«Вагнераўцы» ў Малі

«Вагнераўцы» ў Малі. Фота: French Army via AP

Сярод розных кантынентаў, дзе прысутнічае ПВК «Вагнер», найбольшая яго актыўнасць праяўляецца ў Афрыцы. Лічыцца, што кампанія там выступае ў інтарэсах Расіі, займаючыся такімі справамі, як здабыча сыравіны, падрыў дэмакратыі і інвестыцыі ў кампаніі па дэзынфармацыі.

Аўтарытэтнае французскае выданне Le Monde задаецца пытаннем: што стане з гэтай стратэгічнай інвестыцыяй у Афрыку цяпер, калі Прыгожын адмовіўся ад паходу на Маскву?

Малі

Па інфармацыі Le Monde, паміж вайсковым кіраўніцтвам Малі, якое прыйшло да ўлады ў 2021 годзе, і ПВК «Вагнер», на якую яно абапіраецца ў барацьбе з джыхадысцкімі групоўкамі, адчуваецца напружанасць.

Некалькі крыніц выдання ў службах бяспекі і дыпламатычных колах спасылаюцца на «праблему з аплатай» расійскіх баевікоў. «У хунты не хапае сродкаў», — паведамляюць крыніцы, блізкія да малійскіх вайскоўцаў.

Нягледзячы на гэта, як адзначыў выданню адзін заходні дыпламат, які знаходзіцца ў сталіцы краіне Бамака, колькасць «вагнераўцаў» у гэтай краіне вырасла з 1500 да 1600 чалавек.

Краіна ім патрэбная. Выданне згадвае заяву прадстаўніка амерыканскага Дзярждэпартамента Мэцью Мілера (Matthew Miller) ад 24 мая гэтага года пра тое, што Малі выкарыстоўвалася ПВК «Вагнер» для таго, каб паспрабаваць праз яе «закупіць вайсковую тэхніку ў замежных пастаўшчыкоў і перавезці гэтую зброю для выкарыстання ў вайне ва Украіне».

Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка

У Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы (ЦАР), па словах пасла Расіі ў гэтай краіне, у лютым 2023 года знаходзілася 1890 «расійскіх інструктараў». Байцы «Вагнера» прыбылі ў краіну афіцыйна ў якасці дарадцаў і вайсковых інструктараў. Яны таксама служаць у ахове прэзідэнта Фастэна-Аркаджа Туадэры (Touadera). Падтрымка «вагнераўцаў» дазволіла яму пераабрацца на новы тэрмін у 2020 годзе.

Сцвярджаецца, што ў абмен на такую падтрымку ПВК «Вагнер» атрымала доступ да кантрактаў на здабычу такіх рэсурсаў, як дыяменты, золата і драўніна.

«Вагнераўцы» зрабілі ЦАР базай для пашырэння ўплыву ў Малі і Судане. Як адзначаюць эксперты, цяпер галоўная задача для іх будзе заключацца ў захаванні мадэлі пранікнення ў дзяржаўныя структуры і эканамічнага рабаўніцтва, якое дагэтуль даказала сваю эфектыўнасць.

ЦАР — гэта таксама і тое месца, адкуль ПВК «Вагнер» вядзе сваю прапагандысцкую вайну супраць палітыкі заходніх краін у Афрыцы.

Судан

Трэцяя краіна, дзе прысутнічае ПВК «Вагнер», — Судан. Лічыцца, што гэтая краіна знаходзіцца пад найбольшым уплывам Расіі сярод астатніх краін Афрыкі. На думку назіральнікаў, асноўная мэта групы «Вагнера» тут — забяспечыць доступ Расіі да каштоўнай сыравіны, уключаючы радовішчы золата, марганцу, крэмнію і ўрану.

Як адзначаў урад ЗША, расійская кампанія «М-Інвест», якая базуецца ў Санкт-Пецярбургу, была звязаная з групай «Вагнера». У 2017 годзе былы ўрад Судана даў ёй канцэсію на разведку радовішчаў золата. «Вагнераўцы» таксама забяспечвалі бяспеку на залатых рудніках.

У Судане была заснаваная дачынная кампанія «М-інвест» — Meroe Gold, якую ўзначальвае блізкі сябар Прыгожына Міхаіл Пацёмкін.

