refilling a hydrogen powered vehicle запраўка вадароднам аўтамабля заправка водородом автомобиля

Адна з прычын нізкага попыту на аўтамабілі на вадародзе ў Еўропе — адсутнасць заправачных станцый. Фота: Amr Nabil / AP Photo

Як адзначае Welt, у Германіі амаль няма пакупнікоў на аўтамабілі на вадародным паліве. У той жа час у Азіі такія вытворцы, як Toyota і Hyundai, робяць стаўку на такія мадэлі.

Па звестках Федэральнага ўпраўлення аўтамабільнага транспарту ў Германіі за пяць месяцаў гэтага года было зарэгістравана толькі 168 новых аўтамабіляў на вадародным паліве. За гэты ж перыяд рэгістрацыя новых электрамабіляў склала 184 тысячы.

Галоўная прычына — адсутнасць заправачных станцый. Па ўсёй краіне іх толькі 91. Кошт паліва там складае 13,85 еўра за кілаграм. На ім можна праехаць каля 100 кіламетраў. Істотны ўплыў на попыт аказвае і кошт такіх аўтамабіляў. Toyota прапаноўвае свой MIRAI за 66 тысяч еўра, а NEXO ад Hyundai абыдзецца ў 77 тысяч.

Як адзначае выданне, нават магчымасць хуткай запраўкі такіх аўтамабіляў (тры-чатыры хвіліны), якая параўнальная з запраўкай бензінам ці дызелем, не спрыяе попыту. Пакупнік адназначна выбірае электрамабіль.

Ад вадародных аўтамабіляў адмаўляюцца і вытворцы. Volkswagen Group будуе ўласныя вялізныя заводы па вытворчасці акумулятарных батарэй у Еўропе, Кітаі і Паўночнай Амерыцы.

Mercedes-Benz спыніў распрацоўку пасля невялікай серыі пазадарожнікаў на вадародзе і перадаў тэхналогію сваёй даччынай кампаніі Daimler Truck. Там вадародныя тэхналогіі мяркуецца выкарыстоўваць у цяжкіх грузавіках. Кампанія Opel прапануе невялікія фургоны на вадародзе невялікімі серыямі.

Выданне адзначае, што толькі канцэрн BMW застаецца адзіным прыхільнікам вадароднага аўтамабіля. Канцэрн запэўнівае, што серыйную вытворчасць такіх аўтамабіляў можа распачаць у любы момант. Але ў найбліжэйшы час гэта лічыцца малаверагодным.

BMW iX5 Hydrogen

BMW iX5 Hydrogen. Фота: bmw.pl

Яшчэ ў 2021 годзе канцэрн абяцаў, што ягоны аўтамабіль BMW iX5 Hydrogen выйдзе на рынак Еўропы да 2025 года. Але цяпер відаць, што гэта здарыцца не раней за 2030-я гады.

У той жа час, як піша Welt, лідарамі ў сферы вадародных аўтамабіляў застаюцца Toyota і Hyundai. Апошняя кампанія займаецца распрацоўкамі вадародных элементаў з 1998 года. У яе руках знаходзяцца тэхналогіі для ўсяго ланцужка вытворчасці. Яе вадародныя элементы выкарыстоўвае і BMW.

Як патлумачыў выданню нямецкі інжынер Рональд Грасман (Ronald Grasman), які адказвае за развіццё вадародных элементаў у Hyundai ў Сеуле,

«у Паўднёвай Карэі і Японіі не вядуцца фундаментальныя спрэчкі аб вадародзе ў транспартных сродках. У Карэі існуе грамадская думка, што будучая энергетычная сістэма будзе заснаваная на вадародзе, таму што краіна залежыць ад імпарту энергіі з-за мяжы».

На погляд Грасмана, нягледзячы на ​​​​тое, што эфектыўнасць вадароднай сістэмы значна ніжэйшая, чым у электрамабіля, ёсць прыклады, дзе вадарод мае большы сэнс не толькі для камерцыйных машын, але і для легкавых аўтамабіляў.

На мабільнасць таксама ўплывае наяўнасць вадароднай энергетычнай сістэмы, якую ў Паўднёвай Карэі сумесна пабудавалі буйныя кампаніі.

Фактычна Hyundai з'яўляецца лідарам сусветнага рынку легкавых аўтамабіляў на вадародзе. Па даных кампаніі, у мінулым годзе па ўсім свеце было прададзена 11 179 мадэляў NEXO. Гэта складае больш за 50% рынку такіх аўто.

Hyundai NEXO

Hyundai NEXO. Фота: Wikimedia Commons

Група таксама лічыць сябе піянерам у сферы камерцыйнага транспарту. У Карэі ўжо ездзяць 300 аўтобусаў на паліўных элементах Hyundai.

У Еўропе кампанія прасоўвае грузавікі-аўтапаязды на вадародным паліве. Так, у Швейцарыі іх налічваецца 47 штук. У канцы верасня гэтага года кампанія збіраецца паставіць 42 такіх аўто ў Германію.

Але, як адзначае выданне, Швейцарыя ў параўнанні з Германіяй мае перавагі. У гэтай краіне грузавікі могуць выкарыстоўваць зялёны вадарод, які выпрацоўваецца з дапамогай электрычнасці, атрыманай ад гідраэнергетыкі, што дае каля дзвюх трацін усёй электраэнергіі ў краіне. У Германіі такой магчымасці няма. Там гідраэнергетыка складае толькі 3% ад усёй энергавытворчасці.

Калі вадарод будзе атрыманы шляхам пераўтварэння прыроднага газу замест выкарыстання «зялёнай» электраэнергіі, то ўся сістэма перастане быць кліматычна нейтральнай.

Спецыялісты запэўніваюць, як піша Welt, што камерцыйныя грузавыя аўтамабілі на вадародным паліве стануць у Еўропе тым трыгерам, які дасць штуршок распаўсюджванню легкавых аўто, бо грузавікі патрабуюць у 50 разоў больш паліва, чым легкавыя аўтамабілі. Галоўная задача — стварыць сетку заправачных станцый.

Чытайце яшчэ:

Еўрасаюз забараняе пасля 2035 года выпускаць машыны на бензіне і дызелі

У Германіі сталі хадзіць пасажырскія цягнікі на вадародзе

«Зялёны вадарод» — заўтра сусветнай эканомікі. Вось як гэта будзе працаваць, на прыкладзе Намібіі

Клас
12
Панылы сорам
0
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
3
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?