— Эдуард Сямёнавіч, чым вы цяпер займаецеся і куды зніклі? Апошнім часам пра вас неяк мала чуваць…

— Я не знік, наадварот, актыўна працую! Праводжу серыю сустрэч з моладдзю. Ужо каля 150 сустрэч было, а ўсяго запланавана 280. Так што кожны дзень працую. Хутка павінен атрымаць расійска-беларускі грант у Маскве. Там пасля ўхвалення Дзярждумай і Міністэрствам культуры створаны Саюз дзеячаў мастацтва для дзяцей і моладзі «Дзяцінства». Туды ўвайшлі Аляксандр Зацэпін, Юры Энцін, Аляксандр Шаганаў, які напісаў амаль усе песні для гурта «Любэ» ды іншыя вядомыя персоны. Я з імі супрацоўнічаў доўгі час, а цяпер яны выдзяляюць для мяне спецыяльны грант. Пакуль пытанне ў стадыі рашэння, але, мяркую, усё атрымаецца. 

— Некаторыя папулярныя артысты сёння па-ранейшаму спяваюць вашы песні… 

— З песнямі я завязаў ужо. Як і са старэйшым пакаленнем. У мяне сёння зусім новае жыццё. Калі першы этап у мяне быў класічны, другі — песенны, трэці — навуковы, то цяпер наступіў чацвёрты, які называецца балдзёжны. Ён заключаецца ў тым, што я проста назіраю, як працуе тэорыя хваль, і ёй спакойна ўсе падпарадкоўваюцца, плюс з раніцы да вечара праводжу творчыя сустрэчы з моладдзю.

— Вы працуеце бясплатна? 

— Я дастаткова забяспечаны чалавек і магу сабе дазволіць дабрачынныя выступленні. Тым больш школа не мае такіх грошай, каб мне заплаціць. Ды і ўвогуле гэтыя сустрэчы для мяне як вітаміны, якія доктар прапісаў. Я ад іх насычаюся энергіяй. Гэта, калі жадаеце, новы сродак амаладжэння арганізма. Гармоны маладосці без уколаў. Шчыра кажучы, пасля гэтых сустрэч я адчуваю сябе так, нібыта мне 20 гадоў. 

— А вам жа 83! І напэўна дзесьці арганізм мае збоі, і нейкія болькі чапляюцца… 

— Тлумачу. Болькі, вядома, прысутнічаюць, але не іграюць ніякай ролі. Гэта як быццам табе муха на нос села: змахнуў яе і пайшоў далей. Тонус у мяне 100 працэнтаў станоўчы! Раніцай прачынаешся — бывае, нейкія крыўды выскокваюць, нешта баліць, а потым устаў пад халодны душ — і ўсё змыла! Яшчэ ніхто не бачыў мяне ў нейкім песімізме. Нават і блізка гэтага няма! Чацвёрты этап — самы смачны ў маім жыцці. Гэта называецца шчаслівая старасць. Анкалогію мы перамаглі. Яна недзе там сядзіць, але затрымалася амаль на нулі.

— Як вам гэта ўдалося? 

— Тры ўколы амерыканскія мне зрабілі за паўтара года. Цяпер кантралюю паказчыкі — па аналізах відаць, што яна не развіваецца. Выскачыла, дарэчы, на фоне стрэсу. А кавід пратрымаўся ў мяне паўтара дня. І я з гэтага зрабіў адкрыццё, што каранавірус жрэ гнілое, а тых, хто ў добрай форме, ён не кране. Ён перамагае тых, хто ў дэпрэсіі, у песімізме. Калі казаць пра такія звычайныя болькі, то ногі, напрыклад, пабольваюць часам — дык гэта нармальна! У старасці, кажуць, усё якраз і пачынаецца. Але ў мяне ўсё без абвастрэнняў і развіцця. Рэч у тым, што калі ты ўвесь свецішся, жывеш сваёй справай, хвароба не праб'е тваю браню. Крэмам спецыяльным нашмараваўся, таблеткі выпіў і пайшоў! Я, дарэчы, добры пацыент. Выконваю ўсе рэкамендацыі лекараў, купляю і п'ю ўсе лекі, што мне прапісваюць. 

— Восеньскія прастуды да вас не прыстаюць? 

— Зараз сапраўды нічога такога не можа быць, таму што я на хвалі, на ўздыме. 

— Эдуард Сямёнавіч, а адкуль вы свой аптымізм чэрпаеце? Дзе тая чароўная разетка, да якой падключаецеся? 

— Тлумачу: калі з моладдзю пагутарыш — як на крылах ляціш! І энергіяй ад яе насычаешся. 

— Вампірыце, значыць? 

— У іх не зменшае, а мне карысць (смяецца)! Я амаль кожны дзень такія сустрэчы праводжу. Зараз у Маскву паеду, затым у Цюмень палячу… Гэта новы этап майго жыцця, які мяне вельмі акрыляе. Калі я пачынаў навукай займацца, я таксама як на крылах лётаў. І з песнямі таксама было. Што потым будзе — мяне ўжо не страшыць. Я веру, што мае адкрыцці, мой закон творчай хвалі рана ці позна будзе прызнаны. Галоўнае, што ты гарыш, працуеш, бачыш плён сваёй працы. Вось я кожны дзень запісваю нейкія свае думкі, а потым з гэтага ўсяго для кнігі возьмеш грамульку. Гэта як золата здабываць: з тоны пяску адзін грам золата выходзіць. 