Паводле расследавання, праведзенага Le Monde у партнёрстве з даследчым кансорцыумам «Праект асвятлення арганізаванай злачыннасці і карупцыі» (Organized Crime and Corruption Reporting Project — OCCRP), кампанія Meroe Gold узяла пад кантроль станцыю па ачыстцы адкідаў, здабытых з залатых руднікоў у мясцовасці Аль-Абідыя.

Як адзначае выданне, гэтая надзвычай прыбытковая дзейнасць можа дазволіць Расіі здабываць тоны золата з кантрабанды, такім чынам абыходзячы санкцыі Захаду.

Le Monde заўважае, што, нягледзячы на ​​​​афіцыйныя адмовы з боку ўладаў Судана, «Вагнер» падтрымлівае сувязі з рэгулярнай арміяй, асабліва з самым магутным ваенізаваным апалчэннем краіны — сіламі хуткай падтрымкі (FSR), на чале якога нумар два ў хунце, генерал Махамед Хамдан Дагла (Mohammed Hamdan Daglo), «Хемэці».

З моманту пачатку вайны ў Судане 15 красавіка паміж FSR і рэгулярнай арміяй генерала Аль-Бурхана (Al-Bourhane) апошні асуджаў падтрымку групоўкай Прыгожына войскаў «Хемэці».

Лівія

Адносна апошняй афрыканскай краіны, дзе прысутнічаюць «вагнераўцы», Le Monde заўважае, што тут іх будучыня пад пытаннем, бо заходнія краіны, у прыватнасці амерыканцы, узмацняюць ціск на мясцовых партнёраў, каб выціснуць расійскіх наймітаў.

Выданне адзначае, што пасля «наступлення на Трыпалі» (красавік 2019 — чэрвень 2020) ПВК «Вагнер» замацаваўся ў раёнах, якія кантраляваліся маршалам Халіфам Хафтарам (Khalifa Haftar), якога яны падтрымалі падчас гэтай наступальнай аперацыі Лівійскай нацыянальнай арміі супраць сіл Урада нацыянальнай згоды.

«Вагнераўцы» занялі пазіцыі, у прыватнасці, на нафтавых базах і вайсковых базах у Кірэнаіцы (усход краіны) ды Фецане (на поўдні).

Як адзначаецца ў артыкуле, спакой, які назіраецца ў краіне на працягу двух гадоў з паловай, дазволіў ахоўнай кампаніі засяродзіцца на нафтавым рабаўніцтве, дзякуючы яе разгортванню ў заліве Сірт і каля свідравін на поўдні.

Групоўка выкарыстоўвае Лівію ў якасці лагістычнага цэнтра паміж Сірыяй і Афрыкай, напрыклад, пры транзіце людзей і абсталявання ў Малі і ЦАР. Акрамя гэтага, «вагнераўцы» адыгрываюць важную ролю ў адраджэнні старых расійскіх амбіцый, якія заключаюцца ў ваенным стрымліванні Захаду на паўднёвым беразе Міжземнага мора.

Аднак з цягам часу, паводле слоў аднаго заходняга дыпламата, якога цытуе Le Monde, ПВК «Вагнер» у канчатковым выніку «ўзмацніў сябе», што выклікала напружанасць у стасунках з расійскім дзяржаўным апаратам.

У Лівіі, як і паўсюль у Афрыцы, як працягвае выданне, перабудова адносін паміж гэтай прыватнай вайсковай кампаніяй і Масквой толькі пачалася. 

Аднак, на думку французскай дыпламатычнай крыніцы, у кожным разе «ПВК «Вагнер» працягне сваё існаванне, з Прыгожыным ці без яго».

У іншай публікацыі Le Monde выказваецца думка, што якраз Афрыка стане тым месцам, дзе ўладальніку ПВК «Вагнер» будзе найбольш бяспечна.

Чытайце яшчэ:

Новы прэм’ер Малі год жыў у Мінску і дзесяць — у Маскве. Як былая французская калонія ператвараецца ў фарпост Расіі ў Афрыцы

Макрон абвясціў пра заканчэнне эпохі «французскай Афрыкі» 

СБУ: Сярод наёмнікаў ПВК «Вагнера» ў Судане ёсць двое беларусаў

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?