сямʼя. Маці Салея прыйшлося вытрымаць шмат што: яна страціла сына, потым мужа. Моцная жанчына. Я вельмі падобная да свякрухі, калі справа тычыцца нашых дзяцей. Мы абедзве «мамы-мядзведзіцы». Ніхто не нашкодзіць дзецям.

— Як вы маральна спраўляецеся з усім?

— Неўзабаве пасля смерці Руслана было шмат момантаў, калі мне здавалася, што я памерла разам з ім. Была расчараваная сабой, таму што адчувала: прапускаю асаблівы час са сваімі дзецьмі. Яны ніколі гэтага не ведалі, але нават у, здавалася б, шчаслівыя гадзіны адчувала гора. 

Я змагалася з дэпрэсіяй і трывогай на працягу многіх гадоў пасля сыходу мужа. Але зараз я шчаслівейшая, чым калі-небудзь з таго часу, як страціла яго. Мне прыйшлося зноўку адкрыць сябе. Таксама, веру, дапамог справіцца здаровы лад жыцця, які вяду. Трэніруюся кожны дзень, ем здаровую ежу і больш не ўжываю алкаголь. Раней піла віно, але гэта толькі падвышала трывогу і прыгнечанасць. Вырашыла спыніцца. Гэта лепшае, што калі-небудзь зрабіла для сябе. 

— Па-ранейшаму адчуваеце боль ад смерці мужа?

— Мне заўсёды будзе сумна, што страціла Руслана. Я ніколі не кахала іншага чалавека, акрамя сваіх дзяцей, так моцна, як кахала яго. Проста прывыкла жыць адна — без Салея. Я гавару пра яго кожны дзень сваім дзецям, бацькам, іншым людзям. Ён заўсёды ў маіх думках. 

«Было б прасцей, калі б Руслан быў засранцам»

— Як было дзецям прывыкнуць жыць без бацькі?

— Яны былі вельмі малыя, калі яго не стала: Эйве пяць месяцаў, Сандра чатыры гады, а Алексіс шэсць. Сандра і Алексіс не хацелі казаць пра Руслана пасля яго смерці. Я думаю, ім было вельмі балюча і яны не дзяліліся гэтым са мной. Зараз Алексіс загараецца, калі расказваю пра яе бацьку. Я ведаю, што яна адчувае страту, бо памятае Руслана больш за ўсіх дзяцей. Яна ўвесь час носіць яго адзенне. Спачатку было дзіўна, калі ішла мыць рэчы Руслана. Падавалася, што ён быў тут, з намі. Алексіс, дарэчы, хоча вывучыць у каледжы рускую мову. 

Мы ўсе вельмі сумуем па ім. Як маці мне балюча бачыць дзяцей, якія пакутуюць без бацькі. Балюча ведаць, што я нічога не магу зрабіць, каб гэта прайшло. Але мы яго вельмі моцна любім — убачыўшы дом, вы бы падумалі, што Руслан усё яшчэ жыве тут. Да гэтага часу вісяць усе нашы вясельныя і сямейныя партрэты з яго выявай. Я па-ранейшаму жыву ў доме, які ён купіў, калі мы былі проста хлопцам і дзяўчынай. Ніколі б не прадала дом. Гэта частка нашай сямʼі. Назаўжды.

  Бэтан Салей са сваімі дзецьмі (злева направа): Алексіс, Сандра і Эйвай. Фота: facebook.com / bethann.salei

Бэтан Салей са сваімі дзецьмі (злева направа): Алексіс, Сандра і Эйвай. Фота: facebook.com / bethann.salei

— Вы не дазвалялі сабе закахацца зноў?

 — Я сустракалася з людзьмі пасля Руслана, але ні з кім не была ў адносінах. Так занятая дзецьмі, што спатканні — сапраўды не прыярытэт для мяне. Канешне, хацелася б мець спадарожніка. Але ён мусіць быць асаблівым не толькі для мяне, але і для маіх дзяцей. 

— Што звычайна расказваеце дзецям пра Руслана?

 — Усё што заўгодна. Напрыклад, зараз Эйва робіць у класе праект аб сваім бацьку, і яна пыталася ў мяне, якая ў яго была любімая ежа. Я вельмі люблю гаварыць пра Руслана. Гэта захоўвае яго жывым для мяне. 

— Дзеліцеся толькі пазітыўнымі гісторыямі?

