Юрый Гараўскі пры ўваходзе ў суд. Фота: «Новы час»

Юрый Гараўскі пры ўваходзе ў суд. Фота: «Новы час»

Апраўдальны прысуд былому спецназаўцу Паўлічэнкі выклікае ў многіх неўразуменне. Мы прывыклі, што суд — гэта каб узаконьваць прысуды, якія фактычна загадзя выносяцца пракурорамі. Калі ты папаў у беларускі суд, то не спадзявайся на апраўданне, так не бывае. Пракурор сказаў, што вінаваты, значыць, вінаваты. І тым больш, калі чалавек сам прызнаўся, што ён удзельнічаў, бачыў, як расстрэльвалі. Але тут — сапраўдны суд.

Тлумачачы прысуд, суддзя заявіў, што гэта асаблівы выпадак, у якім «замяшаная ўлада, і яна адказная за гвалтоўныя знікненні». «Гэтыя факты не павінны выклікаць сумненняў». Хоць «Юрый Гараўскі, магчыма, служыў у САХРы, але ягоная роля ў выкраданнях застаецца незразумелай».

Юрысты ўдакладняць, ці гаворка пра тое, што суд палічыў, што Гараўскі нават калі ўдзельнічаў, то не ведаў, чым скончыцца затрыманне і канваіраванне Захаранкі, Ганчара, Красоўскага. Ëн атрымаў загад затрымаць — ён затрымаў. Але не ведаў, што іх будуць забіваць. А можа рэч у іншым — што швейцарскае заканадаўства не дазваляла прыцягнуць Гараўскага да адказнасці па больш сур’ёзным крымінальным артыкуле — за забойствы ці саўдзел у іх, бо расправы над лідарамі апазіцыі адбываліся на тэрыторыі Беларусі. Таму судзілі экс-сілавіка за датычнасць да «шматлікіх выпадкаў знікнення», а па гэтых абвінавачваннях — гвалтоўным выкраданні людзей і ўвядзенні правасуддзя ў зман, не было падстаў для асуджэння Гараўскага. Пачакаем тлумачэння юрыстаў.

Але што адназначна — і Алесь Бяляцкі, і Віктар Бабарыка, і тысячы праведнікаў сядзяць, каб дабіцца ў тым ліку таго, каб суд у Беларусі перастаў быць прафанацыяй, а стаў судом — судом, які ўзважвае, які сумняваецца, які слухае абодва бакі.

Швейцарскі суд таксама даў добры стымул усім тым, хто хоча парваць са злачыннай дзейнасцю, пакаяцца і ўцячы. Выхад заўсёды ёсць і выбар заўсёды ёсць. У іх — камісія па вяртанні, у Еўропе — незалежныя суды. І ў Беларусі некалі таксама будуць такія суды, піша Андрэй Дынько.

Клас
21
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
6