Прыхільнікі вайсковай хунты з расійскім сцягам. Ніямей, сталіца Нігера, 6 жніўня. AP Photo / Sam Mednick

Прыхільнікі вайсковай хунты з расійскім сцягам. Ніямей, сталіца Нігера, 6 жніўня. AP Photo / Sam Mednick

Прэзідэнты Эканамічнай супольнасці заходнеафрыканскіх краін ECOWAS, якую падтрымліваюць ЗША, Вялікабрытанія і Еўрасаюз, дамовіліся «як мага хутчэй» правесці ваенную аперацыю ў Нігеры супраць прарасійскай хунты, якая захапіла ўладу ў краіне. 

Пра гэта французскаму агенцтву AFP паведаміў прэзідэнт Кот-д'Івуара Аласан Уатара пасля заканчэння саміту ECOWAS.

Паводле яго слоў, інтэрвенцыю можа спыніць толькі «неадкладная капітуляцыя хунты», а сам блок краін Заходняй Афрыкі «поўны рашучасці» вызваліць прэзідэнта Нігера Махамеда Базума, якога путчысты ўтрымліваюць у палоне з моманту нядаўняга вайсковага перавароту ў краіне.

«Краіны Заходняй Афрыкі далі зялёнае святло на як мага больш хуткае аднаўленне канстытуцыйнага ладу ў Нігеры шляхам ваеннай аперацыі, у якой апроч салдат Беніна, Нігерыі ды іншых можа ўзяць удзел звыш тысячы вайскоўцаў Кот-д'Івуара», — заявіў Аласан Уатара агенцтву AFP.

ECOWAS пры гэтым яшчэ афіцыйна не аб'яўляла аб прынятым рашэнні датычна аперацыі супраць путчыстаў, аднак тэрмін ультыматуму з боку арганізацыі скончыўся яшчэ ў пачатку гэтага тыдня, а сам блок заходнеафрыканскіх краін ужо даў загад аб разгортванні вайсковых рэзерваў на мяжы з Нігерам, якія могуць быць задзейнічаныя ў будучай інтэрвенцыі.

У дадатак да гэтага ЗША і Францыя ўжо публічна падтрымалі любыя магчымыя рашэнні ECOWAS, прынятыя на саміце 10 жніўня, уключаючы і правядзенне ваеннай аперацыі.

Інфармацыя прэзідэнта Кот-д'Івуара, краіны-чальца ECOWAS, паказвае, што ў найбліжэйшы час у Заходняй Афрыцы можа пачацца поўнамаштабная вайна, бо прарасійская хунта Нігера мае саюзнікаў у асобе такіх жа самаабвешчаных вайсковых хунтаў у суседніх Малі, Буркіна-Фасо і Гвінеі, якія ўжо заявілі аб падтрымцы путчыстаў Нігера.

Расіяне не шкадуюць грошай на подкуп мясцовых сілавікоў, а таксама выкарыстоўваюць незадаволенасць уплывамі Захаду і крыўды за каланіяльнае мінулае. Для гэтых крыўдаў ёсць падставы, але варта адзначыць, што для афрыканскіх народаў усё скончылася лепш, чым для народаў Сібіры, якія зазналі расійскую каланізацыю.

Суадносіны сіл у Заходняй Афрыцы на фоне крызісу ў Нігеры: чырвоным колерам пазначаны сам Нігер і яго саюзнікі ў рэгіёне (усе яны раней былі чальцамі ECOWAS, пакуль у іх не адбыліся вайсковыя перавароты), а шэрым — усе астатнія краіны ECOWAS, якія выступаюць супраць прарасійскай хунты ў Нігеры. Фота: Pavan Kulkarni / Peoples Dispatch

Суадносіны сіл у Заходняй Афрыцы на фоне крызісу ў Нігеры: чырвоным колерам пазначаны сам Нігер і яго саюзнікі ў рэгіёне (усе яны раней былі чальцамі ECOWAS, пакуль у іх не адбыліся вайсковыя перавароты), а шэрым — усе астатнія краіны ECOWAS, якія выступаюць супраць прарасійскай хунты ў Нігеры. Фота: Pavan Kulkarni / Peoples Dispatch

Калі ж канфлікт сапраўды адбудзецца, то прыблізны расклад сіл наступны.