— Можа, у вас яшчэ адна кніга на падыходзе? 

— Вядома, і яна будзе самай лепшай. У ёй я хачу падзякаваць усім сваім ворагам і нядобразычліўцам — дзякуючы ім я дамагаўся сваіх мэт. Я баец па натуры, а байцоў трэба біць. Некаторых перахвальваюць і такім чынам знішчаюць у чалавека байцоўскія якасці. І на гэтым, уласна кажучы, шмат хто і паслізгваецца. Андрэю Малахаву хутка няма каго будзе запрашаць у сваю перадачу — многія ўжо на тым свеце… А я вечна малады! І ў свае 83 гады я сапраўды сябе адчуваю лепш, чым у 23. Тады я курыў шмат, напрыклад… 

— Ведаю, што вы даўным-даўно адмовіліся ад алкаголю, не курыце… 

— Так, і здаровенькім памру (смяецца). Ад жыцця трэба атрымліваць асалоду. Балдзець трэба. І ад вынікаў сваёй працы ў тым ліку. Трэба верыць у тое, што робіш, гарэць гэтым. Бо жыццё мінае. І хваля можа мінуць. Вось Алена Ваенга прыехала да нас, і яна выступае ўсяго толькі ў канцэртнай зале «Мінск». А раней магла «Мінск-Арэну» сабраць! Усё, час мінае. Гэта называецца тэорыя хваль у дзеянні. Быў на здымках нядаўна ў Маскве, на канале ТВЦ. Прыйшоў Юры Лаза, праспяваў «Плот», прыйшоў Саша Дабранраваў — праспяваў «Как упоительны в России вечера». Я на іх гляджу і разумею: яны ўжо дапяваюць сваё, новага ў іх нічога няма. Калі б у мяне не было іншай працы, я б таксама дапяваў і дажываў сваё, і хваробы ў мяне прагрэсавалі б на ўсю моц. А так болькі спрабуюць атакаваць мой арганізм, але нічога ў іх не атрымліваецца — я іду сваёй дарогай, а яны праходзяць міма. 

— Вы пра Ваенгу казалі, а заўтра ў Мінску выступае «Балаган Лімітэд»… 

— Так, у курсе. Яны спяваюць маю песню «Тик-так ходики, пролетают годики…». Але гэта ўсё ўжо натуры, якія адыходзяць. Такая прафесія артыста. Я спрабую давесці, што гэта прафесія часовых эмоцый, а таму і часовых людзей.

— Эдуард Сямёнавіч, хачу яшчэ пра вашу дачку Святлану спытаць. Яна ў Ізраілі жыве, а там цяпер такія страшныя падзеі адбываюцца…  

— Мы ўсё кантралюем і ўвесь час з ёй на сувязі. Яна жыве ў Тэль-Авіве. У тым раёне, дзе яна жыве, пакуль усё ціха. Цьфу-цьфу-цьфу! Мы па некалькі разоў на дзень з ёй на сувязі, жонка з ёй увесь час размаўляе.

— Раскажыце, чым яна займаецца, дзе працуе? Памятаю, адразу пасля пераезду нейкі час прадавала ўпрыгожанні ў ювелірнай краме… 

— Было такое. Гэта ў самым пачатку было. Пасля яна пайшла вучыцца там. І цяпер працуе ў Міністэрстве міграцыі і эміграцыі, даўно ўжо, дарэчы. Ездзіла па свеце з лекцыямі — ізраільцян жа шмат у свеце. Яна вельмі баявая ў мяне! Пабудавала сабе кватэру без нашай дапамогі. Безумоўна, мы вельмі хвалюемся за яе, адсочваем усе навіны. Але што зробіш? Яна з'язджаць не мае намеру з Ізраіля. Ведаю, што па працы часта ездзіла ў Іерусалім, але цяпер пакуль не ездзіць. Нібыта аддалена цяпер працуе. Бамбасховішча ў яе кватэры ёсць. 

— Дачка замужам? 

— Замуж яна не хоча зусім, а я яе не ўгаворваю. Яна ўся ў кар'еры! 

— Не спявае? 

— Не спявае. Прычым даўно… Увогуле ўсё пакуль у маім жыцці ідзе па раскладзе.

Нядаўна, дарэчы, дзесьці прачытаў: калі ўсё ў цябе ідзе добра — не радуйся, гэта проста жыццё перазараджае стрэльбу. А потым зноў так пальне, што мала не будзе! 

— Вы вельмі лёгка знайшлі сябе ў іншай сферы. А некаторыя на пенсіі хутка згасаюць… 

— Запомні: жыццё віруе ўнутры самога чалавека. І часам мы няправільна думаем аб людзях. Часта бывае так, што мы думаем: які шчаслівы чалавек, у яго ўсё атрымліваецца, усё добра, а ён на другі дзень застрэліўся ці павесіўся. Бо ў яго ў душы дрэнна. А іншы нам здаецца бедным і няшчасным, а насамрэч ён найшчаслівейшы за ўсіх, таму што ў яго ўсё бурліць і кіпіць усярэдзіне. Некаторыя хутка згасаюць на пенсіі, таму што няма справы, мэты. Хтосьці знаходзіць сябе ва ўнуках, нардах, агародзе. Але калі ў чалавека няма мэты, няма справы — ён жывы труп, вось у чым цяжкасць жыцця.

Пакуль гарыш — жывеш.

Клас
60
Панылы сорам
17
Ха-ха
6
Ого
15
Сумна
33
Абуральна
68