 — Мы амаль не сварыліся. Калі гэта і здаралася, то з-за глупства. Занадта паважала Руслана, каб злавацца на яго. Ён быў выдатным мужам і партнёрам, мы былі ідэальнай парай. Вось чаму я так востра адчуваю яго страту. Было б прасцей, калі б Руслан быў засранцам — тады магла б лёгка замяніць яго новым засранцам, ха-ха. Жартую, вядома. Але тое, што я ўсё яшчэ адна праз 12 гадоў пасля яго смерці, кажа пра многае. Ён быў выдатным чалавекам, заўсёды буду па ім сумаваць. 

«Разумею расчараванне людзей у Беларусі»

— Ці ўяўляеце жыццё, калі дзеці пасталеюць і пакінуць хату?

 — У мяне ёсць планы на будучыню. Але, як вы ведаеце, у жыцці можа здарыцца што заўгодна. Цяпер хачу атрымліваць асалоду кожным днём і не загадваць моцна наперад. Мы па-сапраўднаму валодаем толькі момантам, які пражываем у дадзеную хвіліну. 

— Калі былі ў апошні раз у Беларусі?

 — У 2012 годзе. Хацела б прыехаць зноў. Калі глядзім Алімпіяду, то падтрымліваем Беларусь. Гэта цудоўная краіна. У Беларусі адчуваю сябе больш бяспечна, чым у ЗША. Сумую па родных Руслана. Заўсёды буду іх любіць і паважаць. 

— Што маеце на ўвазе пад «у Беларусі бяспечней»?

 — У нашай краіне рэальная праблема са зброяй. Масавая страляніна — гэта страшна. 

— Ці ведаеце, што адбываецца ў Беларусі з 2020 года, можа, чулі пра пратэсты?

 — Нешта ведаю. Мне не вельмі хочацца пра гэта казаць, але адчуваю і разумею расчараванне, якое адчуваюць людзі ў Беларусі. Я б таксама не была шчаслівая. Мне падабаецца, што ў ЗША мы можам выказвацца свабодна — без пакарання за гэта.

 — Ці маеце зносіны з роднымі Салея? Ці завуць вас у госці?

 — У асноўным падтрымліваем сувязь праз Facebook або Instagram. Думаю, цяпер не змагла б прыехаць, нават калі б захацела, з-за адносінаў Беларусі і ЗША.

  Руслан Салей, 2008 года. Фота: Richard Wolowicz / Getty Images

Руслан Салей, 2008 года. Фота: Richard Wolowicz / Getty Images

«Хакея наогул не глядзім»

— Ці сочыце за спартыўнымі падзеямі, НХЛ?

 — Мы наогул не глядзім з дзецьмі хакея. Гэта прымушае сумаваць. Але любім футбольныя матчы — сокер, як тут кажуць. Руслан любіў яго глядзець. 

— Ваш сын гуляе ў баскетбол пад 24-м нумарам — тым, што быў у яго бацькі…

 — Сандра сам узяў гэты нумар. Трэнер, дарэчы, абраў сына капітанам. Мае дзяўчаткі таксама носяць нумар 24, калі займаюцца спортам. Гэта асаблівыя лічбы для нас, куды б мы ні пайшлі. Сентыментальны момант.

— Пасля знаёмства з Салеем ці глядзелі яго матчы?

 — Так, усе гульні. Многія добра памятаю. Напрыклад, перамогу зборнай Беларусі над Швецыяй на Алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці ў 2002-м або пераможны гол Руслана ў авертайме ў трэцім матчы фіналу Кубка Стэнлі ў 2003-м. Да зʼяўлення дзяцей увесь час была на гульнях НХЛ. Потым стала больш глядзець матчы з дому. Не хацела пакідаць дзяцей. Люблю быць мамай. 

— А нянькі?

— У мяне ніколі не было дапамогі. Калі б хацела пайсці павячэраць з сябрамі, то наняла б няньку. Але спраўляюся сама. Веру, што менавіта таму я такая блізкая са сваімі дзецьмі. Быць паўнавартаснай мамай — асаблівы стан, бо большасці жанчын даводзіцца працаваць, каб клапаціцца пра дзяцей. Але дзякуючы Руслану ў мяне была магчымасць надаваць ім увесь свой час.

— Што для вас значыць быць добрай мамай?