  • У гэты момант блок ECOWAS складаецца з 11-ці краін (без уліку Нігера, Малі, Гвінеі і Буркіна-Фасо, якія прыпынілі членства ў арганізацыі праз перавароты). Усе 11 краін у сукупнасці маюць у распараджэнні каля 236 тысяч вайскоўцаў рэгулярнай арміі, больш за палову якіх складаюць салдаты Нігерыі (143 тысячы). Гэта значыць, роля Нігерыі ў магчымай аперацыі будзе ключавой. Паводле інфармацыі заходніх медыя, ECOWAS планавала адправіць у Нігер вайсковы кантынгент колькасцю 25 тысяч чалавек.
  • У той жа час колькасць вайскоўцаў Нігера складае крыху больш за 5 тысяч чалавек, а яго саюзнікі Малі, Буркіна-Фасо і Гвінея маюць агулам амаль 42 тысячы салдат, якія не факт, што выканаюць сваё абяцанне прыйсці на дапамогу путчыстам альбо адправяць толькі частку сваіх сіл. 
  • Таксама варта ўлічваць, што ў рэгіёне актыўна дзейнічаюць найміты ПВК «Вагнер». Доўгатэрміновая задача Расіі — падарваць пазіцыі Захаду і захапіць кантроль над прыроднымі рэсурсамі. Расіяне ў гэтым пытанні зрабілі стаўку на «Вагнер». У выпадку інтэрвенцыі ў Нігер вагнераўцы несумненна не застануцца ўбаку, удзельнічаючы ў канфлікце на розных узроўнях. Усяго колькасць расійскіх наймітаў у рэгіёне па розных падліках складае ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч чалавек.
  • Сам Захад пры гэтым гатовы падтрымліваць краіны ECOWAS у іх аперацыі ў Нігеры. І хоць ні ЗША, ні Францыя, хутчэй за ўсё, не будуць непасрэдна ўдзельнічаць у інтэрвенцыі, але яны будуць дапамагаць разведданымі, фінансамі, зброяй.

Пашпарт з эмблемай ECOWAS — Эканамічнай супольнасці заходнеафрыканскіх дзяржаў, якая цесна звязаная з ЗША, Брытаніяй і Францыяй. Фота: Ecowas.int

Пашпарт з эмблемай ECOWAS — Эканамічнай супольнасці заходнеафрыканскіх дзяржаў, якая цесна звязаная з ЗША, Брытаніяй і Францыяй. Фота: Ecowas.int

Вынікі ж будучай інтэрвенцыі могуць быць рознымі ў залежнасці ад абранай краінамі ECOWAS стратэгіі. Гэта можа быць альбо поўнамаштабнае ўварванне, альбо абмежаваная ваенная аперацыя з прыцягненнем спецназа, альбо падтрымка партызанскіх сіл у Нігеры, якія ўжо абвясцілі аб барацьбе за аднаўленне дэмакратыі ў краіне. 

У якасці магчымых наступстваў гэтага крызісу можна разглядаць некалькі варыянтаў.

  • Інтэрвенцыя ў краіну можа выклікаць новую хвалю афрыканскіх уцекачоў, якія адправяцца ў Еўропу і зноў стануць для яе сур'ёзным выпрабаваннем, асабліва падчас вайны ва Украіне.
  • Калі вайна ў Нігеры зацягнецца і закране значна больш краін, то гэта абавязкова адаб'ецца на сусветных цэнах на энерганосьбіты, харчаванне, а таксама на карысныя выкапні і асабліва рэдказямельныя рэсурсы, якія ёсць важным элементам у высокатэхналагічнай вытворчасці.
  • У выпадку ж поспеху ECOWAS «Вагнер» можа быць цалкам або часткова выгнаны з Афрыкі, што будзе азначаць сур'ёзную паразу Расіі.
  • Калі ж сітуацыя ў Нігеры, наадварот, вырашыцца на карысць Расіі, гэта можа дэстабілізаваць астатнія краіны ECOWAS і справакаваць у іх антызаходнія перавароты. 

Чытайце таксама:

Хунта Нігера заявіла, што Францыя непасрэдна атакавала армію краіны

Зрынуты прэзідэнт Нігера: Увесь рэгіён можа падпасці пад уплыў Расіі і ПВК «Вагнер»

«Перад намі сядзелі людзі, якія ненавідзяць украінцаў». Былы пасол Украіны пра перамовы на пачатку вайны, страх беларусаў, міністра Макея і феномен Лукашэнкі

Клас
20
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
11
Сумна
4
Абуральна
9

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?