Скрыншот: Hulu / YouTube

Скрыншот: Hulu / YouTube

Культавы мультыплікацыйны серыял і шматразовы пераможца прэміі «Эмі» вяртаецца да прыхільнікаў пасля 10-гадовага чакання. «Футурама» дэбютавала ў 1999 годзе і адразу ж заваявала любоў гледачоў дзякуючы фірмоваму гумару і сатыры на сучаснае грамадства, а таксама праз пародыю на жанр навуковая фантастыка. Шоу было створана як навукова-фантастычны сатырычны мультсерыял для дарослых Мэттам Грэйнінгам і Дэвідам Коэнам, аўтарамі «Сімпсанаў» — самага працяглага і аднаго з самых папулярных шоу на амерыканскім тэлебачанні. Пасля апошняга сезона «Футурамы» ў 2013 годзе і амаль дзесяцігадовага перапынку з'явілася навіна, што стрымінгавы сэрвіс Hulu замовіў 20 новых эпізодаў серыяла. Першыя дзесяць эпізодаў ужо стартавалі 24 ліпеня — і выглядае, што фанаты не засмучаныя.

Тым не менш вам неабавязкова быць сапраўдным прыхільнікам «Футурамы», каб ацаніць новы сезон. Безумоўна, будзе шмат «велікодных яек» для даўніх прыхільнікаў, і некаторыя жарты былі б больш зразумелымі, калі вы хоць крыху знаёмыя з серыялам, але новыя сюжэтныя павароты зробленыя так, каб і новыя гледачы змаглі без праблем сачыць за падзеямі. Вядома, шмат што змянілася ў нашым свеце з 2013 года, а «Футурама» — серыял, у якім заўсёды любяць каментаваць бягучыя падзеі, нягледзячы на ​​тое, што дзеянне адбываецца ў XXXI стагоддзі. Таму шмат гэгаў будзе круціцца вакол з’яў і падзей, актуальных сёння.

Скрыншот: Hulu / YouTube

Скрыншот: Hulu / YouTube

Таксама ў серыяле ёсць месца і самаіроніі, якая суправаджае доўгачаканае вяртанне «Футурамы», калі робат Бэндэр (Джон Ды Маджыа) пытае: «Чаму маё піва нясвежае?»; ці калі ямайскі бюракрат Гермес (Філ Ламар) пасля перазагрузкі Сусвету (і серыяла) кажа, што адчувае сябе перазагружаным.

У самым першым эпізодзе «Немагчымы паток» яшчэ да пачатковых цітраў прафесар Фарнсварт (Білі Уэст) тлумачыць перамяшчэнне каманды герояў з 3000 года ў 3023 «вялізным збоем у плыні часу» (само сабой). Нагадаем, што ўсё пачалося з таго, што ў далёкім 1999-м годзе адзін з галоўных герояў Фрай (таксама Білі Уэст, які агучыў у серыяле шмат персанажаў) павінен быў даставіць замоўніку піцу. Выпадкова хлопец быў замарожаны ў крыягеннай камеры і адроджаны ў 3000-м годзе.

Выданне Gizmodo піша ў сваёй рэцэнзіі, што, хаця часам здаецца, што шоу нясецца наперад, спрабуючы ўпіхнуць пабольш улюбёных фанатамі персанажаў (Робат Д'ябал, Калькулон, Робат Санта-Клаус і, канечне, Гіпнажаба), усе старыя героі ўплеценыя ў сюжэт даволі далікатна, што робіць «Футураму» тым шоу, якім яна заўсёды была: з дзіўнымі адметнасцямі, разумнымі жартамі і персанажамі, якіх нельга не любіць, нават калі яны (часцей за ўсё) робяць не тое. Пераход да 2023 года здаецца настолькі лёгкім, наколькі можна сабе ўявіць, што выглядае найлепшым спосабам не толькі парадаваць былых прыхільнікаў, але і прывабіць новых.

Чытайце таксама:

Брытанская паліцыя злавіла 21 злачынцу метадам з мультфільма «Сімпсаны»

Стваральнік «Чорнага люстэрка» кажа, што выкарыстаў ChatGPT, каб паспрабаваць напісаць адзін з эпізодаў серыяла

Клас
24
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
1