— Самае галоўнае, каб дзеці ведалі, наколькі яны любімыя. Ніводны бацька не ідэальны, мы ўсё здзяйсняем памылкі. Мае дзеці ведаюць, што яны на першым месцы, нават Руслан ведаў гэта, таму ён мог працаваць і займацца сваімі справамі, бачачы, колькі любові і клопату я ўклала ў нашу сямʼю. Дзеці для мяне — усё. Яны выратавалі мяне, калі памёр Руслан. Яны далі мне вельмі шмат любові, калі я мела патрэбу ў ёй больш за ўсё. Не змагла б пражыць без Руслана, калі б не нашыя дзеці. Перш чым пайсці, ён падарыў мне трох асаблівых людзей. І мая Эйва, паўтаруся, так падобная на бацьку. Сапраўдная Салей. 

— У вас хапае сродкаў на жыццё?

— Руслан добра інвеставаў грошы, таму мне не трэба працаваць — я магу быць проста мамай. Не ведаю, як бы рабіла ўсё для сваіх дзяцей без яго дапамогі. Прыйшлося б наняць каго-небудзь, каб выконвалі маю працу мамы [пакуль я працую], і я б выпусціла шмат момантаў з дзецьмі. Як ужо казала, у мяне няма дапамогі, а мая сямʼя жыве далёка. Ведаю, што Руслан ганарыўся б тым, што ён зрабіў для нас, што ён усё яшчэ можа забяспечваць сямʼю. 

Ён шмат працаваў, каб аддаць дзяцей у найлепшыя школы. Ён бы ніколі не пакінуў НХЛ. Адзіная прычына, па якой Руслан гэта зрабіў, заключалася ў тым, што ў Яраслаўлі яму прапанавалі больш грошай. Больш грошай, каб ён мог завяршыць карʼеру. Муж вельмі сумаваў па нас, знаходзячыся ў Расіі, а я сумавала па ім, да таго ж Эйва толькі нарадзілася. Я была вельмі занятая нованароджанай і малымі дзецьмі. Але мы абодва ахвяравалі часам, які маглі б правесці разам, каб у будучыні ў сямʼі было больш грошай. 

Калі Руслан памёр, я не ведала аб нашай фінансавай сітуацыі. Думала, што мы страцім усё. Але ў яго быў план, што калі з ім нешта здарыцца, то мы ўсё роўна будзем у парадку. Дзякую яму за гэта кожны дзень. 

«Мне ўсё яшчэ вельмі балюча, як быццам гэта было ўчора»

— Што вы адчувалі на працягу ўсіх гэтых гадоў з моманту падзення самалёта? Злаваліся на «Лакаматыў», бога, лёс?

— Віню КХЛ (Кантынентальная хакейная ліга — турнір, дзе мінскае «Дынама» гуляе з клубамі з Расіі і іншых краін. — Заўв. рэд.) у тым, што яны пасадзілі сваіх гульцоў у той брудны самалёт. Падобнае ніколі не павінна было здарыцца. Але мае думкі нічога не зменяць. Скажу толькі, што калі б Руслан гуляў у КХЛ і разбіўся іншы самалёт, то хацела б, каб ён [скончыў карʼеру ў КХЛ і] вярнуўся дадому [у ЗША]. 

— Час лечыць ці гэта міф?

— Боль страты будзе заўсёды, але ты прывыкаеш да яго. Хаваю Руслана глыбока ў сваім сэрцы. Хаця падчас гэтага інтэрвʼю я шмат плачу, проста думаючы пра яго. Мне ўсё яшчэ вельмі балюча, як быццам гэта было ўчора. Ужо казала: ніколі не пакахаю іншага чалавека так, як Руслана. Мне сапраўды пашанцавала, што адчула асаблівае пачуццё. Гэта тое, чаго заўсёды хацела ў жыцці, — каб мяне любілі гэтак жа, як Руслан, і вельмі любіць кагосьці самой. Ён ведаў, як моцна я яго кахала. Казала яму аб гэтым кожны дзень.

  Адкрыццё помніка Руслану Салею ў 2012 годзе ў Менску. Фота: TUT.BY

Адкрыццё помніка Руслану Салею ў 2012 годзе ў Менску. Фота: TUT.BY

— Вам хто-небудзь раіў, маўляў, Бэтан, хопіць пакутаваць, вы павінны пачаць новае жыццё, вы не можаце быць увесь час адна?

— Не, і я адчуваю, што мяне асудзяць, калі гэта зраблю. Але, магчыма, гэта думка ўдоў, якую мы ўкладаем у свае галовы, што, калі зноў знойдзем каханне, людзі падумаюць, што мы не любілі сваіх мужоў. Хоць жаданне мець спадарожніка ў жыцці — натуральна. Хацелася б, каб не было такой патрэбы, тады было б лягчэй, але мне не хапае чалавека побач. 

— Вы сказалі ў пачатку інтэрвʼю: «Мне прыйшлося зноўку адкрыць сябе». Якім чынам? 

— Я проста пачала рабіць тое, што рабіла да нашай сустрэчы з Русланам. Напрыклад, слухаць музыку, якая мне некалі падабалася, але якую не слухала, калі мы былі разам. Была настолькі звязана з мужам на душэўным узроўні, што забылася, кім была да яго. Прайшла невялікую тэрапію, каб зладзіцца з трывогай, таму што пасля таго няшчаснага выпадку вельмі моцна перажывала з-за магчымай новай смерці блізкага чалавека. 

Я медытую, малюся і проста ўдзячная за тое, што ёсць. Калі вы засяроджваецеся на ўсіх сваіх блаславеннях, то перастаіце думаць аб рэчах, якіх няма. Гэта мяняе погляд на жыццё. Мне сапраўды пашанцавала. Шчаслівая, што адчула каханне, якое было да Руслана, што ў мяне дзеці ад яго. Шчаслівая, што ўсё яшчэ жыву ў доме, які мы дзялілі. Дзеці і я здаровыя. Кожны дзень прачынаюся з любоўю, якую адчуваю. Мы жывем у свеце, дзе столькі пакут і нявызначанасці, што нават не магу ўявіць, як спраўляюцца некаторыя людзі. 

— Вам цяжка адкрывацца іншым, дзяліцца перажываннямі?

 — Як бачыце, я даволі адкрытая ў сваіх пачуццях. Мама і сястра шмат гадоў былі для мяне як псіхолагі. Таксама думаю, што калі хадзіла на сустрэчы, то людзі занадта шмат чулі ад мяне аб каханні да мужа. Гэта наўрад ці садзейнічала збліжэнню са мной. Мусіць, трэба папрацаваць над тым, каб не казаць аб Руслане гэтак адкрыта ў такой сітуацыі. Але ён заўсёды будзе часткай майго жыцця.

  Руслан і Бэтан Салей. Фота: facebook.com / bethann.salei

Руслан і Бэтан Салей. Фота: facebook.com / bethann.salei

«Ведаю, што Руслан ганарыцца мной»

— Апішыце свой звычайны дзень.

— Падымаюся рана, адводжу Эйву ў школу, а потым Сандра — яго школа далёка ад нашага дома. Вяртаюся, засцілаю ложкі, праглядаю электронную пошту, іду на трэніроўку. Прыходжу паесці і забіраю Эйву. Гатую ёй, пасля чаго сустракаю Сандра з баскетбола. Гатую вячэру, прыбіраю ўсю гэтую бязладзіцу, а там і час ісці спаць. Дзіўлюся, як так хутка прайшоў дзень. Але для мяне гэты тыповы расклад. Жыццё маці.

— Ходзіце ў залу?

— Я займаюся пілатэс і трэніруюся ў трэнажорнай зале. Але зала ёсць і ў маім гаражы — падчас пандэміі каранавіруса абсталявала адно з памяшканняў. Люблю практыкаванні, заўсёды захаплялася фітнэсам. Мой сродак для зняцця стрэсу.

— Дзеці дапамагаюць вам з хатнімі справамі?

— Калі прашу іх. Але хачу, каб яны засяродзіліся на вучобе і проста пабылі дзецьмі. Яны ставяцца з павагай да таго, што я раблю [па доме]. Ведаеце, калі была дзіцем, то мне і сястры даводзілася вельмі шмат прыбіраць. Мы былі нібы прыбіральшчыцамі для бацькоў. Дзяцінства доўжылася нядоўга, таму няхай мае дзеці атрымліваюць асалоду ад гэтага часу і, вядома ж, атрымліваюць добрыя адзнакі ў школе, каб у іх была шчаслівая будучыня.

— Думаеце, Руслан ганарыўся б вамі сёння?

— Ведаю, што так. Руслан ганарыўся мной, калі быў жывы. Ён называў мяне супержанчынай. Я заўсёды паважала яго працу, і ён старанна працаваў, каб забяспечыць нас. Так што я была больш за шчаслівая рабіць усё астатняе.

Клас
40
Панылы сорам
3
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
27
Абуральна
14